Сьвятар: Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, Ты явіў Тваю бязьмежную дабрыню і любоў да людзей, калі, сам бязьвінны, захацеў дабравольна пацярпець мучэньні і Крыжовую сьмерць, каб нас вызваліць з няволі грахоўнай, што вядзе да сьмерці, і дараваць вечнае жыцьцё. Мы, слугі Твае, сёньня аддаем Табе славу, падзяку і пакланеньне, і просім Цябе глянуць ласкава на ўсіх верных сыноў і дачок беларускага народу, якія нявінна цярпяць перасьлед, зьдзекі, зьнявагі, зьняволеньне і выгнаньне за тое, што яны любілі свой народ і жадалі яму лепшай долі і пашаны ягонай чалавечай і нацыянальнай годнасьці.
Дай, каб іхнія цярпеньні і ахвяры не былі дарэмнымі, але, як тое зерне, што ўпала ў зямлю, прынеслі багаты плён справядлівага міру, свабоды і шчасьлівай будучыні для беларускага народу і ўсяго сьвету. А ім самім дай хуткае вызваленьне, каб яны разам з усімі намі заўсёды радасна славілі ўсесьвятое і пачэснае Імя Тваё.
Бо Ты – Крыніца і Падаўца ўсяго добрага, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з Усесьвятым, Добрым і Жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. |