Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог...":
Трапар сьвята (тон 1). Радуйся, поўная ласкі
Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які
прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі
свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне.
(Тройчы)
Сядальная песьня 1 (тон 1). Хай дзівяцца
цуду анёльскія хоры, а мы, людзі, на ўвесь голас запяём, убачыўшы невыказную
Божую спагадлівасьць, бо вось сёньня старэчыя рукі абдымаюць Таго, перад кім
дрыжаць усе сілы нябесныя, – адзінага Чалавекалюбца.
Слава ... цяпер ...: тое самае
Сядальная песьня 2 (тон 1). Той, хто з
Айцом сядзіць на сьвятым пасадзе, прыйшоўшы на зямлю, нарадзіўся ад Дзевы, і
Спрадвечны стаўся дзіцяткам. Сямён бярэ Яго на свае рукі і радасна кажа:
"Сёньня, Добры, адпускаеш слугу Твайго, усьцешыўшы яго".
Слава ... цяпер ...: тое самае
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...
Узьвялічваньне: Узьвялічваем Цябе, Жыцьцядаўча
Хрысьце, і шануем усячыстую Маці Тваю, што прынесла Цябе, згодна з законам, у
сьвятыню Гасподнюю.
Верш 1. З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя
словы: песьню маю пяю ўладару; язык мой – пяро пісца.
Верш 2. Зраблю імя Тваё памятным з пакаленьня ў
пакаленьне.
Верш 3. Госпад у сьвятыні сваёй; Госпад – пасад
Яго на нябёсах.
Верш 4. Дому Твайму належыцца сьвятасьць праз усе
дні.
Слава ... цяпер ...
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа!
(Тройчы)
Сядальная песьня (тон 4).
Спрадвечны стаецца дзіцяткам дзеля мяне; Бог усячысты прымае ачышчэньне, каб
упэўніць мяне, што Ён сапраўды прыняў цела ад Дзевы. Сямён, прычасьнік тайніцы,
вызнаў Яго як Бога ў целе. Ён усьцешыўся і прывітаў Яго як Жыцьцё, і, будучы
старым, усклікнуў: "Адпусьці мяне, бо я ўбачыў Цябе, Жыцьцё ўсіх".
Слава ... цяпер ...: тое самае
Узыходная песьня: Першы антыфан 4 тону.
Пракімен. Зраблю імя Тваё памятным з пакаленьня ў
пакаленьне.
Верш. З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя словы:
песьню маю пяю ўладару.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі
У той час быў у Ерусаліме чалавек, якому імя было Сямён. Гэта
быў чалавек справядлівы і пабожны, які чакаў суцяшэньня Ізраілевага, і Сьвяты
Дух быў на ім. Яму было абвешчана Сьвятым Духам, што ня ўбачыць сьмерці, пакуль
ня ўбачыць Хрыста Гасподняга. І вось, натхнёны Духам, прыйшоў ён у сьвятыню. І
калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад, ён узяў
Яго на свае рукі, блаславіў Бога і сказаў: "Цяпер адпускаеш у супакоі слугу
Твайго, Госпадзе, паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое
Ты падрыхтаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу
Ізраіля, люду Твайго". (2:25-32)
Пасьля Пс 50:
Слава ...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці
мноства правінаў нашых.
Цяпер ...: тое самае
Зьмілуйся нада мною, Божа...:
(тон 6). Няхай адчыніцца нябесная брама, бо вось нязьменны Бог,
спрадвечнае Слова Айца бярэ пачатак у часе. Як саракадзённае дзіцятка Ён
дабравольна прыносіцца Маці-Дзеваю ў законную сьвятыню. Сямён стары бярэ Яго на
рукі свае і кажа: "Адпусьці цяпер слугу Твайго, Уладару, бо мае вочы бачылі
збаўленьне Тваё. Ты прыйшоў на гэты сьвет збавіць род людзкі". Госпадзе, слава
Табе!
|