(таксама бярэцца служба
СЬВЯТОГА СЬВЯТАМУЧАНІКА АЎТАНОМА)
Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“:
Сьвятое (тон 4). Хоць ты, Тадора, мела жаночае
цела, ты пасялілася сярод мужчынаў і пайшла шляхам подзьвігаў, пасільных ім,
стрымаўшы свае пажаданьні і ўтаймаваўшы цела нястомнымі малітвамі і пастом, і
нязьменнай пільнасьцю.
Сонца да захаду свайго ня бачыла ніколі, каб ты зграшыла.
Затое Незаходнае Сонца, Сэрцазнаўца Госпад, які бачыць рэчы ўтоеныя, угледзеў
цябе і асьвяціў сьвятлом пакаяньня вочы сэрца твайго, і ты дагаджала Яму
ўстрыманасьцю і дасканаласьцю дабрадзейнасьцяў.
Не разумеючы варожых падкопаў, ты, Тадора слаўная, палюбіла
бацькоўскай любоўю дзіця, якое не нарадзіла, і ўзгадоўвала яго, цярпліва
пераносячы незаслужанае ганьбаваньне ад людзей. Дзеля гэтага сьвяткуем тваю
пачэсную памяць.
Сьвятамучаніка (тон 4). Прасьветлены
дабрадзейнасьцямі, упрыгожаны набожнасьцю, ты быў Божым сьвятаром і, як яснае
сонца, прайшоў сьвет, сеючы паўсюль веру прапаведаваньнем, выкараняючы спакусы
сярпом языка твайго, мудры сьвятаначальніку і вялікі прапаведніку Аўтаноме.
Ты, Аўтаноме, пайшоў на вялікія мукі і мужнае змаганьне;
пабіты мноствам камянёў, ты зрабіў з іх лесьвіцу, па якой ты ўзышоў да Бога, як
пераможца, дзе разам з хорамі анёлаў молішся за ўвесь сьвет.
Упрыгожыўшы вопратку сваёй крывёю, ты, Аўтаноме сьвяты,
ласкаю Духа Сьвятога пайшоў на мукі і ўзышоў да нябесных харомаў, куды раней
узышоў наш папярэднік Ісус, і там атрымаў ад Бога вянок перамогі разам з усімі,
што пралілі кроў за Яго.
Слава... цяпер...
(Тон 4). Згодна з аб'яўленьнем анёла сёньня
родзіцца ад праведных Якіма і Ганны чысты плод – Дзева, неба і пасад Божы,
скарбніца чысьціні, – і прадвяшчае радасьць усяму сьвету. Яна – хадайніца жыцьця
нашага, адмена праклёну і крыніца блаславеньня. Дык у нараджэньні Тваім, Дзева
Богазваная, выпрасі супакою для сьвету і велічы зьмілаваньня для душаў нашых.
Вершапесьні
(Тон 8). Ганна бязьдзетная плакала горка, шчыра
жадаючы дзіцяці, і вось нарадзіла Дзяўчо, пахвалу ўсяго роду людзкога.
Верш: Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё.
Пачэснае нараджэньне ўсячыстае Дзевы, якою сьвет абнавіўся, у
песьнях уславім.
Верш: Вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе.
Радуйцеся, мудрыя прарокі, што ад імя Бога прадвяшчалі
будучыню, бо сёньня родзіцца Дзева, ад якое народзіцца Збаўленьне сьвету.
Слава... цяпер...
(Тон 4). Хай няплодная Ганна сёньня радасна
запляскае ў далоні, хай зямля прасьветліцца, хай уладары ўсьцешацца, сьвятары
хай узрадуюцца з блаславенства, і хай увесь сьвет сьвяткуе, бо вось Уладарка і
беззаганная Нявеста Айца з кораня Ясеевага ўзрасла. Ужо больш жанчыны ня родзяць
у болях дзяцей, бо радасьць закрасавала і жыцьцё для людзей запанавала на ўсім
сьвеце. Дары Якіма ўжо больш не адкідаюцца, і плач Ганны на радасьць
перамяняецца. „Хай радуецца са мною – кажа яна, – увесь абраны Ізраіль, бо
Госпад даў мне адухоўленую палату сваёй боскай славы для суцяшэньня, радасьці і
збаўленьня душаў нашых“.
Адпушчальныя трапары
Сьвятое (тон 8). У табе, маці, верна захаваўся
вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшла ўсьлед за Хрыстом і на справе навучала не
клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля
гэтага разам з анёламі радуецца, сьвятая Тадора, дух твой.
Слава...
Сьвятога (тон 4). Царква ведае цябе як пачэснага
сьвятаначальніка і вернага мучаніка. Яна кліча ўсіх на сьвята, каб ушанаваць
тваю сьвятую памяць, Аўтаноме, сьветачу красны і Тройцы ўгодніку. Малі за нас
адзінага Чалавекалюбца Бога.
Цяпер...
Сьвята (тон 4). Нараджэньне Тваё, Багародзіца
Дзева, радасьць абвясьціла ўсяму сьвету, бо з Цябе ўзышло Сонца праведнасьці,
Хрыстос Бог наш, які, адмяніўшы праклён, даў блаславеньне і, зьнішчыўшы сьмерць,
дараваў жыцьцё вечнае. |