Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Серада (Тон 5) (Вячэрня)


 

 

Серада (Тон 5) (Вячэрня)

АЎТОРАК УВЕЧАРЫ


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Узьнесены, быццам Ягнё, на крыжы, Ты нізьверг гордасьць хітрага ворага; забіты, Ты крывёю сваёю асьвяціў усю зямлю; прабіты кап'ём, Ты, Хрысьце, загадаў вогненнаму мячу адступіцца і даць мне ўваход у рай, каб пакаштаваць бяз страху з дрэва жыцьця. Збаўлены мукамі Тваімі, радасна клічу: "Слава Боскаму крыжу Твайму, якім я быў вызвалены ад першаснага праклёну, атрымаў блаславеньне з дрэва жыцьця і веліч зьмілаваньня!"

Каб суняць боль людзкі і зьнявагі, Ты, добры Госпадзе і Збавіцелю мой, пацярпеў ганебнае расьпяцьце. Сам нязлосны, Ты, Слова, пакаштаваў жоўці, каб адняць горыч нашай злосьці; быў паранены кап'ём у бок, каб ацаліць нашыя раны. Дзеля гэтага пакланяемся Твайму слаўнаму жаданьню і аддаем пашану кап'ю, губцы і трысьціне, якімі Ты дараваў сьвету супакой і веліч зьмілаваньня.

"Як гэта Цябе, літасьцівы Ісусе, зборышча беззаконных бязьлітасна асудзіла на ўкрыжаваньне? – Дзева з плачам казала, калі ўбачыла ўзьнесенага на крыжы Цябе, якога Яна нарадзіла бяз болю. – Што яны ўчынілі Табе, Дзіця маё жаданае, Сыне мой любы? Сьпяшайся і, як абяцаў, у дабрыні Тваёй, збаў тых, што славяць расьпяцьце Тваё і ўзьвялічваюць мяне!"

Крыжабагародзічны. Убачыўшы Ягнё сваё, што сьпяшалася на сьмерць, Маці Ягоная пайшла за Ім і з плачам казала: "Куды ідзеш, Хрысьце, Дзіця маё любае? Чаму сьпяшаешся ісьці гэтым шляхам, Даўгацярплівы? Ісусе жаданы, бязгрэшны і шматміласэрны Госпадзе, Сыне мой, дай слова мне, слузе Тваёй, не збывай маўчаньнем мяне, што ў невыказны спосаб нарадзіла Цябе – Жыцьцядаўца Бога, – які даеш сьвету веліч зьмілаваньня".


Вершапесьні

Некалі за Майсея прарока вобраз крыжа Твайго, Госпадзе, ворагаў перамагаў; сёньня ж мы, маючы на дапамогу сам крыж Твой, просім: "Умацуй царкву Тваю і даруй ёй перамогу, як некалі Канстантыну, у вялікай міласэрнасьці Тваёй".

Крыж Твой, Хрысьце, хоць зроблены з дрэва, апрануты ў Боскую моц, зьзяе на ўвесь сьвет і зьдзяйсьняе цудоўна нашае збаўленьне. Таму пакланяемся яму і славім Цябе, Збавіцелю. Зьмілуйся над намі!

Маліцеся за нас, сьвятыя мучанікі, каб нам выбавіцца ад беззаконьняў нашых, бо вам дадзеная ласка маліцца за нас.

Крыжабагародзічны. Узяўшы мой выгляд, Госпад і Бог апрануўся ў яго, каб упадобніцца да паўшага раней Адама. Ён узьняўся дабравольна на крыж, быццам вінаваты, рукі распасьцёр на ім, каб ацаліць рукі, што некалі аслабелі, калі пацягнуліся да дрэва спакусы. Усячыстая, угледзеўшы Яго, усклікнула: "Што гэта, Сыне мой, за невыказнае даўгацярпеньне? Не магу бачыць на крыжы Цябе, які ў руцэ сваёй трымаеш усе канцы зямлі".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст