Частка першая
Просьба аб Божай апецы
Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і
Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і
Бога нашага.
Псалом 4
Калі паклічу Цябе, выслухай мяне, Божа мой справядлівы.
Ты ўзьняў мяне, калі я быў прыгнечаны, –
зьмілуйся нада мною і пачуй малітву маю
Дакуль сэрцы вашыя, сыны людзкія, будуць ацяжэлымі?
Чаму любіце пустое і шукаеце няпраўду?
Ведайце: дзіву годным робіць Госпад сьвятога свайго,
Госпад пачуе мяне, калі буду клікаць Яго.
Дрыжыце і пакіньце грашыць,
Разважайце ў сэрцах вашых, на ложах вашых, і маўчыце!
Прынясіце належныя ахвяры і спадзявайцеся на Госпада.
Многія кажуць: Хто нам пакажа шчасьце?
Госпадзе, Ты прасьвятліў нас зьзяньнем твару Твайго.
Ты напоўніў сэрца маё радасьцю, большаю за радасьць тых, каму
ўрадзіла ўдосталь пшаніцы і віна.
Як толькі лягу, спакойна засынаю, бо Ты адзіны, Госпадзе,
ахоўваеш мяне бясьпечным.
Псалом 6
Не дакарай мяне, Госпадзе, у гневе Тваім і не карай у Тваім
абурэньні.
Зьмілуйся нада мною, бо я зьнямог, ацалі мяне, бо косьці мае
трасуцца.
Душа мая вельмі ўстрывожаная: Ты ж, Госпадзе
– дакуль?
Вярніся, Госпадзе, выратуй душу маю, у міласэрнасьці Тваёй
збаў мяне,
Бо хто ж пасьля сьмерці Цябе згадае, і ў краіне мёртвых хто
Цябе хваліць будзе?
Зьнямогся я ад стогну майго, штоночы ложак мой мокры ад
сьлёзаў.
Ад суму ў вачох маіх цямнее, пастарэў я з-за ворагаў маіх.
Адыдзеце ад мяне ўсе, што чыніце благое, бо Госпад пачуў
голас плачу майго.
Госпад пачуў просьбы мае, малітву маю прыняў.
Хай усіх ворагаў маіх пакрые сорам і страх вялікі, і,
пасаромленыя, хай хутка адыдуць.
Псалом 1
Як доўга, Госпадзе? Ці ж забудзешся на мяне зусім?
Дакуль хаваць перада мною будзеш твар Твой?
Дакуль сум буду насіць у душы маёй і жаль штодня ў сэрцы
маім?
Дакуль вораг мой будзе ўзносіцца нада мною?
Глянь на мяне і пачуй мяне, Госпадзе Божа мой!
Прасьвятлі вочы мае, каб мне не заснуць сьмерцю, каб вораг не
казаў: Я яго перамог;
Каб ня цешыліся з упадку майго праціўнікі мае, бо я ж
спадзяваўся на міласэрнасьць Тваю.
Хай сэрца маё ўзрадуецца збаўленьнем Тваім,
Хай засьпяваю Госпаду, які дабро мне ўчыніў.
Псалом 24
Да Цябе, Госпадзе, узношу душу маю: Божа мой, на Цябе
спадзяюся, ня дай мне зазнаць сораму:
Хай не сьмяюцца з мяне ворагі мае. Бо ўсе, што спадзяюцца на
Цябе, не пасаромеюцца.
Хай будзе пасаромлены той, хто не датрымлівае слова без
прычыны.
Пакажы мне шлях Твой, Госпадзе, навучы мяне шляхом Тваім.
Кіруй мною ў праўдзе Тваёй і навучы мяне, бо Ты Бог і
Збавіцель мой: на Цябе заўсёды спадзяюся.
Успомні міласэрнасьць Тваю, Госпадзе, міласэрнасьць, што
трывае вечна.
Ня будзь памятлівы грахоў маёй маладосьці і правінаў маіх,
але ўспомні ў міласэрнасьці Тваёй мяне, дзеля дабрыні Тваёй, Госпадзе.
Госпад добры і справядлівь: Ён навучае грэшнікаў шляхом
сваім. У справядлівасьці кіруе пакорнымі, настаўляе пакорлівых на праўду.
Усе сьцежкі Гасподнія – ласка і
праведнасьць для тых, якія захоўваюць Яго прыказаньні і запаветы.
Дзеля імя Твайго, Госпадзе, адпусьці грэх мой, бо ён вялікі.
Хто той чалавек, што баіцца Госпада? Госпад пакажа яму, які
абраць шлях.
Сам ён зазнае шчасьця, а нашчадкі яго будуць мець у спадчыне
зямлю.
Госпад спагадлівы да тых, што Яго баяцца, і дае пазнаць ім
свой запавет.
Вочы мае заўсёды зьвернутыя да Госпада, бо Ён сам вызваліць з
сеці ногі мае.
Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною.бо я самотны і няшчасны.
Сунімі жальбу сэрца майго, вызвалі мяне з маёй сьцятасьці.
Глянь на маю бяду і цяжкасьці, і адпусьці мне ўсе правіны
мае.
Глянь на безьліч ворагаў маіх, што нянавісьцю лютаю
ненавідзяць мяне.
Сьцеражы мяне і вызваль мяне, каб мне, прыбегшы да Цябе, не
зазнаць сораму.
Хай праведнасьць і бязьвіннасьць будуць мне абаронаю, бо на
Цябе, Госпадзе, спадзяюся.
Вызваль, Госпадзе, Ізраіля, ад усіх бедаў яго.
Псалом 30
Госпадзе, да Цябе прыбягаю: ня дай мне пасаромецца ніколі.
Вызваль мяне ў справядлівасьці Тваёй.
Прыхілі вуха Тваё да мяне, збаў мяне хутчэй!
Будзь для мяне скалой абароннай, і моцнай крэпасьцю, дзе мне
знайсьці ратунак.
Бо Ты – мая скала і крэпасьць;
дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною.
Ты выведзеш мяне з сеці, якую на мяне паставілі, бо Ты мой
надзейны прытулак.
У рукі Твае аддаю дух мой, Ты ж вызваліш мяне, Госпадзе, Божа
верны.
Ты ненавідзіш тых, што шануюць нікчэмных ідалаў, я ж
спадзяюся на Госпада.
Буду радавацца і цешыцца з міласэрнасьці Тваёй, бо Ты глянуў
на гора маё, адняў ад душы маёй сум.
Ты не аддаў мяне ў рукі непрыяцеля, але паставіў ногі мае на
месцы прасторным.
Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо я
ў бядзе, ад суму саслаблі вочы мае, душа мая і нутро маё.
Жыцьцё маё – суцэльны стогн, ад
суму саслабла сіла мая і косьці мае высахлі.
Я стаў пасьмешышчам для ўсіх ворагаў маіх, ганьбаю для
суседзяў, страхоцьцем для знаёмых.
Хто мяне ўбачыць вонках, уцякае ад мяне,
Забыты, выкінуты з сэрца, быццам мёртвы, я стаўся як разьбіты
посуд.
Бо я чуў шэпты многіх навокал –
страх адусюль пагражае!
Тыя, што зышліся разам супроць мяне, зьбіраліся адабраць мне
жыцьцё.
Я ж спадзяюся на Цябе, Госпадзе, і кажу: Ты Бог мой.
У руках Тваіх лёс мой: вызвалі мяне з рук ворагаў і тых, што
перасьледуюць мяне.
Прасьвятлі сьвятлом твару Твайго слугу Твайго, збаў мяне ў
міласэрнасьці Тваёй.
Госпадзе, ня дай мне пасаромецца, бо я клікаў Цябе.
Няхай нязбожныя пакрыюцца сорамам, няхай моўчкі зыдуць у
апраметную.
Хай нямымі стануць пыхлівыя вусны, што з пагардаю нахабна
абмаўляюць праведнага.
Як вялікая дабрыня Твая, Госпадзе, што Ты зьбярог для тых,
хто баіцца Цябе,
Якую яўляеш тым, хто да Цябе прыбягае на вачох у людзей.
Ты ахоўваеш іх у ценю твару Твайго ад намоваў людзкіх, у
шатры хаваеш іх ад языкоў звадлівых.
Блаславёны Госпад, што дзівосную міласэрнасьць сваю явіў мне
ў абаронным месьце.
Я ж у зьбянтэжанасьці сваёй сказаў: Адкінуты я ад вачэй
Тваіх.
Але Ты пачуў голас малітвы маёй, калі я клікаў Цябе.
Любіце Госпада, усе сьвятыя Яго!
Госпад сьцеражэ верных, але гордым дае адплату з лішкам.
Сьмела! Хай вашае сэрца будзе
адважнае, усе вы, што спадзяецеся на Госпада.
Псалом 90
Ты, што жывеш пад апекаю Ўсявышняга і ў ценю Ўсемагутнага
прабываеш,
Скажаш Госпаду: Ты маё прыстанішча, мая абарона, Бог мой, і
на Цябе спадзяюся.
Ён выбавіць цябе ад сеці лаўца і ад наглай загубы.
Ён пакрые цябе пёрамі сваімі, і пад крыламі Яго ты знойдзеш
прытулак.
Не збаішся жахаў начных, ні стралы, што ляціць удзень;
Ні страху, што крыецца поцемкам; ні мору, што ў поўдзень
пустошыць.
I хоць бы тысячы палі побач з табою, і дзесяткі
тысячаў па правай руцэ тваёй,
Цябе нішто не кране, бо вернасьць Яго –
твой шчыт і панцыр.
Ты толькі глянеш навокал – і ўбачыш
адплату грэшнікам.
Бо ты сказаў: "Госпад мая абарона", і Ўсявышняга выбраў сабе
за прытулак.
Ніякая бяда не напаткае цябе, і пошасьць не наблізіцца да
жыльля твайго.
Ён загадае анёлам сваім пра цябе, каб сьцераглі цябе, куды б
ты не ішоў.
На руках сваіх панясуць цябе, каб не спатыкнуцца аб камень
назе тваёй.
На аспіда і вужа наступіш і патопчаш льва і зьмяю.
Таму, што ён палюбіў Мяне, Я выбаўлю яго і абараню яго, бо ён
пазнаў імя Маё.
Будзе клікаць Мяне, і Я адгукнуся яму; буду з ім у дзень
суму, выбаўлю яго і ўслаўлю яго.
Доўгім жыцьцём напоўню яго і дам яму ўбачыць збаўленьне Маё".
Слава ... цяпер ...
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа.
(Тройчы)
Госпадзе, зьмілуйся.(Тройчы)
Слава ... цяпер ...
|