На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Мучанікі Гасподнія разагналі цемру бязбожжа і ўсім людзям паказалі сьвятло багапазнаньня.
Не пасаром мяне, Збавіцелю, калі прыйдзеш судзіць увесь сьвет, за саромныя ўчынкі, якія я ўчыніў.
Слава Табе, Хрысьце Божа, пахвала апосталаў і радасьць мучанікаў, якія прапаведавалі адзінасутную Тройцу.
Мучанікі сьвятыя, што шмат пацярпелі і атрымалі вянец перамогі, маліцеся Госпаду за збаўленьне душ нашых.
Дагматык. Ты, Багародзіца, сталася Маці ў надпрыродны спосаб, застаўшыся невыказна і невытлумачальна Дзеваю, і язык бясьсільны расказаць цуд мацярынства Твайго. Дзівоснае было зачацьце Тваё, Усячыстая, бо калі Бог хоча, адмяняецца прыродны лад. Дзеля гэтага мы ўсе, маючы цябе за Маці Божую, горача просім: “Маліся за збаўленьне душ нашых”.
Вершапесьні
Мучанікі сьвятыя, вы ня дбалі пра дачаснае і, сьмела прапаведаваўшы Хрыста на судах, атрымалі ад Яго ўзнагароду за мукі. Маючы асаблівую ласку ў Бога ўсемагутнага, маліце Яго збавіць душы ўсіх нас, якія прыбягаем да вас.
Верш. Шчасьлівыя, каго Ты выбраў і прыняў, Госпадзе.
Усяхвальныя мучанікі, авечкі духоўныя, Богу прыемныя цэласпальныя ахвяры: вас зямля не змагла схаваць, а неба прыняла вас і вы сталіся спаўжыхарамі анёлаў; дык разам з імі маліце, просім вас, Збавіцеля і Бога нашага, даць сьвету супакой і збавіць душы нашы.
Верш. Душы іх у шчасьці жыць будуць.
Памёрлым. Ты, Госпадзе, спачатку стварыў чалавека на Твой вобраз і падабенства і пасяліў у раі, каб ён быў уладаром над усімі стварэньнямі; але ён, спакушаны зайздрасьцю зьмяі, пакаштаваў атруты, зламаў прыказаньні Твае. Дзеля гэтага Ты, Госпадзе, асудзіў яго вярнуцца ў зямлю з якое быў узяты і прасіць супакою ў Цябе. Дык супакой, Збавіцелю і Жыцьцядаўча, братоў і сясьцёр нашых, якіх Ты ўзяў адсюль і якія клічуць: “Госпадзе, слава Табе!”. |