На вячэрні ўсё, як 8 верасьня, апрача чытаньняў і ліцьці.
Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“:
(Тон 6). Сёньня Госпад, які сядзіць на анельскім
пасадзе, рыхтуе сабе пасад на зямлі. Той, які для сябе ў мудрасьці ўмацаваў
нябёсы, дзеля чалавекалюбства жывое неба стварыў, з няплоднага кораня
ўзрасьціўшы жыцьцядайны сад – Маці сваю. Божа, які творыш цуды, надзея
зьнявераных, слава Табе!
У гэты дзень Гасподні радуйцеся, людзі, бо вось зьявілася
Палата Сьвятла і Кніга Слова Жыцьця. Нарадзілася Тая, каго Пісаньне называе
ўсходняй Брамаю, праз якую павінен увайсьці Вялікі Сьвятар – адзіная, што
ўводзіць у сьвет адзінага Хрыста для збаўленьня душаў нашых.
Няплодныя жанчыны воляю Божаю некалі нараджалі дзяцей.
Нараджэньне Марыі пераўзышло ўсе іншыя славаю і красою. Нарадзіўшыся ад
няплоднае маці, Яна звышпрыродна з чыстага ўлоньня нарадзіла Бога ўсіх, стаўшыся
адзінай Брамаю адзінароднага Сына Божага, якую Ён, прайшоўшы праз Яе, пакінуў
зачыненаю і, усё мудра ўстанавіўшы, учыніў збаўленьне для людзей.
Сёньня няплодная стаецца маці, і дзявочая Брама Божая на
сьвет прыходзіць. Сёньня ласка Божая пачынае прыносіць плён, даючы сьвету Маці
Божую, у якой зямное з нябесным аб'ядноўваецца для збаўленьня душаў нашых.
Сёньня прадвяшчаецца сусьветная радасьць, сёньня павеяў
вецер, што нясе збаўленьне. Няплоднасьць нашае прыроды адмяняецца, і бязьдзетная
стаецца маці Тае, што засталася Дзеваю, нарадзіўшы Збавіцеля. Бог прымае ад Яе
людзкую прыроду, і тым, што зблудзілі ў целе, збаўленьне дае Хрыстос
Чалавекалюбец і Збаўца душаў нашых.
Сёньня няплодная Ганна родзіць Божае дзяўчо, ад усіх
пакаленьняў абраную быць жыльлём Уладара і Творцы Хрыста Бога для зьдзяйсьненьня
Божага провіду, якім мы адрадзіліся і абнавіліся, і ад тленнасьці перайшлі да
жыцьця бясконцага.
Слава... цяпер...
Сёньня Госпад, які сядзіць на анельскім пасадзе, рыхтуе сабе
пасад на зямлі. Той, які для сябе ў мудрасьці ўмацаваў нябёсы, дзеля
чалавекалюбства жывое неба стварыў, з няплоднага кораня ўзрасьціўшы жыцьцядайны
сад – Маці сваю. Божа, які творыш цуды, надзея зьнявераных, слава Табе!
Вершапесьні
(Тон 4). Радасьць сусьветная зазьзяла нам ад
праведных Якіма і Ганны – усяхвальная Марыя, якая дзеля сваёй беззаганнай
чысьціні сталася жывой сьвятыняю Бога і адзінай існай Багародзіцаю. Малітвамі
Яе, Хрысьце Божа, пашлі сьвету супакой і душам нашым веліч зьмілаваньня.
Верш: Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё.
Згодна з аб'яўленьнем анёла сёньня родзіцца ад праведных
Якіма і Ганны чысты плод – Дзева, неба і пасад Божы, скарбніца чысьціні, – і
прадвяшчае радасьць усяму сьвету. Яна – хадайніца жыцьця нашага, адмена праклёну
і крыніца блаславеньня. Дык у нараджэньні Тваім, Дзева Богазваная, выпрасі
супакою для сьвету і велічы зьмілаваньня для душаў нашых.
Верш: Вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе.
Хай няплодная Ганна сёньня радасна запляскае ў далоні, хай
зямля прасьветліцца, хай уладары ўсьцешацца, сьвятары хай узрадуюцца з
блаславенства, і хай увесь сьвет сьвяткуе, бо вось Уладарка і беззаганная
Нявеста Айца з кораня Ясеевага ўзрасла. Ужо больш жанчыны ня родзяць у болях
дзяцей, бо радасьць закрасавала і жыцьцё для людзей запанавала на ўсім сьвеце.
Дары Якіма ўжо больш не адкідаюцца, і плач Ганны на радасьць перамяняецца. „Хай
радуецца са мною – кажа яна, – увесь абраны Ізраіль, бо Госпад даў мне
адухоўленую палату сваёй боскай славы для суцяшэньня, радасьці і збаўленьня
душаў нашых“.
Слава... цяпер...
(Тон 8). Прыйдзеце, верныя, пойдзем да Дзевы, бо
вось родзіцца прадказаная Маці Бога нашага з кораня Ясеевага, скарбніца
дзявоцтва, жэзл Аарона, прароцкае прапаведаваньне, парастак Якіма і Ганны. Ейным
нараджэньнем сьвет абнаўляецца і Царква красуецца. Яна – хорам сьвяты і
скарбніца Боства, дзявочы посуд, палата Ўладара, у якой зьдзейсьнілася
невыказная тайна злучэньня аб'яднаных у Хрысьце дзьвюх прыродаў. Дык паклонімся
Яму і ўславім нараджэньне Бязьвіннае Дзевы.
Адпушчальны трапар
(Тон 4). Нараджэньне Тваё, Багародзіца Дзева,
радасьць абвясьціла ўсяму сьвету, бо з Цябе ўзышло Сонца праведнасьці, Хрыстос
Бог наш, які, адмяніўшы праклён, даў блаславеньне і, зьнішчыўшы сьмерць, дараваў
жыцьцё вечнае. (Тройчы)
|