Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 29 чэрвеня - сьв. слаўных апосталаў Пятра і Паўла


 

 

29 чэрвеня - сьв. слаўных апосталаў Пятра і Паўла

Ютрань

Пасьля "Госпад – Бог ...":

Апосталам (тон 4). Першыя сярод апосталаў і сусьветныя настаўнікі, Уладара ўсіх маліце, каб Ён дараваў супакой усяму сьвету і душам нашым багацьце свайго зьмілаваньня. (Двойчы)

Слава ... Цяпер...:

Багародзічны (тон 4). Тайна, спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, якім уваскрасіў першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.


Першая сядальная песьня (тон 8). Ты пакінуў лоўлю рыбаў, атрымаў з неба ад Айца Боскае адкрыцьцё ўцелаўленьня Слова і сьмела ўсклікнуў з вераю Творцу твайму: "Ведаю Цябе, як адзінасутнага Сына Божага". Дзеля гэтага ты, Пётра апостале, дастойна завешся каменем веры і ключаром ласкі. Малі Хрыста Бога даць адпушчэньне грахоў тым, што спраўляюць з любоўю светлую памяць тваю.

Слава ...: (тон 1). Царкоўны камень, Пятра ўсяхвальнага, і змагара за веру Паўла, сусьветную сець, дастойна ўсхвалім, верныя, як тых, што маюць ключы нябесныя. Ад іх прасьвятліўся ўвесь сусьвет вераю ў Тройцу. Слава Таму, хто ўславіў вас; слава Таму, хто ўмацаваў вас; слава Таму, хто дае праз вас жыцьцё вечнае.

Цяпер ...: (тон 1). Усесьвятая Дзева, уздымі рукі Твае, — што некалі насілі Творцу, які ў дабрыні сваёй стаўся чалавекам, — і малі Сына Твайго захаваць ад спакусы, страсьцяў і небясьпекі ўсіх тых, што з любоўю славяць Цябе і клічуць: "Слава Таму, хто пасяліўся ў Табе; слава таму, хто выйшаў з Цябе; слава Таму, хто вызваліў нас нараджэньнем Тваім!"


Другая сядальная песьня (тон 8). Ты атрымаў ад Хрыста пакліканьне з неба, быў прапаведнікам усяму сьвету і ўсіх прасьвятліў ласкаю навукі тваёй; выкараніўшы няволю пісанага закону, ты прынёс верным сьвятло пазнаньня Духа. Дзеля гэтага ты, Паўле апостале, быў дастойна ўзьняты да трэцяга неба і дасягнуў раю. Малі цяпер Хрыста Бога даць адпушчэньне грахоў тым, што з любоўю спраўляюць сьвятую памяць тваю.

Слава ...: (тон 4). Быццам зоркі, што асьвятляюць усю зямлю промнямі сваімі, так і вы прасьвятляеце ўсіх вашым прапаведаваньнем, удзельнікі нябесных тайніцаў і апосталы Гасподнія.

Цяпер ...: (тон 4). Надзейную Заступніцу тых, што ў бедах, нашую Памочніцу і Хадайніцу перад Богам, праз якую мы вызваліліся ад тленнасьці, Багародзіцу верна ўславім.


Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...


Узьвялічваньне: Узьвялічваем вас, апосталы Хрыстовыя, што ўвесь сьвет прасьвятляеце навукаю вашаю, і ўсіх да Хрыста прыводзіце.

Верш 1. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Верш 2. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Верш 3. Ад усходу сонца да захаду хай будзе праслаўленае імя Гасподняе.

Верш 4. Госпад сілу людзям сваім дае, Госпад бласлаўляе людзей сваіх супакоем.

Слава ... Цяпер...:

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)


Сядальная песьня (тон 8). Усхвалім Пятра і мудрага Паўла, найвышэйшых вучняў і вялікія сьветчы. Загарэўшыся агнём Боскага Духа, яны разьвеялі туман маны, стаўшыся воямі нябеснага валадарства і саўдзельнікамі Пасаду ласкі. Дзеля гэтага радасна ўсклікаем: "Апосталы Хрыста Бога, выпрасіце адпушчэньне грахоў для тых, што з любоўю сьвяткуюць вашую памяць". (Двойчы)

Слава ... Цяпер...:

(Тон 8). Як беззаганная Нявеста Творцы, Маці Збавіцеля, што мужа ня знала, усяхвальная скарбніца Пацяшыцеля, спяшайся вызваліць мяне, агіднае жыльлё беззаконьня, чый розум стаўся пацехаю бесаў, і ўчыні мяне сьветлым жыльлём дабрадзейнасьцяў і нятленных багацьцяў. Малітвамі Тваімі адгані ад мяне хмару пажадлівасьцяў і ўчыні дастойным удзельнікам вышэйшага жыцьця і незаходнага сьвятла.


Узыходная песьня: першы антыфан 4 тону.


Пракімен. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна

У той час зьявіўся Ісус вучням сваім, уваскросшы з мёртвых, і кажа Сымону Пятру: "Сымоне, сыне Ёны, ці любіш Мяне больш, чым яны?" Адказаў Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што люблю Цябе". Кажа яму: "Пасі ягнятаў Маіх". Зноў кажа яму другі раз: "Сымоне, сыне Ёны, ці любіш мяне?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што люблю Цябе". Кажа яму: "Пасі авечак Маіх". Кажа яму трэці раз: "Сымоне, сыне Ёны, ці любіш ты Мяне?" Засумаваў Пётра, што Ён сказаў яму трэці раз: "Ці любіш Мяне?" I сказаў Яму: "Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што люблю Цябе". Кажа яму Ісус: "Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, дык падпярэзваўся сам і ішоў, куды хацеў; калі ж пастарэеш, працягнеш твае рукі, і іншы падпярэжа цябе і павядзе, куды ня хочаш". Гэта Ён сказаў, даючы зразумець, якой сьмерцю ён праславіць Бога. I, сказаўшы гэта, кажа яму: "Ідзі сьледам за Мною". Павярнуўшыся, Пётра ўбачыў, што за ім ідзе вучань, якога любіў Хрыстос, той самы, які на вячэры прыпаў да Ягоных грудзей і сказаў: "Госпадзе, хто прадасьць Цябе?" Дык, угледзеўшы яго, Пётра кажа Ісусу: "Госпадзе, а ён што?" Кажа яму Ісус: "Калі я хачу, каб ён застаўся, пакуль Я прыйду, што табе да гэтага? Ты ідзі за Мною". I разышлося гэтае слова сярод братоў, што вучань гэты не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, але: "Калі хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да гэтага?" Гэта і ёсьць той вучань, які сьведчыць пра гэта і напісаў гэта. I мы ведаем, што сьведчаньне ягонае праўдзівае. Ёсьць шмат іншага, што зрабіў Ісус: калі б пра ўсё гэта напісаць, дык думаю, што і ўвесь сьвет не зьмясьціў бы гэтых напісаных кнігаў. (21: 15-25)


Псалом 50. Пасьля:

Слава ...: Малітвамі апосталаў, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.

Цяпер ...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.

Зьмілуйся нада мною, Божа ...:

(Тон 6). Прапаведнікаў праўдзівай набожнасьці і сьветлыя зоркі царкоўныя, — Пятра, каменя веры і Паўла, вялікага настаўніка і тайніка Хрыстовага, — ўсхвалім у песьнях. Яны пасеялі слова праўды ў сэрцах верных і зрабілі іх пладавітымі, і моляць Хрыста Бога за збаўленьне душаў нашых.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст