На праскамідыі:
Госпадзе Ісусе Хрысьце Божа наш, прымі гэтую ахвяру для адпушчэньня грахоў нас, грэшных і нягодных слугаў Тваіх, якія беззаконьнямі сваімі прагнявілі Тваю дабрыню. Не судзіся са слугамі Тваімі, але сунімі Твой праведны гнеў, адвярні няшчасьце, якое сустрэла нас, і меч, які нябачна нас губіць, але пашкадуй нас, пакорных і бедных слугаў Тваіх, і не аддай на сьмерць душаў нашых, са скрушлівым сэрцам і са сьлязьмі просім Цябе, міласэрнага і добрасардэчнага Бога нашага.
Літургія
На мірнай Літаніі:
пасьля " За падарожнікаў...":
– Каб Госпад не прыгадаў правінаў грэшных і нягодных слугаў сваіх, але ў міласэрнасьці сваёй ачысьціў грахі нашыя, і адвёў ад нас свой справядлівы гнеў, памолімся.
– Каб Госпад у суворасьці сваёй не судзіў нас і ў гневе сваім не караў нас, але каб прыгадаў, што мы – цела, сёньня ходзім, а заўтра нас няма, – і каб зьбярог ад сьмерці душы нашыя, памолімся.
– Каб Госпад не судзіўся са слугамі сваімі, і не зважаў на нашыя беззаконьні, але каб ачысьціў нас і ў міласэрнасьці сваёй пашкадаваў і збавіў нас, грэшных, памолімся.
– Каб Госпад прыгадаў усе даброты, якія Ён яўляў адвеку, а грахоў маладосьці нашай і нясьведамасьці не ўспамянуў, і каб зьмілаваўся над намі, памолімся.
– Каб Госпад пачуў голас малітваў нашых, і каб адвярнуў ад нас і ад нашага народу сьмяротную небясьпеку, якая нас напаткала, памолімся.
– Каб Госпад хутка выхапіў нас і наш народ з сецяў сьмяротных і ацаліў нашыя немачы, памолімся.
– Каб Госпад у міласэрнасьці сваёй прадоўжыў слугам сваім час жыцьця, а ня сьсек іх перадчасна, як тую няплодную смакоўніцу, але каб з любоўю акапаў і напаіў расою сваёй міласэрнасьці ў чаканьні пладоў пакаяньня, памолімся.
– Каб Госпад узьняў нас і наш народ ад варотаў сьмерці і адмяніў сваё справядлівае пакараньне, каб нам ня згінуць, але навярнуцца і жыць, памолімся.
– Каб Госпад пачуў малітву нашую, і прыняў яе ласкава, і не адвярнуўся ад сьлёзаў нашых: але каб даў нам палёгку перад тым, як нам адысьці назаўсёды, памолімся.
– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку... і г. д.
Трапар і кандак
Трапар (тон 2). Божа, прыгадай даброты Твае, і ня гневайся на нас, бо мы пыл і попел, сёньня жывем, а заўтра нас няма. Не асудзі нас у справядлівым абурэньні Тваім, каб нам ня згінуць зусім, але пашкадуй душы нашыя, бо Ты адзіны міласэрны.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Кандак Багародзічны (тон 2). Заступніца шчырая, Маці Госпада найвышэйшага, малі за ўсіх нас Сына Твайго, Хрыста Бога нашага, каб усе мы, якія прыбягаем пад Тваё магутнае покрыва, атрымалі збаўленьне. Заступіся, Уладарка, за нас, якія, згінаючыся пад напасьцямі і бедамі, і многімі цяжкімі грахамі, стаім перад Табою і молімся з пакорнаю душою, скрухаю сардэчнаю і сьлязьмі, бо мы ўсклалі ўсю надзею на Цябе. Выбаў нас усіх ад няшчасьцяў, дай нам усё, што нам на карысьць, і збаў нас усіх, Багародзіца, бо Ты – Боскае покрыва для слугаў Тваіх.
Пракімен: Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне.
Верш: Бо стрэлы Твае працялі мяне, і рука Твая на мяне лягла.
Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Гэбрэяў
Браты, каго Бог любіць, таго карае, б'е кожнага, каго прымае за сына. Дык калі церпіце пакараньне, Бог паступае з вамі як з сынамі. Бо ці ёсьць сын якога бы айцец не караў? Калі вы без пакараньня – а яно для ўсіх агульнае, – дык вы не сыны, а незаконна народжаныя. Зрэшты, калі мы паважалі і шанавалі айцоў нашых паводле цела, хоць яны нас і каралі, дык ці ж ня больш мы павінны быць паслухмянымі Айцу душаў, каб жыць? Тыя карáлі нас, як уважалі, на кароткі час. А Той робіць гэта для нашага дабра, каб нас зрабіць удзельнікамі сваёй сьвятасьці. Кожнае пакараньне адразу не здаецца радасным, але сумным, але пасьля прыносіць тым, што яго зазналі, мірны плод праведнасьці. Дзеля гэтага выпрастуйце вашыя апалыя рукі і саслаблыя калені. Хай ногі вашыя пракладаюць простыя шляхі, каб кульгавы не зблудзіў, але быў аздароўлены. (12:6–13)
Алілуя: Боль сьмяротны мяне апанаваў, і гібельныя патокі напалохалі мяне.
Верш: Путы пякельныя мяне аблыталі, і сеці сьмяротныя ахапілі мяне. (Пс 17)
Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Лукі
У той час увайшоў Ісус у дом Сымона. Цешча ж Сымонава была ў моцнай гарачцы; і прасілі Яго за яе. Ён, стаўшы над ёю, забараніў гарачцы, і пакінула яе. І яна зараз устала і паслугоўвала ім. Калі ж сонца заходзіла, усе, хто меў хворых на розныя немачы, прыводзілі іх да Яго. Ён ускладаў на кожнага з іх рукі і ацаляў іх. Выходзілі таксама з многіх нячыстыя духі, усклікаючы: "Ты Сын Божы!" Але Ён забараняў ім і не даваў гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос. Калі ж настаў дзень, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца; а народ шукаў Яго, і, прыйшоўшы да Яго, затрымліваў Яго, каб не адыходзіў ад іх. Але Ён сказаў ім: "І іншым местам Я павінен абвяшчаць Добрую Вестку пра Валадарства Божае, бо на тое Я быў пасланы". І навучаў у школах Юдэйскіх. (4:38–44)
На літаніі пасьля Евангельля:
пасьля "Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную Краіну нашу Беларусь...":
– Зграшылі мы і ўчынілі беззаконьні, і таму праведны Твой гнеў нас засьпеў, Госпадзе Божа наш, і цень сьмерці ахінуў нас; але ў немачах нашых клічам Цябе, Бога нашага, і пакорна просім: пашкадуй людзей Тваіх, і не загубі нас зусім. Молімся Табе: пачуй нас і зьмілуйся.
– Не аддай сьмерці слугаў Тваіх, Госпадзе, Уладару жыцьця і сьмерці, але сунімі Твой гнеў, бо дні нашыя, быццам дым, зьнікаюць, моц нашая пакінула нас, і мы гінем у грахох нашых. Са сьлязамі каяньня молімся Табе: пачуй нас і зьмілуйся.
– Успомні, Госпадзе, што мы – цела, сёньня мы тут, а заўтра нас ня будзе, і адвярні міласьціва гнеў Твой справядлівы, сунімі боль наш, загаі рану, якая губіць нас і наш народ. Бо ня мёртвыя будуць хваліць Цябе, і ня тыя, што ў апраметнай, але мы, жывыя, хвалім Цябе і з болем сэрца і стогнамі молімся Табе: пачуй нас і зьмілуйся.
– Не прыгадай беззаконьняў людзей Тваіх, і не судзіся са слугамі Тваімі, і не адвярніся ад іх у гневе Тваім. Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? Мы ж пыл і попел, нішто перад Табою. Але ў дабрыні і чалавекалюбстве Тваім зьмілуйся над намі, не загубі нас з нашымі беззаконьнямі, молімся Табе: пачуй нас і зьмілуйся.
– Ты, Божа, Уладару жывых і памёрлых, не жадаеш сьмерці грэшніка, але хочаш, каб ён навярнуўся да Цябе, Крыніца жыцьця, і жыў. Дык у гневе Тваім не загубі нас, годных сьмерці паводле Твайго справядлівага суду. Молімся Табе са сьлязьмі і сэрцам, поўным горычы: пачуй нас і зьмілуйся.
– Глянь, Госпадзе, на няшчасьці, якія абрынуліся на слугаў Тваіх, і пакажы заўсёдную міласьць Тваю, каб нам зусім ня згінуць. У каяньні вызнаем Цябе і, як некалі Давід, клічам: Зграшылі мы і сталіся нягоднымі Тваёй міласэрнасьці; але Ты, у дабрыні Тваёй, дзеля Тваёй спагадлівасьці, яві нам Тваю ранейшую ласку і пашкадуй людзей Тваіх, авечак статку Твайго. Молімся Табе: пачуй нас і зьмілуйся!
– Яшчэ молімся за дабрачынцаў...
Прычасьнік: Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною. Алілуя, алілуя, алілуя. |