|
|
|
|
|
|
Малітва пабожная да анёла апекуна |
Спрадвечны Божа ўсемагутны, Ты стварыў духі пасланцамі сваімі, і слугамі сваімі полымя агоню, і даў ім месца на вышыні, каб заўсёды бачылі Твой твар. Будучы Духам, Ты хацеў ад духаў мець пахвалу; Будучы Любоўю, Ты хацеў адчуць любоў ад іншых істотаў. Але шатан непакорлівы не захацеў аддаць пашану Табе, Тварцу свайму; загарэўшыся гордасьцю – ён і тыя, што да яго далучыліся, – ён зажадаў мець свой пасад паўночны. Яго бачыў Ты, Хрысьце, як ён, быццам маланка, з неба зьляцеў. Пасьля Ты стварыў жывёлы цялесныя неразумныя на зямлі, у моры і ў паветры, каб магла быць пазнаная Твая бязьмежная мудрасьць і невыказная дабрата. У канцы Ты стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства, каб заняў месца шатана, які адпаў: душою падобнага да анёлаў, а целам да жывёлаў. Ты ўчыніў яго мала меншым за анёлаў, славаю і пашанаю вянчаў. Ты даў яму ўладу над усімі зьвярамі, рыбамі і птушкамі, і да гэтага анёлам сваім загадаў, каб заўжды сьцераглі яго, як Ты сам гаварыў Майсею слузе Твайму: "Вось Я пасылаю анёла майго, ён пойдзе перад Табою, будзе ахоўваць цябе ў дарозе, і давядзе да месца, якое Я прыгатаваў табе; трымайся яго і слухай ягонага голасу, не пагардзі ім: не адпусьціцца табе, калі зграшыш, бо імя Маё у ім". Госпадзе Ўладару і Творча ўсякага стварэньня, дзеля такіх вялікіх і невыказных дабротаў, якія Ты ўчыніў роду людзкому, недастойныя малітвы нашы прымі, і як Ты сам загадаў мець у пашане анёла свайго, успамажы нас вялікай ласкаю Тваёю, каб нам ані словам, ані ўчынкам, ані думкаю не супраціўляцца сьвятой волі Тваёй і ахоўніку душ нашых і целаў; адпусьці нам грахі нашы, дай жаль сардэчны за беззаконьні нашы; бо анёлы Твае цешацца вельмі дзеля аднаго грэшніка, які пакаяўся. Цябе ж, сьветлы анёле, апекуне мой, прашу: прымі ад мяне гэтую малітву, захавай і навучы мяне, і папраў ва ўсіх учынках маіх. Бо ты, што сьцеражэш душу маю і цела, заўсёды бачыш твар Бога: дык малі Яго, каб Ён увёў мяне ў валадарства сваё разам з табою на вякі. Амін. |
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|