Уладару Госпадзе, усемагутны Цару, да апосталаў сьвятых Тваіх з пакорнай душой прыпадаю, бо веру, Збавіцелю, што малітва выбраных Тваіх да Цябе можа шмат. Дзеля гэтага малюся табе, сьвяты апостале Пётра, першапасадніча апостальскі, цьвёрды камень верыХрыстовае, непарушная аснова Царквы Хрысьціянскае, пастыру статку Хрыстовага, ключару валадарства нябеснага, рыбаку ў глыбінях няведаньня: хай абдыме мяне Боская твая сець, і хай выцягне мяне са згубнай глыбіні. Ведаю, што ты прыняў уладу ад Бога зьвязваць і разьвязваць, дык разьвяжы мяне зьвязанага путамі грахоўнымі.
Паўле, любы Хрыстовы, посудзе выбраны, нябесны чалавеча, зямны анёле, настаўніча ўсіх народаў, труба царкоўная: ты зазнаў шмат бедаў дзеля імя Хрыстовага, мора перамерыў і зямлю абышоў, і нас ад спакусы ідальскае адвярнуў. Цябе клічу, не пагардзі мною з асьлеплымі вачыма душы маёй, выцягні мяне з сеці варожае, і ўмацуй чыніць волю Божую.
Сьвяты вялікі Яне багаслове, дастойны посудзе, наперсьніку Хрыстовы, арол высакалётны, Божых тайніцаў апавядальніку, пахвала Эфэская, настаўніку Патмаса, евангелісьце Ісусавы, памаліся за мяне грэшнага да шчодрага Ўладара, які цябе любіць, бо твая малітва можа шмат.
Сьвяты Лукашу, Боскі евангелісьце, дзеяньняў апостальскіх складальніку, духоўны скарапісцу, багамудры лекару, малі Тварца майго, каб Ён аздаравіў душу маю.
Сьвяты Марка Александрыйскі, сьветачу ягіпскі, непераможны леў, пахвала Вэнэцыі, Хрыстовых цудаў апісальніча, малі за мяне Чалавекалюбца Бога, каб Ён дараваў мне мае грахі.
Сьвяты Мацьвею, першы евангелісьце, што пакінуў мытніцу і ўсё грэшнае дзеля Хрыста, аб чыім уцелаўленьні ты ясна напісаў, малі Яго, каб Ён зьмілаваўся нада мною.
Сьвяты Андрэю, першапакліканы апостале Хрыстовы, што першы паказаў Пятру Мэсыю-Ісуса, Ахаю да боскай веры навярнуў, і сам за Хрыста, настаўніка твайго, на крыжы сьмерць прыняў; Сьвяты Якубе, браце Яна, першы мучаніча сярод апосталаў, ты, што Гішпанію і ўсе заходнія краіны целам сваім слаўна прасьвятляеш; Сьвяты Тамашу, апостале Хрыстовы, што ўдастоіўся ўлажыць два пальцы ў рэбры Ягоныя, ты Індыю і ўсе дзяржавы ўсходнія у веры Гасподняй умацаваў; Сьвяты Баўтрамею апостале, што не пашкадаваў скуры сваёй цялеснай, але даў яе зьдзерці дзеля Хрыста; Сьвяты Піліпе апостале, што прасіў Хрыста паказаць нам Айца свайго нябеснага; Сьвяты Тадэю, выбраны Божы апостале і ўсе вучні: прыміце ад мяне недастойнага гэтую пакорную малітву, і маліцеся Уладару, каб Ён даў нам на зямлі супакой, а пасьля сьмерці валадарства нябеснае. Амін.