На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 3): Ты, Божае Слова, што даў нам час посту,
каб навярнуцца і жыць, а ня згінуць, зрабі нас годнымі рабіць прыемнае Табе, і ў
шчырым каяньні служыць Табе, Хрысьце, як тая чыстая і пачэсная блудніца, што
духмяным алеем і гарачымі сьлязьмі заслужыла адпушчэньне правін.
Быццам сьляпы, клічу з глыбіні сэрца: "Сыне Божы, прасьвятлі
вочы сэрца майго"; і як верная хананейка малю Цябе: "Зьмілуйся нада мною, Добры!
Маю душу, што бесіцца ў асалодах жыцьцёвых; Ты ж выведзі яе з цемры пажаданьняў
і ўчыні чыстым рэшту жыцьця майго, каб мне славіць веліч міласэрнасьці Тваёй".
(Тон 8): Боская сьветлая ласка ўстрыманасьці, што
зазьзяла нам сёньня ясьней за сонца, прасьвятляе душы нашыя і адганяе цемру
грэшных пажаданьняў. Дык пойдзем усе, радасна станем на боскі шлях поснага
подзьвігу і, умацаваныя ім, усклікнем Хрысту: "Асьвяці, Добры, тых, што яго
верна захоўваюць".
Тры песьні і багародзічны з мінэі
Пракімен (Пс. 85):
Настаў мяне, Госпадзе, на шлях Твой, і я буду хадзіць у праўдзе Тваёй.
Верш: Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё.
Чытаньне кнігі Роду
Аўрам пасяліўся на зямлі Ханаанскай; а Лот застаўся ў
суседняй краіне, пасяліўшыся ў Садоме. Жыхары Садому былі благія, вельмі грэшныя
перад Госпадам. Пасьля таго, як Лот адышоў, Госпад сказаў Аўраму: "Глянь перад
сабою, зірні з гэтага месца, дзе стаіш, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і да
мора; усю гэтую краіну, якую бачыш, даю табе і тваім нашчадкам давеку. І тваіх
нашчадкаў учыню так шматлікімі, як пясок зямны; калі хто зможа зьлічыць зёрны
пяску зямнога, той палічыць і нашчадкаў тваіх. Устань і перайдзі гэтую краіну
ўздоўж і ўшырыню: аддаю яе табе і тваім нашчадкам давеку". І пайшоў Аўрам і
прыйшоў пад Гэброн, і пасяліўся ля дуба Мамбрыйскага; і зрабіў там ахвярнік
Госпаду. (13:12-18)
Пракімен (Пс. 86):
Госпад любіць вароты Сыёну больш за ўсе сялібы Якуба.
Верш: Асновы Яго на горах Сьвятых.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Крыніца жыцьця – Страх Гасподні, што дае нам пазбегнуць сеці
сьмерці. Хвала цара – вялікі народ; у нястачы людзей руіна ўладара. Цярплівы мае
вялікі розум; хуткі на гнеў паказвае дурасьць сваю. Лагоднае сэрца – жыцьцё для
цела, зайздрасьць косьці грызе. Хто прыгнятае ўбогага, зьневажае Тварца; шануе
Яго той, хто шкадуе беднага. Злога валіць на зямлю ягоная ўласная злосьць;
праведнік у сумленнасьці сваёй знойдзе прытулак. У сэрцы разумнага мудрасьць
жыве; сярод дурняў яе не відаць. Справядлівасьць падносіць угору народ; грэх –
сорам народаў. Уладар прыхільны разумнаму слузе; гнеў ягоны на несумленнага.
Лагодны адказ суцішае гнеў; дражлівае слова выкікае лютасьць. Язык мудры дае
навучаньне; вусны дурных мелюць бязглузьдзіцу. Вочы Госпада на кожным месцы: яны
сочаць за злымі і добрымі. Лагодны язык – дрэва жыцьця: хто захоўвае яго,
напоўніцца духам. (14:27-15:4)
Вершапесьні
(Тон 7): Быццам той, хто патрапіў у рукі
разбойнікаў і быў імі паранены, так я ўпаў у шматлікія грахі і пакалечыў душу
маю. Да каго ўцяку, вінаваты? Хіба толькі да Цябе, добрасардэчнага Лекара душаў:
вылі на мяне, Божа, веліч зьмілаваньня Твайго.
(Тон 4): Першым грахом мы былі пазбаўленыя райскай
асалоды і асуджаныя на ганебнае жыцьцё і, быццам трапіўшы ў рукі разбойнікаў,
правінамі сваімі былі абакрадзеныя з дабрадзейнасьцяў і гонару; ляжым
напаўмёртвыя, правініўшыся супраць збавенных загадаў Тваіх. Але молім Цябе,
Уладару, які зьявіўся ад Марыі і які, непадуладны цярпеньням, прыбліжаешся да
дабравольных мукаў, перавяжы нашыя нанесеныя грахом раны, абмый іх Тваёй
бязьмежнай міласэрнасьцю, і ў чалавекалюбстве Тваім пакажы Твой збавенны клопат
аб нас.
Ты, што прыняў цярпеньні мучанікаў Тваіх, прымі,
Чалавекалюбча, і наша хваленьне, і малітвамі іх даруй нам багацьце зьмілаваньня
Твайго.
Багародзічны: Ад усіх бедаў захавай слуг Тваіх,
блаславёная; Багародзіца, каб нам славіць Цябе, надзею душ нашых. |