і сьвятога Максіма Вызнаўцы (з 13 жніўня)
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...":
Мучанікаў (тон 3). Вы, слаўныя мучанікі, не
збаяліся ні агню ні мяча, ні злосьці лютага ворага, ні пашчаў львоў, ні катлоў з
варам, ні адсячэньня галавы, ні горкае сьмерці, на якую засудзілі вас мучыцелі,
адаслаўшы вас такім чынам да несьмяротнага Бога.
Слаўныя мучанікі, Вы атрымалі блаславёны і жаданы канец,
прадмет вашай вечнай надзеі; цяпер выліваеце струмені цудаў, суцішаючы полымя
пажаданьняў цялесных і душэўных для тых, што набожна спраўляюць памяць вашу.
Фоці слаўны і багамудры Анікіта – адважная пара, упрыгожаная
зьзяньнем Тройцы і апранутая ў красу ранаў, – з анёламі вечна радуюцца і даюць
прасьвятленьне і разуменьне тым, што з вераю спраўляць іхнюю памяць.
Максіма (Тон 4). Той, хто дзеля літасьці да нас
дабравольна стаўся чалавекам, паказаў, што мае дзьве волі і два дзеяньні: так
ты, Максіме, навучаў і зачыняў вусны бессаромнікаў. Ты ўвесь час прапаведаваў
супраць тых, што, спакушаныя д'яблам, цьвердзілі, што Хрыстос мае толькі адну
волю і адно дзеяньне.
Блаславёны Максіме, ты сілаю вучэньня твайго змусіў
замоўкнуць ілжывага Піра; за гэта ты цярпеў перасьлед і выгнаньне, і адсячэньне
языка і правае рукі, якую ты заўсёды ўзносіў у малітве да Бога і якою ты пісаў
твае натхнёныя словы.
Быццам пяро, абмочанае Духам, быў твой, блаславёны Максіме,
язык, які ласкаю пісаў на табліцах сэрцаў нашых закон Боскіх дабрадзейнасьцяў і
яснае вучэньне аб уцелаўленьні ў дзьвюх прыродах і адной асобе Хрыста.
Слава ...:
(Тон 8). Шануем цябе, ойча Максіме, як духоўнага
правадніка, які паказаў нам, як ісьці па правым шляху. Блаславёны ты, бо ты
служыў верна Хрысту і асудзіў і выкрыў моцнага ворага. Цяпер ты прабываеш з
анёламі і з усімі сьвятымі. Разам з імі маліся Госпаду даць зьмілаваньне душам
нашым.
Цяпер ...:
(Тон 8). Змрок Законны праясьнеў сёньня сьветлай
хмараю перамяненьня; Майсей і Ільля, удастоіўшыся ў ёй бачыць зьзяньне славы,
усклікнулі: "Ты Бог наш і Ўладар спрадвечны!".
Вершапесьні
(Тон 2). Наблізімся да Таборскай гары, каб бачыць
славу Хрыста, нашага Збавіцеля і ўладара ўсіх.
Верш. Тваё ёсьць неба і Твая зямля.
Збавіцелю мой, Ты зьявіўся на гары Таборскай разам з Майсеем
і Ільлёю, і выбраныя вучні твае бачылі, як Ты зьзяеш ярчэй за сонца.
Верш. Табор і Гэрмон у імю Тваім узрадуюцца.
Выбраныя вучні Твае, пачуўшы голас Айца, які прагалошваў
славу Тваю, палі ніцма на зямлю.
Слава ...:
(Тон 6). Ойча сьвяты, па ўсёй зямлі разышлася
вестка аб тваіх добрых учынках; ты атрымаў узнагароду ў небе за твае высілкі,
якімі ты перамог дэманаў і ўдастоіўся быць спаўжыхарам анёлаў, жыцьцё якіх ты
пераймаў на зямлі. Маючы вялікі давер у Хрыста Бога, прасі ў яго супакою душам
нашым.
Цяпер ...:
(Тон 5). Паказаўшы крыху Боства Твайго тым, што
ўзышлі з Табою на гару, Ты, Збавіцелю, зрабіў іх удзельнікамі Тваёй бязьмежнай
славы, і яны ўсклікнулі: "Добра нам тут". З імі разам і мы Цябе, Хрысьце
Збавіцелю, што перамяніўся на гары, няспынна славім.
Адпушчальныя трапары
Мучанікаў (тон 4).
Мучанікі Твае, Госпадзе, у цярпеньнях вянцы нятленныя атрымалі ад Цябе, Бога
нашага: маючы сілу Тваю, яны перамаглі мучыцеляў і зьнішчылі дэманаў нікчэмную
дзёрзкасьць. Малітвамі іх збаў душы нашыя.
Слава ...:
Сьвятога (тон 8). Правай веры настаўнік,
набожнасьці прыклад і чысьціні, сьветач сусьветны, Богам натхнёная сьвятароў
аздоба, Максіме мудры, навукаю тваёю ты ўсіх прасьвятліў, жалейка духоўная. Малі
Хрыста Бога збавіць душы нашыя.
Цяпер ...:
Перамяненьня (тон 7). Перамяніўся Ты на гары,
Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім, наколькі яны маглі ўспрыняць, славу Тваю.
Хай і для нас зазьзяе сьветласьць Твая вечная малітвамі Багародзіцы.
Сьветладаўча, Слава Табе! |