Песьня 1
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Перайшоўшы мора, быццам сушу, і пазьбегнуўшы ягіпскага зла, Ізраільцянін усклікнуў: "Збавіцелю Богу нашаму пяём!"
Вароты плачу былі ўзьнятыя, вартаўнікі пякельныя спалохаліся, калі ўбачылі, як зышоў у апраметную Той, хто сядзіць над усімі на вышынях.
Анельскія хоры здумеліся, калі ўбачылі на пасадзе Айца чалавечую прыроду, што была раней выгнаная ў нетры зямлі.
Багародзічны. Анёлы і людзі няспынна хваляць Цябе, Маці, што мужа ня знала, бо Ты насіла на руках Тваіх як немаўля Творцу ўсіх.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Пяём Госпаду, які правёў людзей сваіх праз Чырвонае мора, бо Ён адзіны праславіўся.
Славім Цябе, Усячыстая Багародзіца, бо Ты нарадзіла ў целе звышпрыродна Слова Божае.
Дзева нарадзіла Цябе, Хрысьце, жыцьцядайную гронку, з якой цячэ слодыч збаўленьня.
Адамаў род, узьнесены Табою, Багародзіца, да шчасьця, што пераўзыходзіць розум, належна славіць Цябе.
Песьня 3
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Госпадзе, Творца нябеснага кругу і Заснавальніку царквы, мэта жаданьняў і ўмацаваньне верных, умацуй мяне ў любові Тваёй, адзіны Чалавекалюбча.
За непаслушэнства запаветам Тваім, Госпадзе, я быў некалі асуджаны і адкінуты ад Цябе. Цяпер Ты прыняў мой выгляд, навучыў паслушэнству, даўшы прыклад расьпяцьцем сваім.
Ты, Госпадзе, што ўсё прадбачыш і ў мудрасьці Тваёй стварыў апраметную ў нетрах зямлі, не палічыў нягодным сябе, Слова Божае, зысьці туды, каб уваскрасіць тых, каго Ты стварыў на вобраз Твой.
Багародзічны. Ты, адзіны чалавекалюбны Госпадзе, з добрай волі Тваёй зьявіўся людзям і, пасяліўшыся ў Дзеве, явіў Яе як існую Багародзіцу і Памочніцу верных.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Ты, Госпадзе, – умацаваньне тых, што прыбягаюць да Цябе і Сьвятло для тых, што ў цемры, і мой дух славіць Цябе.
Малітвамі Тваімі, Усячыстая, дай нам дапамогу і захавай нас бясьпечнымі ад нападаў ворагаў, якія нас акружаюць.
Ты, Багародзіца, была аднаўленьнем Эвы, нарадзіўшы на сьвет Уладара жыцьця, Хрыста.
Падперажы мяне сілаю, Багародзіца, што нарадзіла ў целе Бога, увасабленьне сілы Айца.
Песьня 4
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Я пачуў, Госпадзе, провіду Твайго тайну, зразумеў дзеяньні Твае і ўславіў Боства Тваё.
Дзеці парушальнікаў закону прыбілі Цябе, Хрысьце Божа, да крыжа, якім Ты ў добрасардэчнасьці Тваёй збавіў тых, што славяць цярпеньні Твае.
Ты ўваскрос з магілы і ўсіх памёрлых, што былі ў пекле, уваскрасіў з сабою, і прасьвятліў у добрасардэчнасьці Тваёй тых, што славяць уваскрасеньне Тваё.
Багародзічны. Малі, Усячыстая Марыя, Бога, якога Ты нарадзіла, даць слугам Тваім адпушчэньне правінаў.
Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.
Ты, Багародзіца, ніва неараная, узрасьціла Колас жыцьцядайны, які дае сьвету жыцьцё і збаўляе тых, што славяць Цябе.
Мы, прасьветленыя, вызнаем Цябе, Заўсёды Дзева, як Багародзіцу, бо Ты нарадзіла Сонца праведнасьці.
Бязгрэшны Божа, малітвамі Маці Тваёй дай нам ачышчэньне грахоў няведаньня, і супакой Твайму сьвету.
Песьня 5
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Прасьвятлі нас запаветамі Тваімі, чалавекалюбны Госпадзе, і рукою Тваёю высокаю дай нам Твой супакой.
Кіруй намі, чалавекалюбны Хрысьце, сілаю Крыжа Твайго, праз які мы да Цябе прыходзім, і даруй нам супакой.
Багародзічны. Малі, Усячыстая Дзева Марыя, Сына Твайго і Бога нашага, каб Ён даў нам, верным, веліч зьмілаваньня свайго.
Канон Багародзіцы. Ірмас. З раніцы клічам Цябе, Госпадзе: "Збаў нас!", бо Ты Бог наш, апроч Цябе іншага бога ня знаем.
Сунімі нясьцерпную буру пажаданьняў маіх, Ты, што нарадзіла Бога, Правадыра нашага і Госпада.
Анельскія хоры і людзі пакланяюцца Сыну Твайму, Усячыстая Багародзіца.
Марыя, Багародзіца Дзева, зрабі марнымі спадзяваньні ворагаў, і суцеш тых, што славяць Цябе.
Песьня 6
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Малітву занясу да Госпада, і аб'яўлю Яму жаль мой, бо душа мая поўная ўсялякага зла, і жыцьцё маё да пекла наблізілася, дык малюся як Ёна: "Выведзі мяне, Божа, ад тленнасьці!"
Ты распасьцёр на Крыжы рукі свае, каб ацаліць першастворанага, які працягнуў руку да раю; і, пакаштаваўшы з уласнай волі жоўці, Ты, Хрысьце, сілаю Тваёю збавіў тых, што славяць Твае цярпеньні.
Збавіцель пакаштаваў сьмерці, каб адмяніць першы прысуд і разбурыць валадарства тленнасьці. Зышоўшы да пекла, Хрыстос як усемагутны збавіў тых, што славяць ягонае ўваскрасеньне.
Багародзічны. Маліся няспынна за нас, Усячыстая Багародзіца Дзева, бо Ты – умацаваньне верных. На Цябе спадзяемся, Табою ўмацоўваемся і з любоўю славім Цябе і Таго, хто невыказна прыняў цела ад Цябе.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Дай мне сьветлую вопратку, Хрысьце Божа наш, што апранаешся ў сьвятло быццам у вопратку.
Мы, верныя, славім Цябе, Багародзіца, як сьвятыню Божую і Каўчэг, Хорам адухоўлены і Браму да неба.
Сын Твой, разбуральнік паганскіх капішчаў, Марыя, Нявеста Божая, як Бог роўны славаю з Айцом і Духам.
Слова Божае паказала нам, зямным, Цябе, Багародзіца, як Лесьвіцу нябесную, бо Табою Ён зышоў да нас.
Песьня 7
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Юнакі юдэйскія ў Бабілёне некалі патройнаю вераю полымя агню патушылі, пяючы: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"
Ты, Божа, спаўняючы прароцтва, учыніў збаўленьне сярод зямлі; узьнесены на Крыж, Ты паклікаў да сябе ўсіх, што з вераю клічуць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"
Ты, Добры, устаў з магілы, быццам ад сну, і ўсіх збавіў ад тленнасьці. Навучаньнем апосталаў стварэньне ўверыла ў Тваё ўваскрасеньне. Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!
Багародзічны. Слова, роўнадзейнае і роўнамоцнае з Айцом, і суспрадвечнае, добрай воляю Айца і Духа прымае цела ва ўлоньні Дзевы. Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!
Канон Багародзіцы. Ірмас той самы.
Прыняўшы цела ў дзявочым улоньні, Ты явіўся дзеля нашага збаўленьня. Дзеля гэтага мы прызнаем Маці Тваю Багародзіцаю і з вераю клічам: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"
Ты, усеблаславёная Дзева, узрасьціла жэзл з кораня Ясеевага, які, зацьвіўшы, прынёс збавенны плод для тых, што з вераю ўсклікаюць Сыну Твайму: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"
Увасобленая Мудрасьць Найвышэйшага, дзеля Багародзіцы напоўні мудрасьцю і Боскай сілаю тых, што з вераю клічуць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"
Песьня 8
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Тры юнакі, ласкаю народжаныя, непахісныя ў захаваньні Тваіх запаветаў, мучыцеля і полымя перамаглі, усклікаючы: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"
Госпада, які на Крыжы працягнуў рукі свае да мяне, аголенага, каб у сваім паніжэньні суцешыць мяне, усе творы Гасподнія слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі!
Госпада, які ўзьняў мяне, заняпалага, з глыбіні апраметнай, і ўшанаваў, пасадзіўшы на пасадзе разам з Айцом, усе творы Гасподнія слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі!
Багародзічны. Ты, Дзева, была дачкою заняпалага Адама, і Маці Бога, які аднавіў маю прыроду, і мы, Ягоныя творы, славім Яго як Госпада і ўзьвялічваем праз усе вякі.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Уладара нябеснага, якога хваляць анельскія хоры, слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі.
Пагасі распаленыя вогненныя стрэлы нашых супраціўнікаў, каб нам славіць Цябе праз усе вякі!
Ты, Дзева, звышпрыродна нарадзіла Бога-Слова, Творцу і Збавіцеля. Дзеля гэтага славім і ўзьвялічваем Цябе праз усе вякі.
Недаступнае Сьвятло, што пасялілася ў Табе, Дзева, явіла Цябе як ясны сьветач, што зьзяе залатымі промнямі праз усе вякі.
Песьня 9
Канон крыжаўваскросны. Ірмас. Усё жахнулася, пачуўшы пра невыказную Божую спагадлівасьць. Найвышэйшы з уласнай волі зышоў да нас, прыняў цела ў Дзявочым улоньні і стаўся чалавекам. Дзеля гэтага Ўсячыстую Багародзіцу мы ўсе ўзьвялічваем.
Мы ведаем Цябе як Сына Божага прыродаю, які быў зачаты ва ўлоньні Маці Божае і стаўся чалавекам дзеля нас; і, гледзячы, як Ты, няпадуладны цярпеньням як Бог, церпіш як чалавек на Крыжы, узьвялічваем Цябе.
Разьвеялася трухлявая цемра, бо з апраметнай зазьзяў Хрыстос, Сонца праведнасьці, і прасьвятліў усе куткі зямлі зьзяньнем Боства. Яго мы ўзьвялічваем у дзьвюх прыродах як нябеснага Чалавека і Бога на зямлі.
Нарыхтуйся, ідзі наперад і пануй, Сыне Божай Маці, перамагай ворагаў, якія паўстаюць супраць Цябе, і ўмацоўвай Крыжом – непераможнай зброяй, – верных людзей Тваіх.
Канон Багародзіцы. Ірмас. Сапраўднай Багародзіцаю вызнаем Цябе, Дзева чыстая, і з анельскімі хорамі славім Цябе.
Успамін пра Цябе поўны радасьці і весялосьці, бо Ты даеш ацаленьні тым, што прыходзяць да Цябе і пабожна славяць Цябе як Багародзіцу.
Славім Цябе ў песьнях, Поўная ласкі, і няспынна клічам "Радуйся", бо Ты нарадзіла Радасьць усім.
Які цудоўны плод узрасьціла Ты, Маці Божая: Ён – хадайнік ня тленнасьці, але жыцьця для тых, што прыходзяць і ў веры ўзьвялічваюць Цябе. |