|
|
|
|
|
|
Малітва ў Тройцы адзінаму Богу ў нядзелю раніцай |
Творча і Ўладару ўсіх, Божа мой і Збавіцелю, Цябе ўзьвялічваю, Табе малюся, Цябе ўслаўляю, і да Цябе я, нягодны, прыпадаю; бо Ты ўчыніў мяне дастойным бачыць сёньняшні дзень сьвятога Твайго ўваскрасеньня, і не скараціў бескарыснага жыцьця майго дзеля грахоў маіх. Бачу, Госпадзе, невыказныя даброты Твае, і пазнаю бязьмежную міласэрнасьць Тваю: бо Ты прывёў мяне з нябыту да быцьця і ўпрыгожыў сваім вобразам; душою і розумам Ты зрабіў мяне роўным анёлам, целам і моваю ўзвысіў мяне над жывёламі. Да ўсяго гэтага Ты даў мне пазнаць Цябе, Бога ў Тройцы адзінага, і хрышчэньнем вырваў мяне з моцы злога ворага; Ты даў мне навуку і закон збавенны, і абяцаў уваскрасеньне і жыцьцё вечнае. Над усё Ты захацеў сысьці з пасаду Твайго нябеснага дзеля нас, ступіць на зямлю і ва ўлоньні Усячыстае Дзевы цела падобнае людзкому прыняць, трыццаць тры з паловаю гады на зямлі пражыць, усе нашы цяжкасьці і боль на сабе дасьведчыць, і самому памерці, каб нас ажывіць. Будучы пакладзеным у магілу, Ты нас ад пекла выбавіў. Уваскросшы з мёртвых, нам шлях да валадарства нябеснага адчыніў. Госпадзе Божа мой, што дам за ўсё, што Ты ўчыніў для мяне? Імя Тваё сьвятое клічу і малюся Табе: дзеля бязьмежнае любові Тваёй, якую Ты маеш да роду людзкога; дзеля жыцьцядайнай магілы Тваёй і Твайго ўсяхвальнага трохдзённага ўваскрасеньня, прымі ад мяне гэтыя прачулыя малітвы і даруй мне адпушчэньне грахоў, здароўе цела, розуму прасьвятленьне, ад смутку вызваленьне, ад недамаганьняў выздараўленьне, на зямлі сумленнае і працавітае жыцьцё, ад варожай няволі вызваленьне, за грахі горкі жаль, а пасьля сьмерці валадарства нябеснае на ўсе вякі. Амін. |
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|