НЯДЗЕЛЯ ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Плачу і сумую, калі думаю пра страшны дзень расплаты, і не знаходжу ва ўчынках маіх адказу за правіны мае. Таму малюся: "Перш, чым прыйдзе неспадзявана канец і сьмерць скосіць мяне, перш, чым мне стаць на апошнім судзе і атрымаць прысуд на нязгасны агонь і беспрасьветную цемру, дзе чэрві і скрыгат зубоў, і грэшнікі гібеюць – дай мне, Хрысьце мой, вызваленьне ад грахоў у вялікай міласэрнасьці Тваёй".
Я, няшчасны, занядбаў законы і пісаньні, і адкінуў прыказаньні Твае, Божа і Творча мой: як цяпер уцяку ад кары, што чакае мяне? Але Ты, Збавіцелю, перш чым прыйдзе канец, дай мне прабачэньне, струмені сьлёз і дух шчырага жалю, адгані варожыя сілы, што намагаюцца зьвесьці мяне ў пякельную бездань. Малюся Табе, добры Божа, не адымі ад мяне Тваёй магутанай рукі.
Гора мне! Розум мой пацямнеў, і я, няшчасны, аддаліўся ад Цябе, і ўсе сілы трачу ў грахох, аддаўшы сябе пад уладу цялесным пажаданьням, што жывуць ува мне. Цяпер чакаю канца майго жыцьця і кары, што чакае мяне. Госпадзе добры, які даеш сьвету веліч зьмілаваньня Твайго, дай мне сьлёзы жалю і адпушчэньне правінаў, малюся шчыра Табе.
Багародзічны. Ты, Усячыстая, сапраўды пасад хэрувімскі, вышэйшя за анёлаў, бо ў Табе пасялілася Божае Слова, каб абнавіць наш вобраз. У міласэрнасьці сваёй Ён нарадзіўся, узяўшы цела ад Цябе, і цярпеў мукі дзеля нас, і як Бог дараваў нам уваскрасеньне. Дзеля гэтага дзякуем Тварцу, які адмяніў прысуд нашай прыроды, і молімся, каб атрымаць заступніцтвам Тваім прабачэньне правінаў і веліч зьмілаваньня.
Вершапесьні
Госпадзе, не перастаю грашыць і не хачу зразумець Тваёй спагадлівасьці да мяне. Разьвей маё неразуменьне, Адзіны Добры, і зьмілуйся нада мною.
Госпадзе, я ў страху перад Табою, але не пакідаю рабіць зло. Хто на судзе не баіцца судзьдзі? Або хто, шукаючы ацаленьня, гнявіць лекара, як я Цябе? Даўгацярплівы Госпадзе, будзь спагадлівы да маёй слабасьці і зьмілуйся нада мною.
Ня дбаючы пра дачаснае і наважыўшыся мужна на мукі, вы, слаўныя мучанікі, ня страцілі надзеі блаславёных і атрымалі ў спадчыну нябеснае валадарства. Маючы ласку ў чалавекалюбнага Бога, прасіце Яго даць сьвету супакой і душам нашым веліч зьмілаваньня.
Багародзічны. Страшная і вялікая тайніца! Незьмяшчальны ва ўлоньні зьмяшчаецца, і Маці пасьля родаў застаецца Дзеваю, нарадзіўшы Бога, які ад Яе прыняў цела. Разам з анёламі мы хвалім Яго і славім у песьнях, усклікаючы: "Сьвяты Ты, Хрысьце Божа, які дзеля нас стаўся чалавекам. Слава Табе!" |