Сьвятар, апрануты ў епітрахіль і фелон, робіць знак крыжа над тым (той), што хоча хрысьціцца (“пакліканым” або “пакліканай”) і, усклаўшы руку на галаву яго (яе), моліцца:
Сьвятар: Госпаду памолімся.
Госпадзе Божа праўды, у імя Тваё, і адзінароднага Твайго Сына, і Духа Твайго Сьвятога, ускладаю руку маю на слугу Твайго (Тваю) ..., што ўдастоіўся (удастоілася) прыбегчы да сьвятога імя Твайго і знайсьці прытулак пад ценем крылаў Тваіх. Адгані ад яго (яе) старую ману, напоўні яго (яе) вераю ў Цябе, надзеяю і любоўю, каб зразумеў (зразумела), што Ты адзін – Бог сапраўдны, Ты і адзінародны Твой Сын, Госпад наш Ісус Хрыстос, і Сьвяты Дух Твой. Дай, каб ён (яна) заўсёды захоўваў (захоўвала) запаветы Твае і чыніў (чыніла) прыемнае Табе: бо хто так паступае, жыць будзе. Запішы яго (яе) ў Тваёй кнізе жыцьця, злучы яго (яе) са статкам спадчыны Тваёй, каб у ім (ёй) праславілася імя сьвятое Тваё, і любага Сына Твайго, Госпада нашага Ісуса Хрыста, і жыватворчага Твайго Духа. Хай вочы Твае глядзяць на яго (яе) заўсёды міласэрна, і вушы Твае хай пачуюць голас маленьня яго (яе). Учыні, каб ён знайшоў (яна знайшла) радасьць у творах рук сваіх, і ва ўсім родзе яго (яе), і каб пакланяўся (пакланялася) Табе, славіў (славіла) сьвятое і велічнае імя Тваё, і аддаваў (аддавала) Табе хвалу праз усе дні жыцьця свайго.
Бо Цябе славяць усе сілы нябесныя, і Твая ёсьць слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар: Госпаду памолімся
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Госпадзе сілаў, Божа Ізраіля, што ацаляеш усякую немач і лечыш усякую рану, глянь на слугу Твайго (Тваю) ... дасьледуй і выпрабуй яго (яе), і адхілі ад яго (яе) ўсякае дзеяньне д'ябальскае. Забарані нячыстым духам, адгані іх ад яго (яе) і ачысьці твор рук Тваіх сілаю Тваёю; скрышы шатана пад ногі яго (яе) і дай яму (ёй) перамогу над ім і над усімі нячыстымі духамі; каб, атрымаўшы ласку ад Цябе, ён удастоіўся (яна ўдастоілася) несьмяротных нябесных Тваіх тайнаў і Табе славу аддаваў (аддавала), Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар: Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Уладару Госпадзе, Ты стварыў чалавека на вобраз Твой і падабенства, і даў яму ўладу вечнага жыцьця; а калі ён адпаў ад Цябе праз грэх, Ты не пагардзіў ім, але ўладкаваў збаўленьне сьвету праз учалавечаньне Хрыста Твайго. Выбаў цяпер вось і гэтага (гэтую) слугу Твайго (Тваю) ад варожых напасьцяў, прыймі яго (яе) ў валадарства Тваё нябеснае, адчыні вочы ягоныя (ейныя), каб зазьяла ў ім (ёй) сьвятло Евангельля Твайго; дай яму (ёй) за спадарожніка жыцьця сьветлага анёла, які б ахоўваў яго (яе) ад усякіх подступаў ворага, ад сустрэчы са злым і ад думак нячыстых. Адгані ад яго (яе) ўсякага нячыстага і злоснага духа, які хаваецца ў закутках сэрца яго (яе): духа спакусы, духа злосьці, духа ідалапаклонства, духа пажадлівасьці, духа маны і ўсякай нечыстасьці, што дзейнічаюць, навучаныя д'яблам. І ўчыні яго (яе) авечкай духоўнага статку Хрыста Твайго, пачэсным членам Царквы Тваёй, сынам і спадкаемцам (дачкою і спадкаемніцаю) валадарства Твайго; каб, жывучы згодна з Тваімі запаветамі, захаваўшы пячаць непарушанаю і вопратку душы неапаганенаю, атрымаць яму (ёй) даброты сьвятых у валадарстве Тваім. Ласкаю, міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыцьцядайны Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар пытаецца ў таго, хто жадае хросту (у выпадку малога дзіцяці – хросных бацькоў, якія адказваюць за яго):
Сьвятар: Ці адракаешся ад шатана і ўсіх ягоных справаў і дзеяньняў?
Пакліканы (пакліканая): Адракаюся.
Сьвятар: Ці жадаеш злучыцца з Хрыстом.
Пакліканы (пакліканая): Жадаю.
Сьвятар: Ці верыш Яму?
Пакліканы (пакліканая): Веру Яму, як Уладару і Богу.
(І гаворыць Вызнаньне веры): Веру ў адзінага Бога Айца, усемагутнага, Тварца неба і зямлі, бачнага ўсяго і нябачнага; і ў адзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі; сьвятло ад сьвятла, праўдзівага Бога ад праўдзівага Бога, народжанага, нястворанага, адзінасутнага з Айцом, праз якога ўсё стала быць. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня зышоў з неба, прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы і стаўся чалавекам; быў укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце, цярпеў і быў пахаваны; і на трэці дзень уваскрос згодна з пісаньнямі; і ўзышоў на неба, і сядзіць па правай руцэ Айца; і зноў прыйдзе ў славе судзіць жывых і мёртвых, і Яго валадарству ня будзе канца. Веру ў Духа Сьвятога, Госпада, жыватворчага, які ад Айца паходзіць, якому належыцца пакланеньне і слава разам з Айцом і Сынам, які гаварыў праз прарокаў. У адзіную, сьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў. Чакаю ўваскрасеньня мёртвых і жыцьця будучага веку. Амін.
Сьвятар: Ці Ты зьяднаўся (зьядналася) з ХрыстомА
Пакліканы (пакліканая): Так, я зьяднаўся (зьядна-лася) з Ім.
Сьвятар: Дык пакланіся Яму.
Пакліканы (пакліканая): Пакланяюся Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, Тройцы адзінасутнай і неразьдзельнай.
Сьвятар: Блаславёны Бог, які жадае, каб усе людзі атрымалі збаўленьне і прыйшлі да пазнаньня праўды, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Сьвятар: Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Уладару Госпадзе, Божа наш, пакліч слугу Твайго (Тваю) ... да сьвятога Твайго прасьвятленьня і зрабі яго (яе) дастойным (дастойнай) вялікае ласкі сьвятога Твайго хрышчэньня; змый з яго (яе) старога чалавека і абнаві яго (яе) для вечнага жыцьця, напоўні яго (яе) сілаю Твайго Сьвятога Духа ў еднасьці Хрыста Твайго, каб ён (яна) больш ня быў (была) дзіцём цела, але дзіцём Твайго валадарства. Блаславеньнем і ласкаю адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыцьцядайны Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін. |