1. Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам; слова скажу ў гонар Уладаркі Маці, і стану сьвяткаваць сьветлую ўрачыстасьць і славіць радасна ў песьнях цуды Яе.
3. У боскай славе Тваёй, Багародзіца, жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй аднадушны хор песьняроў Тваіх і зрабі іх дастойнымі вянцоў славы.
4. Хрыстос, Бог спрадвечны, што сядзіць у славе на боскім пасадзе, прыходзіць на хуткай хмары і нятленнай рукою збаўляе тых, што клічуць: "Слава, Хрысьце, сіле Тваёй!"
5. Усё стварэньне сумелася, убачыўшы боскую славу Тваю: Ты, Дзева, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Бога ўсіх і нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе.
6. На гэтую боскую і слаўную ўрачыстасьць Божай Маці прыйдзіце, усе багамудрыя, пляскайце ў далоні і слаўце Таго, хто нарадзіўся ад Яе.
7. Мужныя і багамудрыя юнакі не захацелі служыць стварэньню замест Творцы і, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічыўшы, радасна сьпявалі: "Усяхвальны Госпад і Бог айцоў, блаславёны Ты".
8. Народжаны ад Багародзіцы набожных юнакоў у печы выбавіў; тады вобразна, а цяпер дзейсна натхняе Ён увесь сьвет пяяць: "Слаўце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі".
9. Усе народжаныя на зямлі хай усьцешацца, прасьветленыя Духам. Хай сьвяткуюць бесьцялесныя анельскія хоры і ўшануюць урачыстасьць Божае Маці, і хай пяюць: "Радуйся, усеблаславёная Багародзіца, чыстая заўсёды Дзева!" |