Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Каноны нядзельныя крыжаўваскросныя і багародзічныя - Тон 2


 

 

Каноны нядзельныя крыжаўваскросныя і багародзічныя - Тон 2

Песьня 1

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Ідучы па нязвыклым нязьведаным шляху, выбраны Ізраіль прайшоў сухімі нагамі мора і ўсклікнуў: "Пяем Госпаду, бо Ён праславіўся!"

Сілаю нямоглых, уваскрасеньнем заняпалых і нятленнасьцю памёрлых Ты, Хрысьце, стаўся цярпеньнямі цела Твайго і праславіўся.

Каб явіць ласку заняпаламу свайму вобразу і ўзьняць пакорных, Творца, Бог і Аднавіцель сьмерцю сваёю ўсіх ажывіў, і праславіўся.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Духоўная лесьвіца і сухі шлях праз мора некалі былі вобразамі нараджэньня Твайго, Чыстая, Сына, якому пяём, бо Ён праславіўся.

Сіла Ўсявышняга, дасканалая Існасьць, Божая Мудрасьць ад Цябе, Усячыстая, прыняла цела, пасялілася сярод людзей і праславілася.

Сонца праведнасьці прайшло скрозь непраходныя дзьверы ўлоньня Твайго, Чыстая, зазьзяла на ўвесь сьвет і праславілася.


Песьня 3

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Сілаю Тваёю, Хрысьце, лук моцных быў зламаны, а слабыя падперазаліся сілаю.

Вышэйшы за ўсе стварэньні, Хрыстос упакорыўся ў сьмерці цялеснай і явіўся меншым за анёлаў.

Мёртвы, Ты, Хрысьце, быў залічаны да беззаконьнікаў, але явіўся ў зьзяньні славы жанчынам пасьля ўваскрасеньня.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Пазачасны і Ўсявышні Творца часу, ад Цябе, Дзева, прыняў цела.

Усхвалім улоньне, больш прасторнае за неба, дзякуючы якому Адам жыве ў небе ў вечнай радасьці.


Песьня 4

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Я пачуў, чалавекалюбны Госпадзе, пра Твой слаўны провід і ўславіў Тваю неспасьціглую сілу.

Калі Дзева, якая бяз болю нарадзіла Цябе, убачыла, як Ты, Хрысьце, вісеў на крыжы, Яе як маці боль працяў.

Сьмерць пераможаная, Мёртвы бярэ ў палон браму ўсяеднага пекла, якое ляжыць зьнямоглае, і мне даюцца звышпрыродныя дары.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Боская гара з дому Гасподняга, Маці Божая ўзьнялася вышэй за ўсе сілы.

Непадуладная прыродным законам, Ты адзіная, Дзева, нарадзіла Ўладара стварэньня і ўдастоілася званьня Маці Божае.


Песьня 5

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Вугаль Ісаі явіўся з дзявочага ўлоньня і, быццам сонца, прасьвятляе богаразуменьнем тых, што заблудзілі ў цемры.

Адам адкінуў устрыманасьць, пакаштаваў са сьмертаноснага дрэва, але ягоныя грахі нішчыць другі Адам, які расьпяўся на Крыжы.

Ты цярпеў людзкой сьмяротнай прыродаю, але, як Бог, непадуладны цярпеньням, Ты, Хрысьце, даў нятленнасьць памёрлым і ўзьняў іх з глыбіні апраметнае.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Ліце, хмары, слодыч радасьці на зямлю, бо вось дадзенае нам Дзіця, – Бог наш спрадвечны, які прыняў цела ад Дзевы.

Сьвятло зазьзяла майму жыцьцю і целу і разбурыла гнільлё граху: Усявышні прыняў у апошнія дні бяз семя цела ад Дзевы.


Песьня 6

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Пачуй, Госпадзе, голас малітвы маёй збалелай душы і вызваль яе ад лютых бедаў: Ты – адзіны, хто даў нам збаўленьне.

Ты паставіў хэрувімаў вартаваць дрэва жыцьця ад чалавека, які адпаў; але дзьверы адчыніліся, калі яны ўбачылі, як Ты прывёў разбойніка ў рай.

Сьмерцю Адзінага пекла было спустошанае і зьнішчанае; усё багацьце, што яно сабрала, Хрыстос, адзін з нас, выпаражніў.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Людзкая прырода, паняволеная грахом, праз Цябе, чыстая Ўладарка, атрымала вызваленьне: Твой Сын, быццам ягнё, быў прынесены ў ахвяру за ўсіх.

Просім Цябе, існую Маці Божую: збаў слугаў Тваіх, якія ўгнявілі Цябе, бо Ты адзіная маеш ласку ў Сына Твайго.


Песьня 7

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Некалі мудрыя юнакі явіліся выдатнымі красамоўцамі; з глыбіні натхнёнай душы яны бласлаўлялі Бога і пяялі: "Найбоскі Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!"

Некалі праз непаслушэнства нашыя праайцы былі асуджаныя на выгнаньне з раю; але Той, хто з уласнай волі аддаў сябе на суд, развязаў правіны іх – найблаславёны Бог айцоў нашых і ўсяслаўны.

Ты збавіў параненага языком атрутнага чалавеказабойцы ў раі, і ацаліў рану, самавольна ўчыненую, Тваімі дабравольнымі мукамі, найблаславёны Божа айцоў нашых і ўсяслаўны.

Ты паклікаў мяне да сьвятла, калі я хадзіў у ценю сьмерці; змрочнае пекла Ты прасьвятліў зьзяньнем Боства Твайго, блаславёны Божа айцоў і ўсяслаўны.


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Уначы Якуб бачыў, быццам у сьне, Бога, які прыняў цела і зазьзяў ад Цябе тым, што клічуць: "Блаславёны Бог айцоў і ўсяслаўны!"

Змагаецца з Якубам, як знак дабравольнага зьяднаньня з чалавекам праз Тваё пасярэдніцтва, Усячыстая, блаславёны Бог айцоў і ўсяслаўны.

Нягодны той, хто ў веры не прызнае Цябе Сынам Дзевы, адным з усяслаўнае Тройцы, і хто не кліча: "Блаславёны Бог айцоў і ўсяслаўны!"


Песьня 8

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Пагардзіўшы залатым ідалам, тройчы блаславёныя юнакі ўбачылі нязьменны і жывы вобраз Божы і сярод агню пяялі: "Хай усе стварэньні пяюць Госпаду, і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!"

Ты, чалавекалюбны Госпадзе, багаты на міласэрнасьць, быў з уласнай волі бачна прыбіты да крыжа і пахаваны; на трэці дзень Ты ўваскрос і збавіў усіх людзей, якія з вераю пяюць: "Хай усе стварэньні пяюць Госпаду і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!"

Ты, Хрысьце, Слова Божае, зышоў да апраметнае збавіць боскай сілаю Тваёю тых, каго Ты стварыў; і, даўшы ім нятленнасьць, Ты зрабіў іх удзельнікамі Тваёй вечнай славы, каб ім пяяць: "Хай усе стварэньні пяюць Госпаду і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!"


Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.

Праз Цябе прыйшоў на зямлю і жыў сярод людзей Незраўнаны ў дабрыні і сіле, якому ўсе верныя пяюць: "Усе творы Гасподнія хай пяюць Госпаду і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!"

Сапраўды мы вызнаем Цябе і славім як Чыстую Багародзіцу, бо Ты нарадзіла ў целе аднаго з Тройцы, якому разам з Айцом і Духам усе пяём: "Усе творы хай славяць Госпада і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!"


Песьня 9

Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Ад Бога Бога-Слова, які ў нязьведанай мудрасьці прыйшоў аднавіць Адама, – які праз прагавітасьць трапіў у лютую тленнасьць, – і невыказна прыняў цела ад Сьвятое Дзевы, адзінадушна, верныя, у песьнях узьвялічым.

Разам са злачынцамі Ты, Хрысьце, быццам ягнё, быў узьнесены на крыж на месцы пакараньня і прабіты кап'ём у бок. У дабрыні Тваёй Ты дараваў жыцьцё нам, зямным, якія з вераю пакланяемся Твайму ўваскрасеньню.

Паклонімся, верныя, Богу, які сьмерцю сваёю адмяніў уладу сьмерці, узьняў адвеку мёртвых, і дае ўсім жыцьцё і ўваскрасеньне.


Канон Багародзіцы. Ірмас. Ты ўвесь – жаданьне, увесь – слодыч, Слова Божае, Сыне Дзевы, Божа багоў, Сьвяты сьвятых: дзеля гэтага мы ўсе Цябе разам з Тою, што нарадзіла Цябе, узьвялічваем.

Жэзл сілы дадзены быў тленнай прыродзе, Слова Божае ва ўлоньні Тваім, Чыстая; Ён уваскрасіў тых, што трапілі ў апраметную. Таму мы Цябе, Усячыстая, узьвялічваем як Багародзіцу.

У дабрыні Тваёй прымі, Уладару, просьбы Маці Тваёй, якая моліцца за нас, і хай увесь сьвет напоўніцца ўсялякімі дабротамі: бо мы цябе ўзьвялічваем як Дабрачынца.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст