Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вячэрнія песьні мучанічныя і памерлым - Тон 1


 

 

Вячэрнія песьні мучанічныя і памерлым - Тон 1

(Сьпяваюцца на вячэрні за памёрлых, а таксама ў пятніцы Вялікага Посту вечарам)


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Сьвяточныя хоры мучанікаў струменямі крыві патапілі безьліч дэманаў і адмянілі саромныя ахвяры, зьнішчыўшы ідальскую спакусу, і сёньня моляць Хрыста дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Малітвамі, Госпадзе, усіх сьвятых і Багародзіцы, даруй нам Твой супакой і зьмілуйся над намі, бо Ты адзіны добры.

Вашы вызнаньні на судзе, сьвятыя, дэманаў запалохалі і вызвалілі людзей ад маны; калі вас забівалі, вы клікалі: “Няхай ахвяра душ нашых будзе прыемнай Табе, Госпадзе Чалавекалюбча, бо мы, палюбіўшы Цябе, ня дбаем пра жыцьцё дачаснае”.

Добрая ваша купля, сьвятыя! Вы далі кроў сваю і атрымалі ў спадчыну неба; часова пацярпеўшы, вечна радуецеся. Сапраўды добрая ваша купля: пакінуўшы тленнае, вы атрымалі ўзамен нятленнае і, цешачыся з анёламі, безупынку славіце адзінасутную Тройцу.

Дагматык. Сусьветную славу, што ад людзей нарадзілася і Ўладара нарадзіла, Дзьверы нябесныя, усхвалім Марыю Дзеву, анёлаў песьню і верных красу. Яна, стаўшыся небам і Боскім хорамам, зьнішчыла сьцяну варожасьці, устанавіла мір і адчыніла валадарства. Умацаваныя Ёю ў веры, мы знайшлі абаронцу ў Госпадзе, які нарадзіўся ад Яе. Дык сьмела, людзі Божыя, будзьце добрай думкі, бо Ён як усемагутны ворагаў перамог.


Вершапесьні

Слаўныя мучанікі, вас зямля не змагла ўтрымаць, а неба, адчыніўшы райскія дзьверы, прыняла вас, і вы, увайшоўшы туды, спажываеце ў асалоду з дрэва жыцьця. Маліце Хрыста даць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Верш. Шчасьлівыя, каго Ты выбраў і прыняў, Госпадзе

Памёрлым. Якая жыцьцёвая радасьць ня зьмешаная з сумам? Якая слава на зямлі застаецца нязьменнаю? Яны менш зьмястоўныя за цень і больш уяўныя за сон: адно імгненьне і сьмерць забярэ ўсё. Але Ты, Хрысьце Чалавекалюбча, супакой тых, каго выбраў, у сузіраньні красы Тваёй, дзе зьзяе сьветласьць твару Твайго.

Верш. Душы іх у шчасьці жыць будуць.

Ніхто не бязгрэшны, апрача Цябе, Адзіны Несьмяротны: дзеля гэтага, як шчодры і добрасардэчны Бог, слуг Тваіх у сьветласьці разам з анёламі пасялі, не ўзіраючыся на іхнія беззаконьні і даруючы ім адпушчэньне правін.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст