Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 11 траўня - Сьвятых і роўных Апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода


 

 

11 траўня - Сьвятых і роўных Апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 2). Якімі пахвальнымі песьнямі, якімі вянкамі ўпрыгожым багамудрых сьвятаначальнікаў, Тройцы адзінасутнай прапаведнікаў, якія сьвятлом Евангельля прасьвятлілі славянскія народы, што знаходзіліся ў цемры і ценю сьмерці? Дзякуючы ім і мы, як дзікае аліўнае дрэва, былі прышчэпленыя да дабраплоднага кораня праўдзівай веры і атрымалі ад Хрыста Бога супакой і веліч зьмілаваньня. (Двойчы)

Якімі пахвальнымі песьнямі ўшануем багамудрых настаўнікаў – Мятода, жыхара пустыні, што на адзіноце ўзбагаціў сябе пладамі Духа; і Кірылу залатаслоўнага, які любоўю мудрасьці прыдбаў сабе мудрасьць нябесную і пасароміў паганскіх мудрацоў? Праз іх Хрыстос Бог наш дараваў і нам веліч зьмілаваньня. (Двойчы).

Якімі пахвальнымі песьнямі ўзьвялічым сьвятаначальнікаў – Мятода, які дзеля любові Хрыста пакінуў прынады гэтага сьвету і ў манаскім стане мужна змагаўся, служачы Нябеснаму Уладару; і Кірылу, які з маладых гадоў выбраў сабе мудрасьць за спадарожніцу і падвоіў на славу Богу дадзеныя яму таленты. Дзякуючы ім і мы, пазнаўшы спрадвечную Тройцу – Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, – атрымліваем ад Хрыста Бога веліч зьмілаваньня.

Якімі духоўнымі песьнямі ўзьвялічым вас, сьвятаначальнікі? Вы сталіся апосталамі славянаў і шмат папрацавалі, каб прасьвятліць іх сьвятлом богапазнаньня; вынаходніцтвам славянскага пісьма вы адчынілі ім дзьверы да разуменьня дабравешчаньня Хрыста, які дае ўсім супакой і веліч зьмілаваньня.

Слава...:

(Тон 6). Прыйдзіце, людзі, усхвалім роўных апосталам настаўнікаў славянскіх і верных заступнікаў, красу сьвятаначальнікаў, кажучы: Радуйся, Кірыла, залатая труба багаслоўя, што быццам сонца ясна аб'ясьніў таямніцу Тройцы і зачыніў вусны няверных; радуйся і ты, Мятодзе, які разам з братам змагаўся і памагаў яму сваімі малітвамі. Цяпер, айцы блаславёныя, не пераставайце маліць Хрыста Бога за нас, якія з вераю і любоўю ўзьвялічваем вас.

Цяпер...: сьвята, або дагматык тон 6:

Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева, хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Памяць праведнага поўная хвалы, і блаславеньне Гасподняе на галаве ягонай. Блаславёны той, хто набыў мудрасьць і знайшоў разуменьне. Лепш набываць мудрасьць, чым золата і срэбра. Яна даражэйшая за каштоўныя каменьні; нішто з таго, чаго жадаеш, не параўнаецца з ёю. Даўгалецьце ў правай руцэ яе, а ў левай – багацьце і слава. З вуснаў яе струменіць справядлівасьць, закон і міласэрнасьць на языку ў яе.

Паслухайце мяне, дзеткі, бо важнае кажу, з вуснаў маіх выходзяць словы праўды. Шчасьлівы той, хто мяне слухае, штодня ля дзьвярэй маіх чакае, ля варотаў маіх заўсёды стаіць. Бо хто мяне знайшоў, той знайшоў жыцьцё і асягнуў ласку ў Госпада. Клічу вас, людзі: да сыноў людзкіх мой голас. Я – мудрасьць, абачлівасьць блізкая мне, зьмяшчаю глыбокую веду. У мяне рада і помач, мая разважнасьць і сіла. Я люблю тых, якія мяне любяць; хто шукае мяне пільна, той знаходзіць. Прастадушныя, навучайцеся разважнасьці, і вы, неразумныя, набірайцеся розуму. Слухайце, бо я пра важныя рэчы кажу, шчырасьць адчыняе вусны мне. Вусны мае кажуць праўду, усё крывадушнае агіднае вуснам маім. Усе словы мае праўдзівыя, няма нічога няшчырага, крывадушнага ў іх. Усе яны ясныя для тых, хто іх разумее, і праўдзівыя для тых, хто асягнуў мудрасьць. Вярніцеся на шлях мой. Вось я надзялю вас духам маім і навучу вас радам маім. Лагодная мова – дрэва жыцьця, а крывадушны язык губіць душу. (10:7-8; 3:13-16; 8:6,34-35, 4, 12, 14, 17, 5-9; 1:23; 15:4)


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Вусны праведнага кажуць мудрасьць, а язык распусны будзе зьнішчаны. З вуснаў праведнага цячэ тое, што мілае Богу, з вуснаў няверных – распуста. Агідная Госпаду мера няправедная, вага справядлівая даспадобы Яму. З высакамернасьцю прыходзіць ганьба, са сьціпласьцю – мудрасьць. Шчырасьць кіруе праведнымі, здрадлівых загубіць іхняя хітрасьць. У дзень гневу багацьце бескарыснае, а справядлівасьць ратуе ад сьмерці. Праведнасьць нявіннага выраўноўвае шлях яму, а нязбожны гіне з прычыны нязбожнасьці сваёй. Праведнасьць зьяўляецца ратункам для справядлівых, у сваёй злосьці запутваюцца падступныя. Памірае грэшнік і з ім гіне надзея яго; марныя спадзяваньні сільных. Справядлівы вызваляецца ад бяды, замест яго ў яе ўпадае нязбожны. Неправедны вуснамі губіць бліжняга свайго, праніклівасьць праведных збаўляе іх. Калі праведным шчасьціць, увесь горад цешыцца; калі грэшнікі гінуць, усе скачуць з радасьці. Блаславеньнем праведнікаў горад умацоўваецца, вуснамі грэшнікаў – занепадае. Неразумны выказвае ўголас пагарду да іншых, разумны ўмее маўчаць. (10:31-11:12)


Чытаньне кнігі Мудрасьці

Праведнік, хоць бы і памёр перадчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная – мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не адмяніла думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу і таму Ён пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго. (4:7-15)


Вершапесьні

(Тон 8). Сьветласьцю жыцьця вашага вы, роўныя апосталам настаўнікі, зазьзялі, быццам зоркі на царкоўным небасхіле, сецьцю вучэньняў вашых злавілі многія народы для Хрыста і ўзьняліся да незаходнага Сьвятла, дзе разам з анёламі моліцеся няспынна за нас, якія сьвяткуем вашую сьветлую памяць.

Верш: Сьвятары Твае, Госпадзе, апрануцца ў справядлівасьць, і сьвятыя Твае ў шчасьці жыць будуць.

Прыйдзіце, сьвяталюбцы, узьвялічым роўных апосталам настаўнікаў і хвалу славянаў: дзякуючы ім мы, вызваленыя ад д'ябальскай спакусы і цемры грахоўнай, атрымалі дабравешчаньне Хрыстова і спазналі спрадвечнае Слова.

Верш: Вусны праведніка абвяшчаюць мудрасьць, язык яго кажа праўду.

Кірыла багамудры і Мятодзе багалюбны, Царквы славянскае апосталы і першыя настаўнікі, верных заступнікі, пабожнасьці ахоўнікі, Духа Сьвятога гусьлі мілагучныя, маючы цяпер вялікую сьмеласьць у Пастыра пастыраў Хрыста, маліцеся за нас, якія спраўляем вашую пачэсную памяць, каб Ён вызваліў нас ад тленнасьці ў вялікай міласэрнасьці сваёй.

Слава...:

(Тон 8). Радуйся, сьвятая пара, што праясьніла нас сьвятлом багапазнаньня: Кірыла, крыніца жыцьцяносная духоўнай мудрасьці, якою напаіў сасмаглыя народы славянскія; і Мятодзе, пачэсная скарбніца малітвы. Маліце няспынна Хрыста, з якім вы прабываеце ў славе, каб нам разам з вамі ўзьвялічваць і славіць Яго праз усе вякі.

Цяпер...: сьвята, або:

(Тон 8). Чыстая Дзева, што Бога ў целе невыказна зачала, Маці Бога ўсявышняга, прымі маленьні слугаў Тваіх, Усячыстая, дай ачышчэньне ад правінаў і, выслухаўшы малітвы слугаў Тваіх, маліся за збаўленьне душаў нашых.

Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятых (тон 4): Роўныя апосталам настаўнікі славянскія Кірыла і Мятодзе багамудрыя, Уладара ўсіх маліце, каб Ён умацаваў славянскія народы ў веры і згодзе, дараваў супакой усяму сьвету і душам нашым веліч свайго зьмілаваньня.

Слава... цяпер...: сьвята, або нядзельны багародзічны тон 4:

Тайна, спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, якім уваскрасіў першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст