СЕРАДА ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Слаўныя апосталы, вы, узараўшы плугам богапазнаньня ўсю зямлю, узрасьцілі мноства верных.
Разьвейце зіму маіх пажаданьняў і прасьвятліце мяне чыстым лагодным сьвятлом, блаславёныя апосталы.
Як вучні Слова, вы ад бяздумнасьці да пазнаньня Бога прывялі мноства народаў.
Багародзічны. Малітвы слугаў Тваіх, Усячыстая, занясі да Сына Твайго, каб Ён збавіў тых, каго стварыў.
Вершапесьні
Апосталы слаўныя, стаўпы царкоўныя, прапаведнікі праўды, ясныя сьветачы, агнём духоўным вы спалілі ўсякую ману і вераю прасьвятлілі род людзкі. Дзеля гэтага просім вас: "Маліце Бога і Збавіцеля нашага, каб Ён даў супакой сьвету і збавіў душы нашыя".
Апосталы Хрыстовыя, працаўнікі Збавіцеля, узяўшы крыж, быццам плуг, вы ачысьцілі зьдзірванелую ідальскай маною зямлю і засеялі яе словам веры. Дзеля гэтага славім вас.
Усяхвальныя мучанікі, авечкі духоўныя, Богу прыемныя ахвяры цэлапальныя: вас зямля не змагла схаваць, а неба прыняла вас, і вы сталіся спаўжыхарамі анёлаў; дык разам з імі маліце, просім вас, Збавіцеля і Бога нашага, даць сьвету супакой і збавіць душы нашыя.
Багародзічны. Усхвалім адзіную Маці Бога Слова, якая пасьля родаў засталася чыстаю Дзеваю, і ўсклікнем: "Слава Табе!" |