ТОН 1
Быццам бездань марская, незьлічоныя мае бясчынствы, Збавіцелю, і я таплюся ў грахох, але Ты, Божа, працягні збавенную руку Тваю, як некалі Пятру, і зьмілуйся нада мною.
Мае паганыя думкі і благія ўчынкі асудзілі мяне, Збавіцелю, але Ты дай мне духа каяньня, Божа, каб я мог усклікнуць Табе: "Збаў мяне, Дабрачынца мой, і зьмілуйся нада мною".
Іншы сьвет чакае цябе, душа мая, і Судзьдзя зробіць яўнымі ўсе твае тайныя і лютыя грахі; дык хай дачаснае не трымае цябе, але, пакуль ня позна, усклікні Судзьдзі: “Божа, ачысьці і збаў мяне!”
Не адкінь мяне, Збавіцелю мой, хоць я ўвесь у грахох; але ўздымі думкі мае да пакаяньня і зрабі мяне дасьведчаным работнікам вінаградніка Твайго, даючы мне заплату таго, хто прыйшоў у адзінаццатую гадзіну, у вялікай міласэрнасьці Тваёй.
ТОН 2
Зграшыў я перад Табою, Хрысьце Спасе, як блудны сын. Але Ты, Ойча, прымі мяне, які каюся, і зьмілуйся нада мною.
Быццам мытнік, Хрысьце Збавіцелю, клічу моцным голасам: "Ачысьці мяне, як некалі яго, і зьмілуйся нада мною, Божа".
Размышляючы над безьліччу зробленых мною лютых грахоў, прыбягаю да Тваёй спагадлівасьці, беручы прыклад з мытніка, блудніцы сьлёзнае і блуднага сына; і, прыпадаючы да Цябе, міласэрны Божа, прашу: “Перш чым асудзіць, пашкадуй мяне і зьмілуйся нада мною”.
Не глядзі на мае беззаконьні, Госпадзе, што радзіўся ад Дзевы, але ачысьці сэрца маё і зрабі яго сьвятыняю Духа Сьвятога Твайго; не адкінь мяне ад твару Твайго ў бязьмежнай міласэрнасьці Тваёй.
ТОН 3
Вячэрнюю песьню прыносім Табе, Хрысьце, з кадзілам і гімнамі духоўнымі. Зьмілуйся над намі і збаў нас.
Збаў мяне, Божа мой, які даеш збаўленьне ўсім: бура пажаданьняў пакрывае мяне, і я таплюся пад цяжарам беззаконьняў маіх. Але Ты працягні руку дапамогі і прасьвятлі скрухаю сэрца маё, як адзіны міласэрны і Чалавекалюбец.
Дай мне, Госпадзе, засяродзіць разгублены розум мой, і ачысьці аледзянелае сэрца маё; дай мне, як Пятру, каяньне, як мытніку – жаль, і як блудніцы – сьлёзы, каб моцным голасам мне клікаць: “Збаў мяне, Божа, як адзіны дабрасардэчны і Чалавекалюбец”.
Часта, славячы Бога ў песьнях, грэх раблю, бо вуснамі аддаю хвалу, а ў душы хаваю недастойныя думкі. Але Ты, Хрысьце, праз пакаяньне зрабі правымі мае вусны і сэрца і зьмілуйся нада мною.
ТОН 4
Я жадаў сьлязьмі змыць сьляды правінаў маіх, Госпадзе, каб у далейшым жыцьці дагадзіць Табе пакаяньнем, але вораг спакушае мяне і змагаецца з душой маёй. Госпадзе, перш чым прыйдзе канец, ня дай мне згінуць, але збаў мяне.
Хто, Госпадзе, папаўшы ў буру, не выратуецца, прыбегшы да Твайго прыстанішча? Або хто, занядужаўшы, не выздаравее, пакаштаваўшы Твайго лякарства? Госпадзе, Творча ўсяго і лекару нядужых, перш чым мне зусім згінуць, збаў мяне.
Абмый мяне, Збавіцелю, сьлязамі маімі, бо я апаганены многімі грахамі і прыбягаю да Цябе, клічучы: “Божа, зьмілуйся нада мною, бо я зграшыў”.
Я – авечка твайго духоўнага статку, – прыбягаю да Цябе, Добры Пастыру: адшукай мяне заблуднага, Божа, і зьмілуйся нада мною.
ТОН 5
Госпадзе, не перастаю грашыць, і не хачу зразумець Тваёй спагадлівасьці да мяне. Разьвей маё неразуменьне, Адзіны Добры, і зьмілуйся нада мною.
Госпадзе, я ў страху перад Табою і не пакідаю рабіць зло. Хто на судзе не баіцца судзьдзі? Або хто, хочучы аздараўленьня, гневіць лекара, як я гняўлю Цябе? Доўгацярплівы Госпадзе, будзь спагадлівы маёй слабасьці і зьмілуйся нада мною.
Госпадзе, адзіны Чалавекалюбча, што нарадзіўся ад Дзевы, малюся Табе: не палічы маіх правінаў, але ачысьці мяне ад грахоў маіх, даючы мне думку аб навярненьні, і зьмілуйся нада мною.
Гора мне, я стаўся падобны да бясплоднага фіговага дрэва, і баюся, каб мяне не асудзілі на сьсячэньне; але, нябесны садоўніча Хрысьце Божа, аледзянелую душу маю зрабі зноў плоднаю і прымі мяне як блуднага сына, і зьмілуйся нада мною.
ТОН 6
У страшны дзень прыйсьця Твайго, Хрысьце, ня дай нам пачуць: “Ня ведаю вас”, бо мы, Збавіцелю, усклалі ўсю надзею на Цябе, хоць і не захавалі запаветаў Тваіх дзеля нядбайства: але Ты пашкадуй душы нашыя, молімся.
Сьлёзаў пакаяньня ня маю, дзеля гэтага малю Цябе, Хрысьце Божа: “Перш чым прыйдзе канец, навярні мяне і дай мне жаль за грахі, каб мне выбавіцца ад мукаў”.
Знайшоўшы мяне пазбаўленым дабрадзейнасьцяў, вораг параніў мяне стралою граху: але Ты, Божа, будучы лекарам душаў і целаў, раны душы маёй аздараві і зьмілуйся нада мною.
Сэрца майго раны, спрычыненыя шматлікімі правінамі, аздараві, Збавіцелю, бо Ты, Лекару душаў і целаў, даеш тым, што просяць, прабачэньне грахоў; дай мне сьлёзы каяньня і даруй адпушчэньне даўгоў маіх, Госпадзе, і зьмілуйся нада мною.
ТОН 7
Як блудны сын прыходжу да Цябе, добры Божа: прымі мяне, як аднаго з наймітаў Тваіх і зьмілуйся нада мною.
Быццам той, хто папаўся ў рукі разбойнікаў і быў паранены імі, так я ўпаў у многія грахі і пакалечыў душу маю. Да каго ўцяку, вінаваты? Хіба толькі да Цябе, дабрасардэчнага Лекара душ: вылі на мяне, Божа, веліч зьмілаваньня Твайго.
Не сьсячы мяне грэшнага, Збавіцелю, як няплоднае фіговае дрэва, але пакінь мяне яшчэ на колькі гадоў і напаі душу маю сьлёзамі пакаяньня, каб я мог прынесьці плод міласэрнасьці.
Будучы сонцам праведнасьці, прасьвятлі сэрцы тых, што пяюць: “Госпадзе, слава Табе”.
ТОН 8
Цябе, Уладара і Госпада, анёлы безустанку славяць; я ж, як мытнік, прыбягаю да Цябе і клічу: “Божа, ачысьці мяне і зьмілуйся нада мною!”
Будучы несьмяротнай, душа мая, не пакрывайся хвалямі жыцьцёвых клопатаў, але ўстань і ўсклікні твайму Дабрачынцу: “Божа, ачысьці і збаў мяне!”
Калі ўсьведамлю сабе веліч зробленых мною злачынстваў, і падумаю пра вогненнае выпрабаваньне, якое чакае мяне, увесь устрывожаны прыбягаю да Цябе, чалавекалюбны Божа: не пагардзі мною, прашу Цябе, адзіны Бязгрэшны, дай жаль за грахі пакорнай душы маёй і, перш чым прыйдзе канец, збаў мяне.
Дай мне, Божа, сьлёзы, як некалі грэшнай жанчыне, і дазволь, каб я абмыў ногі Твае – якія вызвалілі мяне ад шляху спакусы, – і прынёс Табе, як алей духмяны, жыцьцё чыстае, здабытае пакаяньнем. Хай і я пачую доўгачаканыя словы Твае: “Вера твая збавіла цябе, ідзі ў супакоі” |