Мірная літанія
Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)
Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.
– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.
– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.
– За Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.
– За яго (яе) міласьць … (імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся.
– За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.
– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны, і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.
– За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.
– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.
– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку Госпаду памолімся.
– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Пасьля літаніі:
Чытальнік: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе.
Людзі: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам: блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. (Так пасьля наступных вершаў)
Чытальнік: Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Яго на ўсе вякі.
– Абкружылі мяне з усіх бакоў, але імем Гасподнім я супрацівіўся ім.
– Не памру, але буду жыць і абвяшчаць учынкі Госпада.
– Камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся вуглавым каменем: ад Бога гэта і дзіўнае ў нашых вачох.
Трапары
Людзі сьпяваюць трапары нядзельныя належнага тону або сьвята.
Чытаньне Псалтыра
Пасьля трапароў бывае чытаньне Псалтыра з адпаведнымі сядальнымі песьнямі і Малымі літаніямі.
Паліелей
Пасьля чытаньня псалтыра людзі сьпяваюць Паліелей (Псалмы 135,136. Гл. ніжэй).
(Пс 134) Хваліце Імя Гасподняе, хваліце, слугі, Госпада. Алілуя, алілуя, алілуя.
Вы, што стаіце ў доме Гасподнім, на двары дому Бога нашага. Алілуя, алілуя, алілуя.
(Пс 135) Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная міласэрнасьць Яго. Алілуя, алілуя, алілуя.
Слаўце Бога багоў, бо вечная міласэрнасьць Яго. Алілуя, алілуя, алілуя.
Слаўце Бога нябеснага, бо вечная міласэрнасьць Яго. Алілуя, алілуя, алілуя.
Узьвялічваньне сьвята або песьні нядзельныя
Пасьля Паліелею ў вялікія сьвяты бывае ўзьвялічваньне сьвята пасярод царквы з вынасам іконы і каджэньнем. У нядзелі людзі пяюць наступныя трапары нядзельныя; падчас сьпеву бывае каджэньне:
(Тон 5). Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў.
Хор анёлаў зьдзівіўся, убачыўшы сярод мёртвых Цябе, Збавіцелю, які зьнішчыў сілу сьмерці, Адама ўзьняў з сабою і ад пекла вызваліў усіх.
Блаславёны Ты, Госпадзе...
Чаму, вучаніцы, мяшаеце сьлёзы з алейкамі? – Сьветлы анёл міраносіцам ля магілы сказаў. – Гляньце ў магілу і пераканайцеся, што Госпад з магілы ўваскрос.
Блаславёны Ты, Госпадзе...
Міраносіцы на досьвітку пабеглі з плачам да магілы Тваёй, але анёл зьявіўся ім і сказаў: Час жалобы мінуў, спыніце плач і абвясьціце ўваскрасеньне апосталам.
Блаславёны Ты, Госпадзе...
Жанчыны-міраносіцы прынесьлі міра да магілы Тваёй, Спасе, плачучы; але анёл адазваўся да іх, кажучы: Чаму шукаеце жывога сярод мёртвых? Ён як Бог уваскрос з магілы!
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Паклонімся Айцу, і Ягонаму Сыну, і Духу Сьвятому, Тройцы сьвятой у адной сутнасьці, і ўсклікнем з сэрафімамі: Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Ты, Госпадзе.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ты, Дзева, нарадзіўшы Жыцьцядаўца, Адама вызваліла ад граху, сум Эвы на радасьць перамяніла: Бог і Чалавек, які ўзяў цела ад Цябе, тых, што ўпалі, вярнуў да жыцьця.
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)
|