Верш 1
Шануем слаўную памяць тваю, Богам праслаўлены Яне, прадвесьніча Гасподні, большы за ўсіх прарокаў: бо яны прапаведавалі словам Хрыста, а ты паказаў Яго пальцам, кажучы: "Вось Ягнё Божае, што бярэ грахі сьвету". Малі Яго каб нам даў веліч свайго зьмілаваньня.
Верш 2
Зачацьцем сваім ты бацьку свайго задзівіў; будучы ва ўлоньні маці, ты Тварца свайго спазнаў; і ўзрадаваўшыся з Ягонага прыйсьця, ты пакланіўся Яму, як сусьветнаму Ўладару; дзеля гэтага ты быў удастоены атрымаць сьветласьць ад незаходнага сьвятла, і быць пасьвячаным ва ўлоньні Маці. Таму і мы прыносім табе радасныя пахвалы, пачэсны Яне прадвесьніча.
Верш 3
Блаславёны Яне, ты атрымаў імя ад анёла, і нараджэньнем сваім шматлікіх людзей усьцешыў, як адзіны сын вялікага сьвятара, ты ад маладосьці выбраў служыць Богу, які цябе дастойна ўсхваліў, кажучы, што сярод народжаных ад жанчыны няма нікога большага за Яна Хрысьціцеля. Малі Яго даць нам на зямлі супакой, а пасьля сьмерці валадарства нябеснае.
Слава...
Ты паказаў нам усім анельскі спосаб жыцьця, усесьвяты Хрысьціцелю Гасподні, і прапаведаваў ясна Тройцу Сьвятую, пачуўшы голас з неба, які казаў Сыну і сьведчыў аб ім: "Ты Сын Мой любы, якога я ўспадабаў"; Бога Сына, якога Ты хрысьціў і рукой паказаў; Бога Духа Сьвятога бачыў у выглядзе голуба, які зыходзіцў на Яго. Такі чынам мы верныя навучыліся славіць Бога ў Тройцы Адзінага.
Цяпер...
Агідны Гэрад, не жадаючы пакінуць грэшнай сувязі з жонкай брата свайго, калі ты, салодкі настаўніча Яне, выкрыў яго, загадаў пасадзіць цябе ў вязьніцу і галаву адсячы; бессаромная танцорка прынесла яе на паўміску на праклятую бяседу. Мы ж, бачачы тваё жыцьцё, што зьзяе сьвятлом, і нявіннае адсячэньне сьвятой галавы тваёй, пяём і славім: Радуйся, пачэсны прадвесьніча і Хрысьціцелю Гасподні.
Акафіст
Кандак 1
Дастойны сьведка Хрыстовы, пра цябе вось што кажа евангілста: "Быў чалавек пасланы ад Бога, імя яму было Ян; ён прыйшоў на сьведчаньне, каб сьведчыць аб сьвятле, каб усе паверылі Яму". Дык вось і мы, маючы веру ў Хрыста згодна з тваім сьведчаньнем, пяём Яму ўсе: Алілуя. |