АЎТОРАК УВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Дрэва выгнала мяне з раю, а цяпер, калі Ты, Хрысьце, быў расьпяты, дрэва зноў мяне да раю прывяло.
Страшны цуд: як гэта Творца стаў перад стварэньнем, быў асуджаны і расьпяты на збаўленьне людзям?
Крыжу Хрыстовы, радасьць анёлаў сьвятых, загуба для д'яблаў, збаў слуг тваіх.
Крыжабагародзічны. Найсьвятая Ўладарка Дзева, Маці Хрыста, які ў міласэрнасьці сваёй даў сябе прыбіць да крыжа і выліў сьвету струмені жыцьця, малі Яго цяпер за збаўленьне душаў нашых: Ты нашая адзіная заступніца, сьцяна і прыстанішча; дзеля гэтага мы, верныя, прыбягаем пад апеку Тваю.
Вершапесьні
Спадзеючыся на крыж Твой, мы маем доступ да дрэва жыцьця. Госпадзе, слава Табе!
Павешаны на крыжы, Ты, адзіны несьмяротны, зьнішчыў сеці д'ябальскія. Госпадзе, слава Табе!
Мучанікі сьвятыя, вы ня дбалі пра дачаснае і сьмела прапаведавалі Хрыста на судах, і атрымалі ад Яго ўзнагароду за мукі. Маючы асаблівую ласку ў Бога ўсемагутнага, маліце Яго збавіць душы ўсіх нас, якія прыбягаем да вас.
Крыжабагародзічны. Калі Ты ўбачыла Сына Твайго на крыжы, сэрца тваё, Усячыстая, было працятае болем. |