Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Каляды надзеі

Цяперашнія Каляды ў Беларусі вельмі моцна нагадваюць біблейскія падзеі часоў нараджэньня Хрыста, калі кароль Ірад, баючыся страціць уладу, учыніў крывавую расправу зь нявіннымі дзяцьмі ў Бэтлееме.

На Каляды беларусы ў царкве Пятра і Паўла ў Лёндане маліліся за вязьняў і пацярпелых у нядаўніх падзеях у Менску. І напярэдадні Божага Нараджэньня, і ў сам дзень сьвята супольнасьць прыгадвала нявінна пацярпелых. Айцы Аляксандар Надсан і  Сяргей Стасевіч маліліся за вызваленьне зьняволеных і супакой у краіне. Сьвятары й вернікі словамі старажытнай літургічнай традыцыі узгадвалі несправядліва зьняволеных Язэпа й апостала Пятра:

Каб Госпад Бог пачуў нашую просьбу за слугаў сваіх, як некалі пачуў малітвы сьвятой Царквы, якая малілася за вызваленьне Пятра, памолімся. Каб Госпад Бог паказаў сваю міласэрнасьць слугам сваім, як некалі праведнаму Язэпу ў Эгіпце, і сілаю сваёю хутка вызваліў іх, памолімся. (Поўны тэкст)

У сваім казаньні а. Аляксандар Надсан нагадаў, што Сваім уцелаўленьнем Хрыстос нагадвае пра тое, што ўлада – гэта перадусім служэньне: Ён прыйшоў, «не каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць жыцьцё за адкупленьне многіх» (Мц 20:28). А. Аляксандар сказаў: “Нярэдка тыя, хто мае ўладу, паддаюцца спакусе ператварыць яе ў самамэту, як сродак самаўзвелічэньня коштам іншых. Яна дзейнічае як наркотык, безь якога яны ня могуць жыць, і яны гатовыя на ўсякае злачынства, каб толькі ўтрымаць яе ў сваіх руках. І тады ўлада ператвараецца ў дыктатуру. Прыкладаў гэтага маем шмат у гісторыі і аж да нашых дзён. У сувязі з трагічнымі падзеямі апошніх дзён у Беларусі шмат хто зь беларусаў сустракае сьвята Нараджэньня Хрыстовага з трывогаю ў сэрцы. Што чакае нас у будучыні?” (Поўны тэкст)

Днямі Беларуская Каталіцкая Місія ў Лёндане падрыхтавала невялікую калекцыю беларускіх калядак. Вернікі з радасьцю даведаліся, што гэтая падборка ўжо патрапіла ў Менск і была перададзеная палітзьняволеным у розных турмах.

Сьветлае сьвята Божага Нараджэньня ў гэтыя горкія дні становіцца напамінам пра тое, што ўрэшце перамагае ня той, хто баіцца за сваю ўладу й чыніць злачынствы, каб яе ўтрымаць, а той, хто нясе Надзею й Праду сваім людзям, краіне й сьвету.

Паводле: Belarusians in Britain | Беларусы ў Вялікабрытаніі, ад 2010.12.25.


 


 


 

 

 

Напісаць ліст