Сьвятар: Блаславёны Бог наш на ўсе часы, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй беззаконьні нашы; Сьвяты, наведай і ацалі немачы нашы дзеля Твайго імя. Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін
Трапар (тон 6). Зышлі з нябёсаў ласку, Жыцьцядаўца, і гэтую ваду асьвяці, і ад усякага благоцьця зрабі яе ачышчэньнем.
Сьвятар: Госпаду памолімся.
Божа, вялікі ў імені сваім, Ойча Госпада нашага Ісуса Хрыста, Ты адзіны творыш незьлічоныя цуды! Голас Твой загучаў над водамі вялікімі, і тыя, учуўшы, спалохаліся, і скалануліся бездані, і загулі шматлікія воды; шляхі Твае праляглі па моры, і сьцяжыны Твае – нябачнымі сьлядамі па водах вялікіх. Ты Хростам адзінароднага Сына свайго ўцелаўлёнага, і зыходам на Яго Усесьвятога Духа ў выглядзе голуба, і сваім айцоўскім голасам асьвяціў струмені Ярданскія. Цябе сёньня мы, нягодныя слугі Твае, пакорна молім і просім: зышлі ласку Усесьвятога свайго Духа на гэтую ваду, і блаславі яе нябесным сваім блаславеньнем, ачысьці і асьвяці яе, і даруй ёй ласку і блаславеньне Ярданскае, і сілу ачышчаць усякае благоцьце, ацаляць усялякую немач, адганяць д’яблаў і ўсе іхнія паклёпы і подступы. Сілаю, дзеяньнем і ласкаю Усесьвятога Духа, дай ёй моц для усіх слугаў Тваіх, што з вераю п’юць і бяруць яе, і акрапляюцца ёю, адпускаць грахі, суцяшаць жарсьці, адганяць усякае зло, памнажаць дабрадзейнасьці, ацаляць хваробы, асьвячаць і бласлаўляць дамы і ўсялякія месцы, адганяць усякае шкоднае і згубнае паветра, і атрымліваць Тваю ласку.
Бо Ты Той, хто бласлаўляе і асьвячае ўсё, Божа наш, і Табе славу аддаем, з адзінародным Твам Сынам, і з усесьвятым, і добрым, і Жыватворчым Тваім духам, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін
Сьвятар: Мір усім.
Людзі: І твайму духу.
Сьвятар: Галовы вашы Госпаду схіліце.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: (ціха) Прыхілі, Госпадзе, вуха сваё і пачуй мяне, Ты, што воды Ярданскія асьвяціў зьяўленьнем Хрыста Твайго , і блаславі ўсіх нас, якія схіляем шыі свае на знак паслушэнства Табе; зрабі нас годнымі напоўніцца Тваім асьвячэньнем праз прыняцьце гэтай вады, і каб яна была нам на здароўе душаў і целаў.
(Уголас) Бо Ты асьвячэньне наша, і Табе славу аддаем, з адзінародным Тваім сынам, і ўсесьвятым, і добрым, і жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Тады святар крыжом або пальцамі правай рукі тройчы робіць у вадзе знак крыжа, сьпяваючы за кожным разам:
Трапар (тон 1): Збаў, Госпадзе, людзей сваіх, і блаславі набытак свой, перамогу над ворагам даруючы, і крыжом ахоўваючы свой народ.
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.
Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін
Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.
Ойча, блаславі.
Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа, сьвятога ... і ... (імя сьвятога храму і дня) і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Людзі: Амін. |