Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 25 красавіка - Сьвятога Апостала і Евангеліста Марка


 

 

25 красавіка - Сьвятога Апостала і Евангеліста Марка

 

Вячэрня

На "Госпадзе, Цебе клічу...":

(Тон 1). Боскіх словаў пісца і вялікага настаўніка Ягіпту ўсхвалім, верныя, кажучы: Марка, мудры вучню Хрыстовы, вучэньнямі і малітвамі тваімі, не пераставай настаўляць нас да непрамінальнага жыцьця.

Ты быў спадарожнікам выбранага посуду Паўла і з ім прайшоў усю Македонію; у Рыме ж ты быў вучнем Пятра і салодкім сказацелем Евангельля; і супачыў ты, пацярпеўшы набожна ў Ягіпце, Марка, прыяцелю Хрыстовы.

Высахлыя і зьледзянелыя душы ты ажывіў сьветлымі кроплямі Евангельля; дзеля гэтага сёньня, блаславёны Марка, Александрыя разам з намі ўрачыста спраўляе памяць тваю і пакланяецца мошчам тваім.

Слава...:

(Тон 6). Ласка пацякла з вуснаў тваіх, Марка апостале, і ты быў пастырам Хрыстовае Царквы, навучаючы духоўныя авечкі верыць у адзінасутную Тройцу, адно Боства.

Цяпер...: сьвята

Чытаньне лісту сьвятога апостала Якуба (1:1-12)

Якуб, слуга Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццацём пакаленьням у расьцярушаньні: Прывітаньне!

Лічыце за вялікую радасьць, браты мае, калі на вас спадаюць розныя выпрабаваньні, ведаючы, што выпрабаваньне вашае веры родзіць вытрываласьць; а вытрываласьць павінна быць дасканалай, каб і вы былі дасканалымі, беззаганнымі, у нічым не паказваючы недахопаў. Калі ж каму не стае мудрасьці, хай просіць у Бога, які дае ўсім ахвотна і без дакораў – і будзе яму дадзена. Але няхай просіць з вераю, не сумнеючыся ў нічым, бо той хто сумняецца, падобны да марское хвалі, якую вецер уздымае і кідае то тут, то там. Такі чалавек хай ня думае, што нешта атрымае ад Госпада, бо ён хісткі і няцьвёрды ва ўсіх сваіх шляхох. Няхай жа ня хваліцца паніжаны брат сваім вывышэньнем, а багаты сваім паніжэньнем, бо ўсё праміне, быццам кветка польная. Бо ўзышло сонца сьпякотнае і высушыла траву, і кветка апала, і хараство аблічча яе счэзла; гэтак багаты ў пачынаньнях сваіх завяне. Шчасьлівы чалавек, які вытрывае ў спакусе, бо, будучы падданы выпрабаваньню, ён атрымае вянок жыцьця, што абяцаў Госпад тым, якія любяць Яго.

Чытаньне лісту сьвятога апостала Якуба (1:13-27)

У час спакушэньня ніхто хай ня кажа: Бог мяне спакушае. Бог непадуладны спакусе да злога і нікога не спакушае. А кожнага выстаўляюць на спакусу і вабяць уласныя пажаданьні. Пасьля пажаданьне, зачаўшы, спараджае грэх, а зроблены грэх спараджае сьмерць. Ня дайце сябе ашукаць, браты мае мілыя! Кожнае добро, якое атрымліваем, і кожны дар дасканалы зыходзяць згары ад Айца сьвятла, у якога няма адмены ані зьменнасьці. Захацеўшы, Ён спарадзіў нас словам праўды, каб былі быццам пачаткам тварэньняў Ягоных. Дык вось, браты мае мілыя, хай кожны чалавек будзе ахвотны слухаць, павольны гаварыць, няскоры да гневу. Бо гнеў чалавека ня творыць праўды Божае. Дзеля гэтага, адклаўшы ўсякі бруд і бязьмернасьць злосьці, у пакоры прымеце насаджанае ў вас слова, што душы нашы збавіць можа. Будзьце выканаўцамі слова, а не слухачамі толькі., ашукоўваючы саміх сябе. Бо хто слухае слова і не выпаўняе, падобны да чалавека, які разглядае свой прыродны твар у люстры. Ён паглядзеў на сябе, адышоў, і ўраз забыўся, які ён. Але хто ўвесь час разважае аб дасканалым законе свабоды і трывае ў ім, той ужо не слухач, схільны да забыцьця, але выканаўца дзеяньня; спаўняючы яго, ён атрымае шчасьце. Калі хто з вас думае, што ён багабойны, але не ўстрымлівае языка свайго, ён ашукоўвае сэрца сваё і яго багабойнасьць пустая. Чыстая багабойнасьць, беззаганная перад Богам Айцом знаходзіць сваё выражэньне ў апецы над сіротамі і ўдовамі ў патрэбе, і ў захаваньні сябе неапаганеным ад уплываў сьвету.

Чытаньне лісту сьвятога апостала Якуба (2:1-13)

Браты мае! Хай вера ваша ў Госпада нашага Ісуса Хрыста ўслаўленага не ўзіраецца на аблічча. Бо калі на вашу зборку ўвойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым адзеньні, і ўвойдзе таксама бедны, у мізэрнай вопратцы, і вы глянеце на адзетага ў багатую вопратку і скажаце яму: "Сядзь на пачэсным месцы"; а беднаму скажаце: "Стань там, ці сядзь ля падножка майго", – дык ці ж не розна паступаеце і не стаецеся судзьдзямі з нягоднымі? Паслухайце, браты мае мілыя: ці ж ня бедных сьвету гэтага выбраў Бог быць багатымі вераю і атрымаць у спадчыну валадарства, якое Ён абяцаў тым, што любяць Яго? А вы пагардзілі бедным. Ці ж не багатыя прыгнятаюць вас, і ці ж не яны цягаюць вас па судох? Ці ж не яны зьнеслаўляюць пачэснае Імя, якім вы называецеся? Калі тады выпаўняеце царскі закон што ў Пісаньні: "Любі бліжняга твайго, як самога сябе" – добра робіце. Але калі на аблічча ўзіраецеся, дык робіце грэх і закон асудзіць вас, як праступнікаў. Хто спаўняе ўвесь закон, але зграшыць у нечым адным, той робіцца вінаватым ва ўсім. Бо Той, хто сказаў "Не чужалож", сказаў таксама "Не забівай"; дык калі ты не чужаложыш, але забіваеш, то ты праступнік закону. Гаварэце і рабеце так, як тыя, што маюць быць суджаныя паводле закону свабоды. Гэта будзе суд няўмольны для тых, што не чынілі міласэрнасьці: бо міласэрнасьць вышэй за суд.

Вершапесьні

(Тон 1). Марка мудры, ты быў усямудрага Кніжніка і скарапісца пяром, напісаўшы, натхнёны Богам, аб Хрыстовым уцелаўленьні, і ясна прапаведуючы жыцьця бесконцага словы, якога дасьцігнуць дай тым, што шануюць слаўную памяць тваю.

Верш: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Марка ўсяхвальны, ты прайшоў увесь сьвет, дабравесьцячы Хрыста, быццам сонца, нішчачы промнямі веры цемру мнагабожжа. Цяпер маліся дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Марка апостале, ты прапаведаваў там, дзе раней панавала нязбожнасьць, сьветласьцю слоў тваіх разганяючы ягіпскую цемру, богапрапаведніча багаты. Цяпер маліся дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Слава...:

(Тон 8). Прыйдзіце, нябесных тайнаў прапаведніка і слугу евангельля ў псалмах і песьнях усхвалім. Ён паказаўся нам як рака духоўнага раю, барозны душэўныя нябеснымі хмарамі поячы, і робячы іх пладавітымі для Хрыста Бога, які, малітвамі яго, дае ўсім ачышчэньні і прасьвятленьне, і веліч зьмілаваньня.

Цяпер...: сьвята

Адпушчальныя трапары

Трапар (тон 3): Навучыўшыся ў вярхоўнага Пятра, ты стаўся апосталам Хрыстовым і як сонца зазьзяў на ўвесь сьвет. Ты – краса Александрыі, і табою, блаславёны, Ягіпет ад маны вызваліўся. Евангельскім вучэньнем тваім ты ўсё прасьвятліў, стаўпе царкоўны. Дзеля гэтага, шануючы памяць тваю, радасна сьвяткуем, Марка багаслоўны. Малі Бога, якога ты абвяшчаў, каб ён даў душам нашым адпушчэньне грахоў.

Слава... цяпер...: сьвята

Літургія

Трапар (тон 3): Навучыўшыся ў вярхоўнага Пятра...

Кандак (тон 2): Прыняўшы з вышыні ласку Сьвятога Духа, ты, Апостале, разьвеяў хлусьлівыя вучэнні красамоўцаў. Навукаю боскага Евангельля, ты, усяслаўны Марка, навярнуў народы і прывёў іх да Уладара Хрыста.

Пракімен: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Апостал: 1 Пт 5:6-14

Алілуя: Нябёсы славяць цуды Твае, Госпадзе, і вернасьць Тваю – хоры сьвятых.

Верш: Бог праслаўлены ў мностве сьвятых.

Евангельле: Мк 6:7-13

Прычасьнік сьвята і наступны: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх і аж да канцоў сьвету словы іх. Алілуя, алілуя, алілуя.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст