Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 13 верасьня - Перадсьвяцьце Ўзвышэньня, памяць аднаўленьня царквы Ўваскрасеньня і сьвятога мучаніка Карніла


 

 

13 верасьня - Перадсьвяцьце Ўзвышэньня, памяць аднаўленьня царквы Ўваскрасеньня і сьвятога мучаніка Карніла

Вячэрня

Літургія

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

Аднаўленьня (тон 6). Стары Закон загадваў сьвяткаваць пасьвячаньне, нам жа выпадае цяпер спраўляць дзень аднаўленьня. Бо, як прарок Ісая кажа, астравы павінны абнавіцца перад Госпадам. Астравы ж гэтыя – цэрквы народаў, заснаваныя і пасьвячаныя Богу. Дзеля гэтага мы захоўваем памяць аднаўленьня духоўнага.

Абновімся сёньня, адклаўшы старога чалавека, што накладаў на нас абмежаваньні і сьмерць. Умярцьвім нашыя цялесныя пажаданьні, узьненавідзім благі плод дрэва і пачнем жыць новым жыцьцём, дзеля якога пакінем старое. Адновім наша пасьвячаньне на ўспамін гэтага дня.

Хрысьце, Слова спрадвечнае, Ты ўстанавіў Царкву Тваю як магутны стоўп, бо Ты заснаваў яе на скале веры: яна застаецца непахіснаю праз усе вякі, і Ты – які, нязьменны, стаўся чалавекам, – прабываеш з ёю да канца дзён. Дзеля гэтага славім і бласлаўляем Цябе, кажучы: „Уладару спрадвечны, слава Табе!“

Карніла (тон 4). Хрыстос, глянуўшы прыхільна на твае, Карніле, дабрадзейнасьці і малітвы, паслаў анёла свайго, які цябе прасьвятліў, і найвышэйшага сярод апосталаў, які абнавіў вадою і Духам цябе разам з усім домам тваім, і навучыў лепшаму жыцьцю сілаю Сьвятога Духа.

Памазаны алеем сьвятарства, ты, богаразумны Карніле, прайшоў шмат краінаў, каб абвяшчаць вестку Збаўленьня. Ты выкараніў церне ілжывых вучэньняў і пасеяў Духам праўдзівую веру. Таму мы радуемся і славім цябе, Карніле, як боганатхнёнага сьвятаначальніка і адважнага мучаніка.

Разумна рабілі тыя, што пераймалі твой, блаславёны, добры нораў і прыклад. Ты памёр і быў пахаваны паводле законаў прыроды, і магіла твая, боганатхнёны Карніле, сталася крыніцаю цудаў, што аздараўляе немачы і адганяе нячыстых духаў сілаю Духа Сьвятога.

Слава...

(Тон 6). Чынячы памяць абнаўленьня, мы славім і молім Цябе, Падаўца сьвятасьці і мудрасьці, добры і ўсемагутны Божа, асьвяціць нас малітвамі слаўных мучанікаў Тваіх.

Цяпер...

(Тон 2). Сёньня Крыж праслаўляецца, сёння няверныя гінуць і вера аб'яўляецца верным уладаром. Дрэва было прычынаю падзеньня Адама, і цяпер ад Дрэва крыжовага дэманы затрапяталі. Усемагутны Госпадзе, слава Табе!

Чытаньне трэцяй кнігі Царстваў

Саламон стаў перад ахвярнікам Госпада ў прысутнасьці ўсёй грамады Ізраільскай і, узьняўшы рукі да неба, казаў: „Госпадзе Божа Ізраіля! Няма іншага бога як Ты, ані ўгары ў небе, ані ўнізе на зямлі. Калі ж неба і нябёсы нябёсаў ня могуць Цябе зьмясьціць, як жа ж Ты будзеш жыць у гэтай сьвятыні, якую я збудаваў імю Твайму? Выслухай малітвы слугі Твайго і просьбу яго, Божа мой Госпадзе, і пачуй маленьні і малітвы, якія слуга Твой прыносіць Табе тут сёньня. Хай вочы Твае будуць заўсёды на гэтай сьвятыні, бо гэта месца, аб якім Ты сказаў: Там будзе імя Маё. Гэта месца прызначанае для слуханьня малітвы, якую чыніць слуга Твой удзень і ўночы. Дзеля гэтага пачуй малітвы слугі Твайго і народу Твайго Ізраіля, калі яны будуць маліцца на гэтым месцы. Ты ж выслухай іх на месцы жыльля Твайго ў небе, і будзь спагадлівы да іх“. (8:22-23, 27-30)

Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Госпад заснаваў зямлю мудрасьцю, і неба ўмацаваў розумам; Ягонай ведаю бездані раскрыліся, хмары пралілі расу. Сыне, не забудзь захоўваць мае рады і навуку, каб жыла душа твая, і ласка будзе на табе. Будзеш хадзіць бясьпечна па дарозе, і нага твая не спатыкнецца; будзеш спачываць без трывогі і, калі засьнеш, сон твой будзе салодкі. Ня будзеш ведаць наглага страху, ані трывогі ад нападу нязбожных. Бо надзея твая – Госпад. Ён будзе з табою на ўсіх шляхох тваіх, і не пахісьнешся. Не адмоў чыніць дабро таму, хто ў патрэбе, калі рука твая можа памагчы. Не кажы: ідзі сабе, прыйдзі пазьней, дам табе заўтра – калі можаш зрабіць гэта адразу. Не надумвай зла на бліжняга твайго, на прыхадня і таго, хто спадзяецца на цябе. Не спрачайся няслушна з нікім, каб не ўчыніў табе нешта дрэннае. Ня гневайся на крыўдзіцеля, не зайздросьці ягоным шляхом. Нячысты перад Госпадам кожны злачынца, а з праведнікамі Ён у прыязьні. Пракляцьце Гасподняе на доме нязбожных, Ён блаславіць жыльлё праведных. Госпад насьміхаецца з гордых, а пакорлівым паказвае ласку сваю. (3:19-34)

Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Мудрасьць збудавала сабе дом і вычасала сем стаўпоў да яго. Забіла свае ахвяры, зьмяшала віно і прыгатавала стол. Паслала слугаў сваіх склікаць голасна на пачастунак, кажучы: „хто прастадушны, хай прыходзіць да мяне“. А тым, што жадалі мудрасьці, казала: „хадзіце, ешце мой хлеб, піце віно, што я зьмяшала; пакіньце дурасьць – і будзеце жыць; хадзіце шляхамі разважнасьці“.

Хто жадае навучаць насьмешніка, накліча на галаву сваю няславу; а хто дакарае грэшніка, сам сабе шкодзіць. Не дакарай насьмешніка, бо ён цябе ўзьненавідзіць. Папраў мудрага, і ён цябе любіць будзе. Дай мудраму раду, і ён стане мудрэйшым. Навучы праведніка, і ён пабольшыць веды свае. Пачатак мудрасьці – страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога – розум. Дзякуючы мне дні твае падоўжацца, і памножыцца лік гадоў тваіх. (9:1-11)

Вершапесьні

(Тон 5). Радуйся, жыцьцядайны Крыжу, набожнасьці неадольная сіла, брама райская, верных умацаваньне, Царквы абарона! Табою тленнасьць была зьнішчаная і адмененая, і патаптаная сьмерці ўлада, і мы ўзьняліся ад зямлі да неба. Ты – зброя непераможная, бесаў пераможца, слава мучанікаў, сьвятых сапраўдная краса, прытулак збаўленьня, што дае сьвету веліч зьмілаваньня.

Верш: Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.

Радуйся, жыцьцядайны ўсепачэсны Крыжу, якім чалавецтва вызваляецца ад праклёну, існай радасьці знак, узвышаны на выгнаньне ворага. Ты – памочнік нас усіх, уладароў сіла, умацаваньне праведных, сьвятароў слава; знак твой – выбаўленьне ад злога; ты – жэзл сілы, што намі кіруе, зброя міру, якую са страхам акружаюць анёлы; Хрыста Бога слава, што дае сьвету веліч зьмілаваньня.

Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Радуйся, сляпых правадыру, нядужых лекару, уваскрасеньне памёрлых. Ты, Крыжу пачэсны, узьняў нас ад тленнасьці, у якую мы ўпалі; табою праклён быў зьнішчаны і закрасавала нятленнасьць, і мы, зямныя, абагавіліся, а д'ябал быў зьвержаны ўніз. Сёньня бачым цябе ўзвышаным рукамі архісьвятара, хвалім Таго, хто быў ўзьнесены на табе, і пакланяемся табе, што даеш нам шчодра веліч зьмілаваньня.

Слава...

(Тон 2). Сьвяткуем аднаўленьне царквы Ўваскрасеньня і славім Цябе, Госпадзе, які блаславіў яе ласкаю Тваёю і прыняў хвалу ад верных людзей Тваіх, што прынесьлі Табе чыстую бяскроўную ахвяру, даючы ім узамен ачышчэньне грахоў і веліч зьмілаваньня.

Цяпер...

(Тон 2). Быццам шматкаштоўны скарб схаваны ў зямлі, Крыж Жыцьцядаўца зьявіўся на небе Канстантыну цару як знак перамогі над ворагамі. І ён, усьцешаны Божай ласкаю, з вераю і любоўю жадаў бачыць яго ўзвышэньне і з вялікай пашанаю вынес яго з зямлі – для адкупленьня сьвету і збаўленьня душаў нашых.

Адпушчальныя трапары

Аднаўленьня (тон 4). Як на вышыні хараство небасхілу, так тут на зямлі Ты паказаў красу сьвятога дому славы Тваёй, Госпадзе. Малітвамі Багародзіцы захавай яго на вечныя часы і прымі тых, што няспынна моляцца ў ім, Жыцьцё і Ўваскрасеньне ўсіх.

Слава...

Сьвятога (тон 4). Як пераймальнік жыцьця апосталаў і намесьнік на іхнім пасадзе, высілкамі тваімі ты, боганатхнёны, ўзьняўся да богасузіраньня. Дзеля гэтага, слова праўды верна прапаведуючы, за веру да крыві пацярпеў ты, сьвятамучаніку Карніле. Малі Хрыста Бога збавіць душы нашыя.

Цяпер...

Перадсьвяцьця (тон 4). Жыцьцядайны крыж ласкі Тваёй, які Ты, Госпадзе, дараваў нам, недастойным, прыносім Табе ў маленьні і просім захаваць у супакоі краіну нашую і людзей Тваіх, малітвамі Багародзіцы, адзіны Чалавекалюбча.


Старонка 1 з 2 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст