Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог...":
трапары як на вячэрні
Сядальная песьня 1 (тон
3). Сьвятыя Кірыла і Мятодзе, вы стаіце ў прысутнасьці жыцьцядайнай
Тройцы, якую нязмоўкна славяць анёльскія хоры, і якую вы прапаведвалі голасна
ўсім народам. Маліцеся няспынна дараваць адпушчэньне правінаў, збаўленьне ад
бедаў і патрэбаў, і вызваленьня ад вечнага асуджэньня тым, што спраўляюць з
любоўю вашую памяць.
Слава... цяпер...:
сьвята, або:
(Тон 3). Цябе, Хадайніцу за збаўленьне наша,
славім, Багародзіца Дзева, бо целам, якое Ён узяў ад Цябе, Сын Твой і Бог наш на
крыжы пацярпеў, і як Чалавекалюбец ад тленнасьці выбавіў нас.
Сядальная песьня 2 (тон
5). Хай радуюцца сёньня славянскія народы, сьвяткуючы сьветлую памяць
багамудрых настаўнікаў, што першыя пачалі служыць Боскую Літургію і ўсе службы
Божыя на родай нам славянскай мове, і адчынілі нам невычэрпную крыніцу вады
жыцьця вечнага. Так доўга, як будзем з яе піць, не перастанем праслаўляць вас,
Кірыла і Мятодзе; а вы, цешачыся славаю з усімі сьвятымі, маліцеся за збаўленьне
душаў нашых.
Слава... цяпер...: сьвята, або
багародзічны:
(Тон 5). Радуйся, Брама Гасподняя непраходная!
Радуйся, Ахова і Покрыва тых, што прыходзяць да Цябе! Радуйся, ціхае прыстанішча
і Заўсёды Дзева, што нарадзіла ў целе Творцу свайго і Бога! Маліся няспынна за
тых, што славяць Народжанага ад Цябе і пакланяюцца Яму.
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...
Узьвялічваньне: Узьвялічваем вас, роўныя апосталам
Мятодзе і Кірыла, што прасьвятлілі сваім навучаньнем славянскія краіны і прывялі
іх да Хрыста.
Верш 1. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да
канцоў сьвету словы іх.
Верш 2. Ад усходу сонца да захаду праслаўленае імя
Гасподняе.
Верш 3. Я распавёў пра Тваю справядлівасьць на
вялікім зборы.
Слава... цяпер...:
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа.
(Тройчы)
Сядальная песьня (тон 4).
Ушануем пахвальнымі песьнямі асьветнікаў нашых: яны маннаю багамудрага вучэньня
накармілі славянскія народы, што цярпелі голад Божага Слова, і прасьвятлілі іх
перакладам на іхнюю мову Дабравесьця Сына грому. Прасьветленыя імі, з
удзячнасьцю клічам: "Радуйцеся, усяхвальныя Кірыла і Мятодзе!"
Пракімен: Сьвятары Твае апрануцца ў
справядлівасьць, і сьвятыя Твае ў шчасьці жыць будуць.
Верш: Вусны мае кажуць мудрасьць, разважнасьць –
роздум сэрца майго.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна
Сказаў Госпад да габрэяў, якія прыйшлі да Яго: "Я – дзьверы:
хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены; увойдзе і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей
прыходзіць, толькі каб украсьці, і забіць, і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі
жыцьцё і мелі яго ўдосталь. Я – Добры Пастыр. Добры пастыр жыцьцё сваё кладзе за
авечак сваіх. А найміт, не пастыр, той, каму авечкі не свае, бачыць, як
прыходзіць воўк, і пакідае авечак і ўцякае, а воўк хапае іх і разганяе; (а
найміт уцякае) бо ён – найміт і ня дбае пра авечак. Я – Добры Пастыр, і ведаю
Маіх, і Мае ведаюць Мяне. Як ведае Мяне Айцец, і Я ведаю Айца, і сваё жыцьцё
кладу за авечак. Маю і іншыя авечкі, што ня з гэтага двара, і тых Мне трэба
прывесьці, каб пачулі голас Мой. І будзе адна аўчарня і адзін Пастыр".
(10:9-16)
Псалом 50. Пасьля:
Слава...: Малітвамі роўных апосталам Кірылы і Мятода,
Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.
Цяпер...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці
мноства правінаў нашых.
Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле вялікай міласэрнасьці
Тваёй, і паводле велічы дабротаў Тваіх ачысьці беззаконьні мае.
(Тон 6). Прыйдзіце, людзі, усхвалім роўных
апосталам настаўнікаў славянскіх і верных заступнікаў, красу сьвятаначальнікаў,
кажучы: Радуйся, Кірыла, залатая труба багаслоўя, што быццам сонца ясна
аб'ясьніў таямніцу Тройцы і зачыніў вусны няверных; радуйся і ты, Мятодзе, які
разам з братам змагаўся і памагаў яму сваімі малітвамі. Цяпер, айцы блаславёныя,
не пераставайце маліць Хрыста Бога за нас, якія з вераю і любоўю ўзьвялічваем
вас.
Канон (тон 3)
Песьня 1
Ірмас: Некалі сваім Боскім загадам Госпад воды ў
адно сабраў і разьдзяліў мора для праходу Ізраіля. Гэта Бог наш усяхвальны, Яму
аднаму пяем, бо Ён уславіўся.
Прыпеў: Сьвятыя Кірыла і Мятодзе, маліце Бога за
нас
Ты, Мятодзе, пакінуў бурныя воды і прынады гэтага сьвету,
успрыняў анёльскі вобраз жыцьця і выйшаў на змаганьне з нябачнымі ворагамі,
служачы аднаму Богу і радасна пяючы: "Яму адзінаму пяем, бо Ён уславіўся".
Прыпеў: Сьвятыя Кірыла і Мятодзе, маліце Бога за
нас
Блаславёны Кірыла, ты ад маленства явіўся выбраным посудам,
вольным ад спакусаў чужога вучэньня, прасьветленым навукаю Сьвятое Царквы, і
пакліканым быць настаўнікам і асьветнікам многіх.
Прыпеў: Сьвятыя Кірыла і Мятодзе, маліце Бога за
нас
Аросьненыя водамі вашай навукі, славянскія краіны да
сёньняшняга дня прыносяць богапрыемныя плады Уладару Хрысту. Таму сьвятая Царква
славіць вас і ўсклікае: Ад бедаў выбаўце нас, слаўныя.
Слава... цяпер...: Воды грахоўныя залілі душу маю,
Уладарка, і я заграз у твані пажаданьняў. Да Цябе прыходжу, Усебеззаганная:
суцішы хваляваньні нячыстых думак і дай мне спакой.
Катавасія: сьвята
Увага. Так сьпяваюцца наступныя песьні.
Песьня 3
Ірмас: Божа ўсемагутны, што ўсё з нябыту да быцьця
прывёў, стварыў усё Словам і ўдасканаліў Духам, у любові Тваёй умацуй мяне.
"Хто хоча быць Маім вучнем, хай возьме крыж свой і ідзе за
Мною". Узяўшы да сэрца гэтыя словы Хрыста, ты, блаславёны Мятодзе, усклаў на
свае плечы крыж манаскага жыцьця і пайшоў за Ім. Малі Яго, каб Ён умацаваў мяне
ў любові да Яго.
Той, хто паказаў некалі Якубу лесьвіцу, што вядзе да неба,
даў пазнаць табе, Кірыла, калі ты яшчэ быў юнаком, найпрыгажэйшую з усіх дзеваў,
і ў дзівосным сьне заручыў цябе з ёю. Гэта была Мудрасьць, што стаіць перад
Боскім пасадам: яна ўмацавала цябе ў любові да Усявышняга.
Той, хто прывёў усё з нябыцьця, асьвяціў вас, пахвалы годныя
айцы, ва ўлоньні маці. Ён выбраў вас абвяшчаць імя Госпада сярод усіх народаў.
Сьвяткуем вашую пачэсную памяць і молім вас, Кірыла і Мятодзе, умацаваць наш
розум у вызнаньні праўдзівай веры.
Слава... цяпер...: Усячыстая Дзева, што дала сьвету
супакой і нарадзіла Начальніка цішыні, сунімі хваляваньні страсьцяў маіх і на
камені бясстраснасьці ўмацуй мяне.
Сядальная песьня (тон 4). Ты, боганатхнёны
Кірыла, убачыў у створаным сонцы вобраз сьвятое і адзінасутнае Тройцы, кажучы:
"Сонечны круг, які ня мае пачатку і канца – гэта падабенства Бога Айца; а
промні, што з яго выходзяць і прасьвятляюць сусьвет – гэта Сын і зьзяньне Айца,
які родзіцца з Яго; цеплыня, што з сонечнага кругу выходзіць і ажыўляе ўвесь
сусьвет – гэта падабенства Духа Сьвятога". Слухаючы тваё дзівоснае навучаньне,
годны пахвалы ойча, пакланяемся ў Тройцы адзінаму Богу і славім памяць тваю.
Песьня 4
Ірмас: Ты, Госпадзе, паказаў нам вялікую любоў,
калі аддаў Сына Твайго адзінароднага за нас на сьмерць. Дзеля гэтага з
удзячнасьцю клічам: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
Блаславёны Мятодзе, ты паклаў запаветы Божыя як вуглавы
камень для сьвятыні душы тваёй і аселішча Духа Сьвятога. Я ж, аселішча граху,
прыходжу да цябе, блаславёны, і прашу ачысьціць мяне расою малітваў тваіх, каб
мне гукаць: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
"Дай мне, Уладару, зразумець, што прыемна Табе!" – клікаў ты,
блаславёны Кірыла, калі ты быў пасланы з маладым каралём на навуку. Дзеля
гэтага, разам з пабожным жыцьцём ты атрымаў з вышыні дух мудрасьці і, зямную
мудрасьць палічыўшы за нішто, усклікнуў: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
Ты, блаславёны Кірыла, запячатаў любоўю да Творцы сэрца сваё.
Адкінуўшы славу гэтага сьвету, ты, быццам птушка, што ўцякае ад сеці лаўцоў,
знайшоў ціхі прытулак у манастыры, дзе апрануўся ў вопратку радасьці і запяяў
разам з Мятодам: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
Слава... цяпер...: Гляджу на беззаконьні і
няправедныя ўчынкі мае, і бачу, што яны больш шматлікія за пясок марскі. Да Цябе
прыбягаю, Усебеззаганная: ацалі раны душы маёй, каб мне з удзячнасьцю пяяць
Таму, хто нарадзіўся ад Цябе: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
Песьня 5
Ірмас: Зранку імкнуся да Цябе, Творца ўсяго, які
маеш супакой вышэйшы за ўсякі розум. Накіруй мяне на выконваньне запаветаў
Тваіх, бо яны – сьвятло для мяне.
Ты, сьвяты Мятодзе, зацьвёў як духмяная кветка ў пустыні,
аздобіў душу сваю малітвамі, нядрэмнасьцю і пастом, і жыў на зямлі, быццам анёл.
Цяпер ты разам з анёламі ўзіраешся ў Незаходнае Сьвятло і Уладара сусьвету.
Ты быў пакліканы з пустыні ў сталіцу, дзе ўдастоіўся ласкі
сьвятарства, каб магчы накіроўваць на шлях збаўленьня людзей, прасьвятляць іх
сьятлом навукі і прыносіць бяскроўную ахвяру за ўсіх Незаходнаму Сьвятлу і
Уладару сусьвету.
Калі ты, баганосны Кірыла, невычэрпная крыніца мудрасьці, быў
пасланы каралём да сарацынаў, якія блюзьнілі супраць Сьвятой Тройцы, яны ня
здолелі абвергнуць тваіх ясных доказаў, бо ты быў прасьветлены Сьвятлом з
вышыні.
Слава... цяпер...: Як мне, няшчаснаму, не баяцца быць
сьсечаным, быццам бясплоднае дрэва! Сьпяшайся, душа мая, да Дзевы, поўнай Божае
ласкі: калі Яна не заступіцца за цябе, не пабачыць табе Незаходнае Сьвятло і
Творцу сусьвету!
Песьня 6
Ірмас: Бездань грахоў атачыла мяне, і дух мой
пакінуў мяне; але працягні сваю магутную руку, Госпадзе і Правадніку мой, і, як
Пётру, збаў мяне.
"Бог наш, быццам глыбіня марская: Ён невыказны і
неспасьцігальны для розуму, – ты, мудры Кірыла, сказаў паганам, якія аспрэчвалі
тваю навуку. – Гэтую глыбіню кволым чаўном розуму не пераплысці, а тыя, што
асьмельваюцца, тонуць ў сваіх памылках або, разгубленыя, кідаюцца на хвалях
сумніву. Яны ня ўмеюць клікаць як Пётра: Уладару, збаў мяне!"
Асьлепленыя сваімі памылкамі, пагане далі табе піць атруту,
але Той, хто сказаў "Калі і што атрутнае вып'еце, не пашкодзіць вам", захаваў
цябе цэлым і вярнуў непашкоджаным у стольны горад. Хоць цябе хвалілі цары і
патрыярхі, ты не паддаўся пыхлівасьці, але як Пётра ўсклікнуў: "Уладару, збаў
мяне!"
Некалі Дух Сьвяты сказаў вучням: "Выдзеліце мне Варнаву і
Саўла на справу сярод народаў, што гінуць у бездані няведаньня". Той Самы Дух
загадаў паслаць вас, сьвятыя айцы, у славянскія краіны, каб людзі, што былі ў
цемры і ценю сьмерці, прасьвятліліся вашым навучаньнем і ўсклікнулі: "Як некалі
Пятра, так цяпер Ты, Уладару, збавіў нас".
Слава... цяпер...: Бездань грахоў агарнула мяне, і я
поўны трапятаньня і страху, баюся, каб цалкам не патануць. Малюся Табе,
Усебеззаганная: "Зьмілуйся над страснай душой маёй і, як некалі Сын Твой збавіў
Пятра, так і Ты, добрая Уладарка, працягні руку Тваю і збаў мяне!"
Кандак (тон 3). Сьвятая пара асьветнікаў
нашых, Кірыла і Мятодзе, вы цераз пераклад Боскіх пісаньняў адчынілі нам
богапазнаньня крыніцу, з якое да сёньняшняга дня шчодра чэрпаем, славячы вас; і
цяпер, стоячы перад пасадам Усявышняга, безупынна моліцеся за ўсіх нас.
Ікас. Прыйдзіце, людзі, усхвалім сьветлых
прапаведнікаў дабрадзейнасьці і пабожнасьці, сапраўдныя стаўпы і асновы Царквы,
трубы Боскіх Хрыстовых догмаў, баганосных айцоў Кірылу і Мятода. Яны адагналі ад
нас цемру няверства, спалілі ерасі агнём духа, перакладам Пісаньняў сьвятых
зрабілі дабраплоднаю дзікую вінаградную лазу славянскіх народаў, і боскім
хрышчэньнем прывялі да веры Хрыстовай. Цяпер яны стаяць як пераможцы перад
Усемагутным Богам. Дык усклікнем усе: "Боскія і роўныя апосталам айцы, маліцеся
Хрысту даць славянскім народам згоду і непахісную праўдзівую веру, супакой
сьвету і збаўленьне душам нашым".
Песьня 7
Ірмас: Як некалі Ты трох пабожных юнакоў у
хальдэйскім полымі расою асьвяжыў, так цяпер ясным полымем Боскасьці Тваёй
асьвяці нас, якія клічам: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых".
Калі ты, Мятодзе, жыў на адзіноце, душа твая была як Богам
насаджаны райскі сад. Пасьля ты і багамудры Кірыла пайшлі прапаведаваць
Евангельле ў славянскіх краінах. Там, як некалі юнакі ў печы, не пашкоджаныя
агнём бязбожжа, вы засьпявалі: "Айцоў нашых Божа, блаславёны Ты!"
Ты, Кірыла, перамог на дыспуце паганаў, хазарскую зямлю
прасьвятліў сьвятым хрышчэньнем, вызваліў мноства вязьняў і ў бязводнай пустыні
салёную ваду салодкаю зрабіў. І вось людзі, збаўленыя табою, запяялі: "Айцоў
нашых Божа, блаславёны Ты!"
Вы, сьвятыя айцы, былі посудамі, выбранымі абвяшчаць імя
Гасподняе сярод паганаў. Калі славянскія краіны зажадалі прасьвятліцца вашым
вучэньнем, вы палічылі больш карысным памяняць слодыч маўчаньня на апостальскія
высілкі, каб прывесьці многіх для Хрыста і разам з імі запяяць: "Айцоў нашых
Божа, блаславёны Ты!"
Слава... цяпер...: Я – посуд, поўны страсьцяў, Усесьвятая
Багародзіца Дзева, баюся апошняе хвіліны і вогненнага пакараньня. Але Ты,
Усячыстая, збаў мяне, сілаю Тваёю аперажы дух мой, каб мне разарваць путы
грахоўныя і з удзячнасьцю запяяць: "Маці Збавіцеля, блаславёная Ты!"
Песьня 8
Ірмас: У нясьцерпным агні пабожныя юнакі стаялі,
не атрымаўшы ніякай шкоды, і Боскую песьню сьпявалі: "Усе творы Гасподнія,
блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі".
Асьветлены духоўным зьзяньнем ласкі, ты, блаславёны Кірыла,
атрымаў ласку сьвятарства, і з дапамогаю Духа Сьвятога ты вынайшоў славянскі
альфабэт, каб людзі, прасьветленыя перакладам сьвятых пісаньняў на родную мову,
маглі пяяць: "Блаславіце, усе стварэньні Гасподнія, Госпада!"
Як галоўную аснову нашай веры, вы, усяхвальныя айцы, найперш
абвясьцілі надземныя словы Сына грому: "Спачатку было Слова", а потым словы
мілагучнага псалміста, якімі Царква цешыцца і вызнае: "Блаславіце, усе
стварэньні Гасподнія, Госпада!"
Духоўнымі скарбамі вы ўзбагацілі нас, годныя славы айцы, бо
Боская Літургія на славянскай мове пачалася ад вас. Таму мы, спадкаемцы гэтай
ласкі, славім вас і пяём: "Блаславіце, усе стварэньні Гасподнія, Госпада!"
Слава... цяпер...: Агонь спакусаў і напасьцяў агарнуў
мяне. Да Цябе прыбягаю, Багародзіца Дзева: не пагардзі, Чыстая, маленьнямі слугі
Твайго, і выбаў ад бедаў, якія абступілі мяне, каб мне бласлаўляць Цябе і
ўзьвялічваць праз усе вякі.
Песьня 9
Ірмас: Новы Божы цуд! Госпад праз зачыненыя
дзявочыя дзьверы праходзіць. Прыйшоўшы як бесьцялесны Бог, Ён выходзіць,
апрануты ў цела, пакінуўшы непарушным дзявоцтва Тае, якую мы ўзьвялічваем як
Маці Божую.
Хто можа належна ўшанаваць вас, роўныя апосталам Мятодзе і
Кірыла; хто можа зьлічыць вашыя подзьвігі і высілкі дзеля збаўленьня людзей?
Навучаныя вамі хваліць Усявышняга Бога на роднай нам мове, мы славім вас.
Блаславёны Кірыла, табе было дадзена ведаць пра твой канец на
зямлі. Ты прыняў вестку з радасьцю і ўсклікнуў: "Дух мой усьцешыўся, калі мне
сказалі: Пойдзем у Дом Гасподні". Поўны жаданьня, ты ўзьнёсься душою на вышыню,
дзе разам з анёламі славіш адзінасутную Тройцу.
Як біскуп Маравіі, ты, Мятодзе, шмат працаваў над пашырэньнем
сьвятое веры, за што цярпеў перасьледы і выгнаньне. Цяпер ты і Кірыла разам
цешыцеся на вышыні і моліцеся за нас, каб нам заўсёды славіць вас як нашых
заступнікаў і хадайнікаў.
Слава... цяпер...: Вышэйшая за анёлаў, больш пачэсная за
хэрувімаў, заступніцтвам сьвятых Кірылы і Мятода зьмілуйся над нашай пакорай,
молімся Табе, з глыбіні грахоўнай уздымі нас, і выбаў ад вечнага асуджэньня, каб
нам разам з імі Цябе, Маці Сьвятла і Багародзіцу, Надзею ўсіх, узьвялічваць.
Экзапастыляр: Сьвяткуем сьветлую вашую памяць і
молім вас ад усяго сэрца, сьвятыя настаўнікі: на камені Хрыстовае веры ўмацуйце
народы, якія вы ўзбагацілі скарбам Евангельля, і захавайце ў супакоі наша
жыцьцё.
Пахвальныя псалмы
(Тон 4). Багамудрыя Кірыла і Мятодзе, вы пайшлі
сьледам за апосталамі, працуючы для збаўленьня людзей, што зблудзілі. Як
хуткакрылыя арлы, вы абляцелі славянскія краіны, прасьвятлілі іх сьвятлом
богапазнаньня і прывялі да чалавекалюбнага Збаўцы душаў нашых.
Баганосныя айцы, працаўнікі Хрыстовага вінаградніка, сейбіты
пабожнасьці! Вы рупліва шукалі згубленую драхму – славянскія народы, – пакуль не
знайшлі. Ісус Чалавекалюбец і Збаўца душаў нашых разам з анёламі прыняў яе з
радасьцю і паклаў у скарбніцу жыцьця вечнага.
Сьвятыя воі Усесьвятое Тройцы, праваднікі тых, што зблудзілі,
вы перамаглі паганскае ганьбаваньне і пасаромілі бязбожнасьць ворагаў Хрыста.
Ахоўвайце ад варожых нападкаў Царкву, якую вы набылі вашымі высілкамі, і
захавайце яе непашкоджанаю і богапрыемнаю для Ісуса Чалавекалюбца і Збаўцы душаў
нашых.
Слава...: (тон 6).
Сьвяткуем, верныя, пабожна памяць нашых асьветнікаў; усклікнем: Радуйцеся, ясныя
сьветачы, што промнямі богапазнаньня прасьвятлілі славянскія народы; радуйцеся,
добрыя пастыры, што сабралі ў адно духоўных авечак, расьцярушаных на бездаражы
няверства, і прывялі іх да Хрыста, Пастыра пастыраў. Мы ўзьвялічваем Яго і
славім вас.
Цяпер...: сьвята, або:
(Тон 6). Творца і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад
Ісус Хрыстос, выйшаўшы з Твайго ўлоньня, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага
праклёну вызваліў мяне. Дзеля гэтага Табе, Багародзіца, Маці Божая і Дзева,
разам з анёламі нязмоўкна ўсклікаем: "Радуйся!" Радуйся, Уладарка, Заступніца,
Абарона і Збаўленьне душаў нашых!
Вялікае ўслаўленьне
Пасьля:
Трапар (тон 4). Роўныя апосталам настаўнікі
славянскія Кірыла і Мятодзе багамудрыя, Уладара ўсіх маліце, каб Ён умацаваў
славянскія народы ў веры і згодзе, дараваў супакой усяму сьвету і душам нашым
веліч свайго зьмілаваньня.
Слава... цяпер...: сьвята або
нядзельны багародзічны тон 4.
Тайна, спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, праз Цябе,
Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе,
спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і пацярпеўшы дзеля нас дабравольна
на крыжы, якім уваскрасіў першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя. |