Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава... цяпер...
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы)
Слава... цяпер...
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін.
Госпадзе, зьмілуйся (12 разоў)
Слава... цяпер...
Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста,, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзе, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.
(Псалом 142). Пачуй, Госпадзе, малітву маю, у вернасьці Тваёй нахілі вуха Тваё да маленьня майго, выслухай мяне ў Тваёй справядлівасьці.
І не ўваходзь у суд са слугой Тваім, бо ніхто жывы не апраўдаецца перад Табою.
Бо вораг прасьледуе душу маю, жыцьцё мае топча ў зямлю, у цемры патапіў мяне, быццам памёрлага.
Дух мой млее ва мне, і сэрца маё поўнае жаху.
Успамінаю даўнія дні, разважаю над усімі ўчынкамі Тваімі, і над творамі рук Тваіх задумваюся.
Да Цябе працягваю рукі мае: душа мая, быццам высахлая зямля, жадае Цябе.
Выслухай мяне хутка, Госпадзе, бо дух мой зьнемагае. Не хавай твару Твайго ад мяне, каб мне не стацца падобным да тых, што зыходзяць у магілу.
Дай мне хутка адчуць ласку Тваю, бо на Цябе спадзяюся. Пакажы мне шлях, па якім мне трэба ісьці, бо да Цябе ўзношу душу маю.
Збаў мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх – бо да Цябе прыбягаю.
Навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой. Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.
Дзеля імя Твайго, Госпадзе, захавай жыцьцё маё; у дабраце Тваёй выведзі з бяды душу маю.
У гневе Тваім зьнішчы ворагаў маіх і выгубі ўсіх, што прасьледуюць душу маю, бо я слуга Твой.
Выслухай мяне, Госпадзе, у Тваёй справядлівасьці, і не ўваходзь у суд са слугою Тваім.
Выслухай мяне, Госпадзе, у Тваёй справядлівасьці, і не ўваходзь у суд са слугою Тваім.
Хай добры дух Твой вядзе мяне па правым шляху.
Слава... цяпер...
Алілуя, алілуя, алілуя: Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Дыякан*: У супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан*: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.
– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.
– Каб гэты алей быў асьвячаны сілаю і найсьцем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.
– За слугу Божага (Божую) ..., за боскае наведаньне яго (яе) і каб зышла на яго (яе) ласка Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.
– Каб яму (ёй) выбавіццца ад усякага гневу, суму і недастатку, Госпаду памолімся.
– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы яго (яе) і нас, Божа, ласкаю тваёю.
– Успамянуўшы Найсьвятую, Усячыстую, Найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар улівае алей у посуд і кажа малітву асьвячэньня алею.
Дыякан*: Госпаду памолімся
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Госпадзе, які міласэрнасьцю і дабротамі Тваімі аздараўляеш скрушлівыя душы і целы нашы: сам, Уладару, асьвяці гэты алей, каб ён быў таму, хто будзе памазаны ім, на аздараўленьньне, на адмену усякай спакусы, на ачышчэньне ад ўсякай нячыстасьці цела і душы, і ад усяго благога, каб у ім праславілася Тваё ўсесьвятое імя, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Калі ёсьць больш чым адзін сьвятар, іншыя сьвятары чытаюць тую самую малітву ціха.
Дыякан*: Будзьма ўважлівыя.
Сьвятар: Мір усім.
Дыякан*: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.
Пракімен (Пс 34): Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.
Верш: Уклікніце, праведнікі, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным.
Сьвятар: Мудрасьць.
Дыякан*: Чытаньне лісту сьвятога апостала Якуба.
Сьвятар: Слухайма ўважліва.
Дыякан*: Браты, за прыклад мук ліхіх і доўгацярплівасьці вазьміце прарокаў, што імем Гасподнім прамаўлялі. Вось мы шчасьлівымі называем тых, што цярпелі. Вы чулі пра стойкасьць Йова і бачылі канец яго ў Госпада, бо Госпад вельмі міласэрны і спагадлівы. Дык перш за ўсё, браты мае, не прысягайце ані небам, ані зямлёю, ні ніякаю другою прысягаю; але няхай у вас будзе "так, так", і "не, не", каб не папасьці пад суд. Цяжка нехта з вас журыцца? Няхай моліцца. Весела каму? Хай сьпявае псалмы. Занядужаў нехта з вас? Хай пакліча сьвятароў Царквы, хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Госпада, і малітва (поўная) веры будзе ратункам для хворага, і Госпад уздыме яго; а калі б меў ён грахі, будуць яму адпушчаныя. Вызнавайце адзін перад адным праступкі вашы і маліцеся адзін за аднаго, каб атрымаць здароўе. Бо вялікую сілу мае вытрывалая малітва праведнага. (Як 5:12-16)
Сьвятар: Мір табе.
Дыякан*: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.
Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя.
Верш (Пс 100). Міласьць і ласку буду славіць у песьнях; буду пяяць Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Мір усім.
Людзі: І твайму духу.
Сьвятар: Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі.
Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Дыякан*: Слухайма ўважліва.
Сьвятар: У той час нейкі законьнік прыступіўся да Ісуса і, спакушаючы Яго, сказаў: "Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць вечнае жыцьцё?" А Ён адказаў Яму: "У Законе што напісана? Як чытаеш?" А той адказаў: "Любі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсёй сілаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім; і бліжняга твайго як самога сябе" Ісус сказаў яму: "Добра ты адказаў: рабі так і будзеш жыць". Але ён, хочучы апраўдацца, спытаў Ісуса: "Хто мой бліжні?" На гэта Ісус сказаў: "Нейкі чалавек ішоў з Ерусаліму ў Ерыхон і папаўся разбойнікам, якія забралі ў яго ўсё, ранілі і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывым. Здарэньнем адзін сьвятар ішоў тэй дарогаю і, угледзеўшы яго, прайшоў міма. Таксама і лявіт, быўшы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. Самаранін жа нейкі, ідучы, найшоў на яго і, угледзеўшы, зьлітаваўся. І, падышоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном; і пасадзіў яго на свайго асла, перавёз у заезд і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад'язджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару заезду і сказаў яму: “Даглядай яго, і калі выдасі што болей, дык я, вярнуўшыся, аддам табеі Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў бліжнім таму, хто папаўся разбойнікам?" Ён жа адказаў: "Той, хто зьлітаваўся над ім" Тады Ісус сказаў яму: "Ідзі і ты рабі таксама". (Лк 10:25-36)
Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Дыякан*: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)
– Яшчэ молімся за зьмілаваньне, жыцьцё, супакой, здароўе, збаўленьне, наведаньне і адпушчэньне грахоў слугі Божага (Божай) ... .
– Каб Госпад Бог паслаў яму (ёй) ласку збаўленьня і вызваленьня ад немачаў, і узьняў яго (яе) з ложа хваробы, скажам усе: Госпадзе, пачуй нас і зьмілуйся.
Сьвятар: Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан*: Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Беспачаткавы, вечны Сьвяты сьвятых, што паслаў Сына Твайго адзінароднага, які аздараўляе ўсякую немач і ўсякую рану душ і целаў нашых, зышлі Духа Твайго Сьвятога і асьвяці гэты алей, і зрабі, каб ён быў для слугі Твайго (Тваёй), што памазваецца ім, на дасканалае адпушчэньне грахоў яго (яе) і на спадкаемства валадарства нябеснага.
Бо Ты, Божа наш, Той, хто мілуе збаўляе нас, і Табе славу аддаем, разам з адзінародным Тваім Сынам, і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар памазвае хворага, молячыся:
Ойча сьвяты, лекару душ і целаў, Ты, што паслаў адзінароднага Твайго Сына, Госпада нашага Ісуса Хрыста, які аздараўляе ўсякую хворасьць і вызваляе ад сьмерці, аздараві (гэтым памазаньнем) слугу Твайго, і адымі ад яго ўсе цялесныя і душэўныя немачы, што яго апанавалі, і ажыві яго ласкаю Тваёю: малітвамі ўсесьвятое Ўладаркі нашае Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі, і ўсіх сьвятых Тваіх.
Бо Ты крыніца аздараўленьняў, Божа наш, і Табе славу аддаем, разам з адзінародным Тваім Сынам і адзінасутным Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Скончыўшы памазаньне, Сьвятар, адчыніўшы кнігу Сьвятога Евангельля, кладзе яе на галаву хворага пісаным уніз і, прытрымліваючы Евангельле, але не ўскладаючы рук на хворага, гаворыць гэтую малітву:
Уладару сьвяты, дабрасардэчны і шматміласэрны Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сыне і Слова Бога жывога, Ты не жадаеш сьмерці грэшніка, але хочаш, каб ён навярнуўся і жыў. Вось я не ўскладаю рук (маіх) на галаву таго (той), што прыйшоў (прыйшла) да Цябе ў грахох і просіць праз мяне адпушчэньня правінаў; але ўскладаю руку Тваю, магутную і сільную, што ў гэтым сьвятым Евангельлі, і малюся Табе і прашу міласэрнае і незлапамятлівае чалавекалюбства Тваё, Божа, Збаўца наш, які праз прарока Натана даў адпушчэньне Давіду, калі той пакаяўся ў сваіх грахох, і які прыняў малітву каяньня Манасіі: у Тваім звычайным чалавекалюбстве прымі цяпер слугу Твайго (Тваю) ..., які (якая) прыходзіць, каючыся ў сваіх грахох, не ўзіраючыся на ягоныя (ейныя) правіны. Бо Ты Бог наш, які загадаў прабачаць семдзесят разоў па сем тым, што ўпалі ў грахі, і міласэрнасьць Твая роўная велічы Тваёй, і Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Уладару сьвяты, добрасардэчны і многаміласэрны Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сыне і Слова Бога жывога, Ты не жадаеш сьмерці грэшніка, але хочаш, каб ён навярнуўся і жыў. Вось я не ўскладаю рук на галаву таго (тое), што прыйшоў да Цябе ў грахох, і просіць у Цябе праз нас адпушчэньня грахоў; але ўскладаю руку Тваю магутную і сільную, што ў гэтым сьвяты Евангельлі і малюся і прашу міласэрнае і незлапамятнае чалавекалюбства Тваё, Божа, Збавіцелю наш, які праз прарока Натана даў адпушчэньне грахоў Давіду, які пакаяўся ў сваіх правінах, і які прыняў каетную малітву Манасіі: сам прымі слугу Твайго (Тваю), які (якая) каецца ў сваіх правінах, прымі ў Тваім звычайным чалавекалюбстве, не ўзіраючыся на ягоныя (ейныя) правіны. Бо Ты Бог наш, які загадаў прабачаць семдзесят разоў сем тым, што ўпалі ў грахі: бо веліч Твая і міласэрнасьць Твая, і табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Зьняўшы Евангельле, дае яго цалаваць хвораму. Пасьля кажа:
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.
Людзі: Слава... цяпер...
Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.
Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сілаю пачэснага і жыцьцядайнага крыжа, малітвамі сьвятога, слаўнага і ўсяхвальнага апостала Якуба, першага біскупа Ерусалімскага і сваяка Гасподняга і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Людзі: Амін. |