Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Сьвяты Хрост - новая рэдакцыя


 

 

Сьвяты Хрост - новая рэдакцыя

 

ПАРАДАК СЬВЯТОГА ХРОСТУ

 

Пачатковыя малітвы

Сьвятар, апрануты ў сьветлае ўбраньне, пры ўсіх запаленых сьвечках, кадзіць хрысьцільню наўкол.

Дыякан: Блаславі, уладару.

Сьвятар: Блаславёнае валадарства Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Гэтаксама пасьля наступных просьбаў).

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

Дыякан: За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

Дыякан: За Сьвятога Айца нашага ... Папу Рымскага і за дастойнага архібіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб гэтая вада асьвяцілася моцаю і дзеяньнем, і найсьцем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб на гэтую ваду была спасланая ласка адкупленьня, блаславеньне Ярдану, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб на гэтую ваду зышло ачышчальнае дзеяньне звышсутнае Тройцы.

Дыякан: Каб прасьвятліцца нам прасьвятленьнем веды і набожнасьці, найсьцем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб яна паслужыла для адагнаньня ўсялякага подступу бачных і нябачных ворагаў, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб той (або тая), хто хрысьціцца ў ёй, стаўся годным вечнаіснага валадарства.

Дыякан: За таго, хто набліжаецца цяпер да сьвятога прасьвятленьня, і за збаўленьне яго (або яе), Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб яму (або ёй) стацца сынам (або дачкою) сьвятла і спадкаемцам (або спадкаемніцай) вечных дабротаў, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб яму (або ёй) стацца ўдзельнікам сьмерці і ўваскрасеньня Хрыста Бога нашага, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб яму зьберагчы ўбраньне Хросту і зарок Духа незаплямленымі і беззаганнымі ў страшны дзень Хрыста Бога нашага, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб гэтая вада сталася для яго (або для яе) абмываньнем у абнаўленьне, адпушчэньнем грахоў і апрананьнем ў неўміручасьць, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб Госпад Бог пачуў голас маленьня нашага, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб яму (або ёй) і нам выбавіцца ад усякага смутку, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьце наша Хрысту Богу аддайма.

Сьвятар (у міжчасе моліцца ціха): Спагадлівы і міласэрны Божа, што ўглядаешся ў нашыя душы і сэрцы, і адзіны ведаеш таямніцы людзкія, бо няма рэчы, утоенай ад Цябе, але ўсё аголенае і адкрытае перад вачыма Тваімі, Ты ўсё ведаеш пра мяне, не пагардзі мною і не адвярні аблічча Твайго ад мяне і не зважай на мае правіны ў часіну гэтую – Ты, што не зважаеш на правіны чалавека ў пакаяньні; абмый мяне ад бруду цялеснага і заплямленасьці душы, і ўсяго мяне цалкам асьвяці нябачнаю сілаю Тваёю і правай рукою Тваёю духоўнаю. Каб я, абвяшчаючы свабоду іншым і робячы гэта з вераю ў Тваё невыказнае чалавекалюбства, сам бясслаўна ня стаўся нявольнікам граху. Не адвярніся ад мяне, упакоранага, адзіны добры і чалавекалюбны Уладару, але спашлі мне сілу згары і ўмацуй мяне на адпраўленьне гэтай Тваёй вялікай і нябеснай тайніцы. Надай вобраз Хрыста Твайго таму (або той), хто жадае нарадзіцца наноў праз маё ўбоства. Збудуй яго (яе) на падмурку Тваіх апосталаў і прарокаў, і не абрынь яго долу, але пасадзі яго (яе) саджанцам праўды ў Тваёй сьвятой, паўсюднай і апостальскай Царкве, і ня вырві яго (яе), каб ён, узрастаючы ў набожнасьці, славіў гэтым ўсесьвятое імя Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Блаславеньне вады

(Калі вада ўжо асьвячаная, гэтая частка прапускаецца)

Сьвятар (уголас): Госпадзе Божа ўсемагутны, Творча ўсяго, што існуе, бачнага і нябачнага; Ты стварыў неба, зямлю і мора, і ўсё, што ў іх. Ты сабраў воды ў адно і, зачыніўшы бездань, запячатаў яе страшэнным і слаўным іменем Тваім, узвысіўшы воды па-над нябёсы. Ты ўмацаваў зямлю на водах, Ты ўмацаваў сілаю сваёю мора; Ты раструшчыў галовы зьмеяў у водах. Страшэнны Ты: хто паўстане супраць Цябе? Глянь, Госпадзе, на гэтае стварэньне Тваё і на гэтую ваду, і дай ёй ласку адкупленьня, блаславеньне Ярдану; учыні яе крыніцаю неўміручасьці, дарам асьвячэньня, грахоў адпушчэньнем, хваробаў ацаленьнем, дэманаў загубаю, супраціўным сілам непрыступнаю, анёльскай моцы напоўненаю; каб уцякалі ад яе паклёпнікі на стварэньне Тваё. Бо я, Госпадзе, паклікаў цудоўнае і слаўнае імя Тваё, страшэннае для ўсіх праціўнікаў.

Пальцамі правай рукі тройчы робіць знак крыжа на вадзе, дзьме на яе і кажа за кожным разам:

Хай скрышацца пад знакам Крыжа Твайго ўсе супраціўныя сілы.

(Уголас) Бо Табе належыцца слава, улада, пашана і пакланеньне, разам з адвечным Тваім Айцом, і з усесьвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Блаславеньне алею

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы вашы Госпаду схіліце.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар дзьме тройчы на чару з алеем, якую трымае дыякан, і тройчы робіць над ёю знак крыжа.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Сьвятар: Уладару Госпадзе, Божа айцоў нашых, Ты паслаў тым, што былі ў Ноевым каўчэзе, галубку з аліўнай галінкаю ў дзюбе, як сымбаль прымірэньня і збаўленьня ад патопу, і такім чынам прадвясьціў таямніцу ласкі; і даў плод аліўны для спаўненьня сьвятых Тваіх тайніц. Ты напаўняў праз гэта Духам Сьвятым тых, што былі пад законам, і зараз робіш дасканалымі тых, што пад ласкаю. Дык блаславі і гэты алей моцаю, дзеяньнем і найсьцем Сьвятога Духа, каб яму быць памазаньнем неўміручасьці, зброяю справядлівасьці, абнаўленьнем душы і цела, адагнаньнем усякіх д’ябальскіх чынаў, вызваленьнем ад усяго благога тым, хто з вераю памазваецца ім ці прымае яго, на славу Тваю і адзінароднага Твайго Сына, і ўсесьвятога, і добрага, і жыватворчага Твайго Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар тройчы робіць алеем знак крыжа на вадзе (пры дапамозе пэндзліка або пальца), сьпяваючы разам з людзьмі “Алілуя, алілуя, алілуя”.

Сьвятар (уголас): Блаславёны Бог, які прасьвятляе і асьвячае кожнага чалавека, што прыходзіць на сьвет, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар пэндзлікам або пальцам, абмакнутым у алеі, робіць знак крыжа на ілбе таго, хто мае хрысьціцца, кажучы:

Памазваецца слуга Божы (або Божая) (імя) алеем радасьці ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, каб адчыніўся ягоны (або ейны) розум для разуменьня і прыняцьця веры Хрыстовае і пазнаньня праўды Яго, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Робячы знак крыжа на грудзях, кажа:

На ацаленьне душы і цела, і каб ён палюбіў (або яна палюбіла) Госпада Бога ўсім сэрцам сваім, усёй душою сваёю і ўсім розумам сваім, і бліжняга свайго, як самога (або самую) сябе.

Робячы знак крыжа на плячах, кажа:

Каб яму (або ёй) шчыра ўзяць ярмо Хрыстовае, і ахвотна несьці лёгкі цяжар Яго, адцураўшыся ўсіх пажадлівасьцяў цела.

Робячы знак крыжа на вушах, кажа:

Каб слых ягоны (або ейны) быў чуйным да веры і ўспрыняцьця голасу Боскага Эвангельля.

Памазваючы рукі, кажа:

Каб яму (або ёй) беззаганна ўздымаць рукі да сьвятога, і ва ўсякі час чыніць справядлівасьць, і бласлаўляць Госпада.

Робячы знак крыжа на нагах, кажа:

Каб яму (або ёй) хадзіць па сьлядах запаветаў Хрыстовых.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст