Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Сьвяты Хрост - новая рэдакцыя


 

 

Сьвяты Хрост - новая рэдакцыя

Тэкст службаў у перакладзе а. Аляксандра Надсана,
папраўлены і пашыраны.
Тэксты Сьвятога Пісьма ў новым перакладзе з грэцкай мовы.
Агульная рэдакцыя і пераклад – а. Сяргей Стасевіч і д-р Ірына Дубянецкая

 

МАЛIТВЫ ЗА ПАКЛIКАНЫХ

Пакліканы прыводзіцца ў прытвор царквы, дзе яго сустракае сьвятар, апрануты ў эпітрахіль і фэлон. Тады сьвятар тройчы дзьме на твар пакліканага, тройчы робіць над ім знак крыжа, пасьля чаго ўскладае яму на галаву правую руку. Пакліканы ў міжчасе стаіць тварам на ўсход у адной кашулі, з непакрытай галавой, расьперазаны, басанож, з апушчанымі долу рукамі.

Сьвятар: Госпаду памолімся.

У імя Тваё, Госпадзе Божа праўды, і адзіна-роднага Сына Твайго, і Духа Твайго Сьвятога ўскладаю руку маю на слугу Твайго (або Тваю) ... (імя), што стаўся годным (або сталася годнай) прыбегчы да сьвятога імені Твайго і знайсьці прытулак пад покрывам крылаў Тваіх. Адымі ад яго (або ад яе) старую спакусу, напоўні яго (або яе) вераю ў Цябе, надзеяю і любоўю, каб ён зразумеў (або яна зразумела), што Ты – адзіны сапраўдны Бог, і адзінародны Твой Сын, Госпад наш Ісус Хрыстос, і Дух Твой Сьвяты. Дай, каб ён (або яна) заўсёды хадзіў (або хадзіла) ва ўсіх запаветах Тваіх і захоўваў (або захоўвала) тое, што прыемнае Табе: бо той, хто так робіць, жыцьцё ў іх мець будзе. Упішы яго (або яе) ў Тваю кнігу жыцьця, далучы яго (або яе) да статку спадчыны Тваёй, каб праславілася ў ім (або ў ёй) імя сьвятое Тваё, і любага Сына Твайго, Госпада нашага Ісуса Хрыста, і жыватворчага Твайго Духа. Хай вочы Твае заўсёды ласкава глядзяць на яго (або яе), і вушы Твае хай чуюць голас маленьня яго (або яе). Дай яму цешыцца з твораў рук сваіх, і з ўсяго роду ягонага (або ейнага), і каб дзякаваў (або дзякавала) Табе, пакланяючыся Табе, і славіў (або славіла) вялікае і велічнае імя Тваё, і аддаваў (або аддавала) Табе хвалу праз усе дні жыцьця свайго.

(Уголас) Бо Цябе хваляць усе сілы нябесныя, і Твая ёсьць слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Прырачэньне першае

Сьвятар: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе зьмілуйся.

Сьвятар: Цябе, д’ябле, ушчувае Госпад, які прыйшоў на сьвет і пасяліўся сярод людзей, каб скінуць тваю тыранію і людзей вызваліць; Той, які на Дрэве супраціўныя сілы перамог, ажно сонца пацьмянела і зямля скаланулася, і магілы паадчыняліся, і целы сьвятых папаўставалі; Той, які разбурыў сьмерцю сьмерць і зрынуў таго, хто меў уладу сьмерці, то-бок цябе, д’ябле. Прыракаю цябе Богам, які явіў дрэва жыцьця і дзеля ягонае абароны ўсталяваў хэрувіма і вогненны меч абаротны. Будзь ушчуваны і адступіся. Бо прыракаю цябе Тым, хто хадзіў, як па сушы, па паверхні мора і ўшчуваў віхуру; Тым, чый пагляд высушае бездань і гнеў расплаўляе горы. Вось жа і зараз Ён ушчувае цябе праз нас. Збойся, выйдзі і адступіся ад гэтага стварэньня, і не вяртайся, і не затойвайся ў ім, і не сустракайся яму, і не апануй ім ані ўначы, ані ўдзень, ані ранкам, ані апоўдні, але сыдзі ў сваё прадоньне ажно да прыгатаванага вялікага суднага дня. Збойся Бога, які сядзіць на хэрувімах і ўглядаецца ў бездань, перад якім трымцяць анёлы, арханёлы, пасады, гаспадарствы, пачаткі, улады, сілы, шматвокія хэрувімы і шасьцікрылыя сэрафімы, перад якім трымцяць неба і зямля, мора і ўсё, што ў іх. Выйдзі і адступіся ад прыпячатанага новапакліканага воя Хрыста Бога нашага, бо прыракаю цябе Тым, хто ходзіць на крылах ветру і робіць духаў пасланцамі сваімі і служкамі сваімі – полымя агню. Выйдзі і адступіся ад стварэння гэтага з усімі сіламі і анёламі сваімі.

(Уголас) Каб праславілася імя Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Прырачэньне другое

Сьвятар: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Бог сьвяты, страшны і слаўны, ва ўсіх чынах сваіх і моцы сваёй неспасьцігальны і недасьледавальны; Той, хто прадвызначыў табе, д’ябле, вечнаю карай пакараным быць, праз нас, нягодных слугаў сваіх, загадвае табе і ўсёй хаўрусьніцкай тваёй сіле адступіцца ад новапрыпячатанага (або новапрыпячатанае) ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, праўдзівага Бога нашага. Такім чынам прыракаю цябе, найзьлейшага, і нячыстага, і бруднага, і мярзотнага, і чужынскага духа, сілаю Ісуса Хрыста, які мае ўсю ўладу на небе і на зямлі, і які сказаў глухому і нямому дэману: “Выйдзі з чалавека і больш не ўваходзь у яго”. Адступіся, зразумей марнасьць сваёй сілы, што і над свіньнямі ўлады ня мае. Успомні Таго, хто загадаў табе паводле просьбы тваёй ў гурт сьвіней увайсьці. Збойся Бога, на чый загад зямля была ўмацаваная на водах, які стварыў неба, усталяваў горы і выраўняў даліны; які паклаў пясок мяжою для мора і ў магутных водах надзейны шлях; які дакранаецца да гораў — і яны дымяцца; які ахутваецца сьвятлом, нібы вопраткай; які расьцягнуў неба, быццам намёт, і крые водамі гарышчы свае; які ўсталяваў зямлю на ёйным надзейным падмурку, і не пахісьнецца навек вякоў; які выклікае ваду марскую і вылівае яе на аблічча ўсёй зямлі. Выйдзі і адступіся ад таго, хто рыхтуецца да сьвятога прасьвятленьня. Прыракаю цябе збавеннымі пакутамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і пачэсным Яго Целам і Крывёю, і страшным Яго прыйсьцем. Бо Ён прыйдзе на хмарах, прыйдзе і не замарудзіць, каб судзіць усю зямлю, а цябе і хаўрусьніцкую тваю сілу змучыць у геене вогненнай, аддаўшы ў цемру вонкавую, дзе чарвяк нядрэмны і агонь не згасае.

(Уголас) Бо ўлада Хрыста Бога нашага з Айцом і Святым Духам, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Прырачэньне трэцяе

Сьвятар: Госпаду памолімся

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Госпадзе сілаў, Божа Ізраіля, што аца-ляеш усялякую хваробу і ўсялякую немач, глянь на слугу Твайго (або Тваю) ... (імя), дасьледуй і выпрабуй яго (або яе), і адгані ад яго (або ад яе) ўсякае дзеяньне д’ябальскае. Паўшчувай нячыстых духаў, выгані іх і ачысьці твор рук Тваіх, і хуткім дзеяньнем сваім ураз скрышы шатана пад ногі яму (або ёй), і дай яму (або ёй) перамогу над ім і над ягонымі нячыстымі духамі.

(Уголас) Каб, атрымаўшы ласку ад Цябе, ён стаўся годным (або яна сталася годнаю) несьмяротных і нябесных Тваіх тайніц і Табе славу аддаваў (або аддавала), Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Існы Уладару Госпадзе, Ты стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства, і даў яму моц вечнага жыцьця; а калі ён адпаў ад Цябе праз грэх, Ты не пагардзіў ім, але зладзіў збаўленьне сьвету праз учалавечаньне Хрыста Твайго. Выбаў цяпер вось і гэтага (або гэтую) слугу Твайго (або Тваю) ад варожых напасьцяў, прымі яго (або яе) ў нябеснае Тваё валадарства, адкрый вочы ягонага (або ейнага) розуму, каб ён прасьвятліўся (або яна прасьвятлілася) зьзяньнем Эвангельля Твайго; дай яму (або ёй) за спадарожніка жыцьця сьветлага анёла, які б ахоўваў яго (або яе) ад усялякіх подступаў ворага, ад сустрэчы з ліхім, ад зводу паўдзённага і ад ліхіх мараў.

І тройчы дзьме яму на вусны, на лоб і на грудзі,за кожным разам кажучы:

Адгані ад яго (або ад яе) ўсякага злога і нячыстага духа, што хаваецца і тоіцца ў ягоным (або ёйным) сэрцы.

І працягвае:

Духа спакусы, духа зла, духа ідалапаклонства ды ўсялякае пажадлівасьці, духа маны і ўсялякага благоцьця, што дзейнічаюць, навучаныя д’яблам. І ствары з яго (або яе) сьвядомую авечку духоўнага статку Хрыста Твайго, вартасную частку Царквы Тваёй, сасуд асьвячаны, дзіця сьвятла і спадкаемцу валадарства Твайго, каб ён (або яна), жывучы паводле запаветаў Тваіх, зьбярогшы пячатку непарушнаю і захаваўшы ўбор незаплямленым, здабыў (або здабыла) блаславенства сьвятых у валадарстве Тваім.

(Уголас) Ласкаю, міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар паварочвае пакліканага (калі гэта малое дзіця — хросных бацькоў, якія адказваюць за яго) на захад і тройчы пытаецца:

Сьвятар: Ці адракаешся ад шатана і ўсіх чынаў ягоных, і ўсіх анёлаў ягоных, і ад усякага служэньня яму, і ад ўсяе пыхі ягонае?

Пакліканы (за кожным разам): Адракаюся.

Сьвятар: Ці адрокся (або адраклася) ты ад шатана?

Пакліканы: Адрокся (або адраклася).

Сьвятар паварочвае пакліканага на ўсход і пытаецца:

Сьвятар (тройчы): Ці злучаешся з Хрыстом?

Пакліканы (за кожным разам): Злучаюся.

Сьвятар: Ці злучыўся (або злучылася) ты з Хрыстом?

Пакліканы: Злучыўся (або злучылася).

Сьвятар: Ці верыш Яму?

Пакліканы: Веру Яму, як Уладару і Богу.

І кажа Вызнаньне веры:

Веру ў адзінага Бога Айца, Усемагутнага, Творцу неба і зямлі, бачнага ўсяго і нябачнага; і ў адзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі; Сьвятло ад Сьвятла, праўдзівага Бога ад праўдзівага Бога, народжанага, нястворанага, адзінасутнага з Айцом, праз якога ўсё стала быць. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня зышоў з неба, прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы і стаўся чалавекам; быў укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце, цярпеў і быў пахаваны; і на трэці дзень уваскрос згодна з Пісаньнямі; і ўзышоў на неба, і сядзіць па правай руцэ Айца; і зноў прыйдзе ў славе судзіць жывых і мёртвых, і Яго валадарству ня будзе канца. Веру ў Духа Сьвятога, Госпада, жыватворчага, які ад Айца паходзіць, якому належыцца пакланеньне і слава разам з Айцом і Сынам, які гаварыў праз прарокаў. У адзіную, сьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў. Чакаю ўваскрасеньня мёртвых і жыцьця будучага веку. Амін.

Сьвятар (тройчы): Ці злучыўся (або злучылася) ты з Хрыстом?

Пакліканы (за кожным разам): Злучыўся (або злучылася).

Сьвятар: Дык пакланіся Яму.

Пакліканы: Пакланяюся Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, Тройцы адзінасутнай і неразьдзельнай.

Сьвятар: Блаславёны Бог, што ўсім людзям жадае збаўленьня і прыйсьця да пазнаньня праўды, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін

Сьвятар: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Уладару Госпадзе, Божа наш, пакліч слугу Твайго (або Тваю) ... (імя) да сьвятога Твайго прасьвятленьня і зрабі яго (або яе) годным (або годнай) гэтае вялікае ласкі – сьвятога Твайго Хросту; адымі ад яго (або ад яе) старое і ўзнаві яго (або яе) да вечнага жыцьця, напоўні яго (або яе) сілаю Сьвятога Твайго Духа дзеля еднасьці з Хрыстом Тваім, каб ня быць яму (або ёй) дзіцём цела, але дзіцём валадарства Твайго.

(Уголас) Спагадаю і ласкаю адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст