Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Служба аб вызваленьні бязьвінна зьняволеных


 

 

Служба аб вызваленьні бязьвінна зьняволеных

На праскамідыі:

Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, які сьвятога апостала Твайго Пятра вызваліў з вязьніцы, прымі ласкава, пакорна молім Цябе, гэтую ахвяру за адпушчэнне грахоў і збаўленьне слугаў Тваіх (або: слугі Твайго) ..., бязьвінна зьняволеных (–нага), і, як Добры і Чалавекалюбец, захавай іх (яго) ад усякага зла і вярні ім (яму) свабоду.


Літургія


На мірнай літаніі:

пасьля " за падарожнікаў...":

Каб Госпад Бог прабачыў нявінна зьняволеным слугам сваім (або: зьняволенаму слузе свайму) ... усе іхнія (ягоныя) правіны вольныя і міжвольныя, і каб быў спагадлівым і міласэрным да іх (яго), памолімся.

Каб Госпад Бог пачуў голас нашага пакорнага маленьня, і вызваліў з вязьніцы нявінна зьняволеных слугаў сваіх ..., памолімся.

Каб Госпад Бог пачуў нашую просьбу за слугаў сваіх ..., як некалі пачуў малітвы сьвятой Царквы, якая малілася за вызваленьне Пятра, памолімся.

Каб Госпад Бог у вялікай дабрыні сваёй і міласэрнасьці захаваў ад усякага зла слугаў сваіх ... і хутка даў ім вызваленьне і свабоду, памолімся.

Каб Госпад Бог паказаў сваю міласэрнасьць слугам сваім ..., як некалі праведнаму Язэпу ў Ягіпце, і сілаю сваёю хутка вызваліў іх, памолімся.

Каб нам выбавіцца ад усякага гневу... і г. д.


Трапар і кандакі

Трапар (тон 2): Як некалі Ты, усядобры Божа, пачуў гарачыя малітвы Царквы за сьвятога апостала Твайго Пятра і вывеў яго з вязьніцы, так і цяпер прымі гэтыя пакорныя нашыя малітвы за слугаў Тваіх, якія нявінна мучацца ў зьняволеньні, захавай іх ад усяго благога і хутка пашлі ім вызваленьне, адзіны Чалавекалюбча.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Кандак (тон 5): Крыніца міласэрнасьці і Бездань дабрыні, Хрысьце Божа, не пагардзі слугамі Тваімі, якія ў горы і цяжкасьцях з вераю клічуць Цябе, і хутка вызвалі іх ад путаў і зьняволеньня, каб ім разам з намі пяяць Табе: Алілуя.

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Багародзічны (тон 6). Ня маем іншай помачы, ня маем іншай надзеі, апроч Цябе, Уладарка, Ты нам памажы. На цябе спадзяемся і Табою хвалімся, мы – слугі твае: ня дай нам пасаромецца.


Пракімен: Вызвалі з вязьніцы душу маю, каб мне дзякаваць імю Твайму.

Верш: Госпадзе, пачуй малітву маю, бо я моцна скораны.


Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў

У той час цар Ірад падняў руку, каб мучыць некаторых з царквы. Ён забіў мячом Якуба, брата Яна. Убачыўшы, што гэта спадабалася гэбрэям, ён наважыўся ўзяць і Пятра. А былі дні праснакоў. Схапіўшы, ён пасадзіў яго ў вязьніцу і загадаў чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, намераваючыся пасьля Пасхі вывесьці яго да народу. Дык вось Пятра пільнавалі ў вязьніцы, а царква няспынна малілася за яго Богу. У ноч, калі Ірад меўся вывесьці яго, Пётра спаў між двух жаўнераў, скаваны двума ланцугамі, ды перад брамаю варта пільнавала вязьніцу. І вось зьявіўся анёл Гасподні, і сьвятло зазьзяла ў будынку. Штурхнуўшы Пятра ў бок, ён разбудзіў яго і сказаў: "Уставай хутчэй!" І зваліліся з рук ягоных ланцугі. А анёл сказаў яму: "Падперажыся і надзень твае сандалі". А калі той зрабіў гэта, сказаў: "Накінь плашч твой і ідзі за мною". І, выйшаўшы, Пётра пайшоў за ім. І ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз анёла: яму здавалася, што бачыць прывід. Абмінуўшы першую варту і другую, яны падышлі да жалезнай брамы, што вяла да места, і яна сама сабой расчынілася. Выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і анёл зьнячэўку зьнік. Пётра, прыйшоўшы да сябе, сказаў: "Цяпер ведаю сапраўды, што Госпад паслаў анёла свайго і выхапіў мяне з рукі Ірада і ўсяго, чаго чакаў народ гэбрэйскі". (12: 1–11)


Алілуя: З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: Госпадзе, пачуй голас мой.

Верш: Хай вушы Твае будуць уважлівыя да голасу маленьня майго.


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

Сказаў Госпад вучням сваім: "Будуць выдаваць вас на мукі і забіваць вас. І будзеце ўзьненавіджаныя ўсімі народамі за Маё імя. Вера у шмат каго пахісьнецца, і будуць выдаваць адзін аднаго, і адзін аднаго ненавідзець. І паўстануць многія ілжэпрарокі і ўвядуць у зман многіх. З прычыны памнажэньня безаконьня шмат у каго астыне любоў. Але хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены". (24:9–13)


На літаніі пасьля Евангельля:

пасьля "Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў...":

– Хрысьце Божа, які вызваліў з вязьніцы Пятра і вярнуў яго цэлым сьвятой Царкве, зьмілуйся над слугамі Тваімі (або: слугой Тваім) ..., якія (які) нявінна церпяць (–піць) зьняволеньне і за якіх (–кога) мы тут пакорна просім Цябе, каб Ты ў дабрыні Тваёй вызваліў іх (яго) ад путаў і няволі. Молімся Табе, міласэрны Збавіцелю, пачуй нас і зьмілуйся.

– Госпадзе, адзіны памочнік і абаронца ўбогага і слабога ад сільнага, глянь ласкава на слугаў Тваіх ..., якія нявінна мучацца ў вязьніцы, і ў міласэрнасьці Тваёй пашлі ім вызваленьне. Молімся Табе, хутка пачуй нас у Тваёй дабрыні і зьмілуйся.

– Госпадзе, які некалі ў Ягіпце вызваліў з вязьніцы праведнага Язэпа, вызвалі цяпер з горкай няволі і путаў слугаў Тваіх .... Молімся Табе, Міласэрны Збавіцелю, хутка пачуй нас і зьмілуйся.

– Яшчэ молімся за дабрачынцаў... і г. д.


Прычасьнік: Хай узыдуць да Цябе ўздыханьні зьняволеных. Алілуя, алілуя, алілуя.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст