Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Нядзеля (Тон 5) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


 

 

Нядзеля (Тон 5) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


СУБОТА ЎВЕЧАРЫ

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Пачэсным крыжом Тваім, Хрысьце, Ты д'ябла пасароміў, і ўваскрасеньнем Тваім джала сьмерці прытупіў, і выбавіў нас ад варотаў сьмерці. Слава Табе, Адзінародны!

Той, хто дае ўваскрасеньне роду людзкому, быў ведзены на ахвяру, быццам ягнё. Уладары пякельныя сумеліся, і адчыніліся вароты плачу, бо ўвайшоў Уладар славы Хрыстос, сказаўшы вязьням: "Выходзьце!" і тым, што ў цемры: "Хадзеце да сьвятла!"

Вялікі цуд! Творца нябачнага бачна пацярпеў дзеля чалавекалюбства і ўваскрос як несьмяротны. Дык прыйдзеце, усе народы, і пакланецеся Яму, бо праз Ягоную міласэрнасьць мы выбавіліся ад маны і навучыліся ўзьвялічваць у трох асобах адзінага Бога.

Вячэрняе пакланеньне прыносім Табе, несьмяротнаму Сьвятлу, што ў апошнія дні ў целе, быццам у люстры, зазьзяў на ўвесь сьвет і, зыйшоўшы да пекла, разьвеяў цемру, што панавала там, і паказаў усім людзям сьвятло ўваскрасеньня. Сьветладаўча Госпадзе, слава Табе!

Уладара збаўленьня нашага Хрыста ў песьнях уславім, бо Ён уваскрос з мёртвых і сьвет ад маны вызваліў. Радуюцца хоры анёлаў, уцякае дэманская спакуса, Адам ад падзеньня свайго ўстаў, і д'ябал застаўся пераможаным.

Навучалі вартаўнікоў нягоднікі: "Схавайце Хрыстовае ўваскрасеньне, вазьміце заплату і скажыце: Калі мы спалі, мёртвага з магілы ўкралі ад нас." Хто калі бачыў, хто чуў, каб укралі памёрлага, памазанага і голага, пакінуўшы ў магіле пахавальныя палотны? Не ашуквайце сябе, юдэі, а лепш дасьледуйце сказаньні прарокаў і зразумейце, што Ён сапраўды Збаўца сьвету і ўсемагутны.

Збавіцелю наш Госпадзе, што пекла паланіў і зьнішчыў сьмерць, і прасьвятліў усіх крыжом Тваім, зьмілуйся над намі!

Дагматык. У Чырвоным моры вобраз Дзевы Маці быў нам некалі дадзены. Там Майсей ваду разьдзяліў, – тут Габрыель цуду паслужыў; тады Ізраіль перайшоў глыбіні марскія, быццам сушу, – цяпер Дзева нарадзіла бяз семя Хрыста; мора, пасьля пераходу Ізраіля стала зноў непраходным – Бязьвінная, нарадзіўшы Эмануэля, засталася Дзеваю. Божа спрадвечны, што зьявіўся дзеля нас у целе, як чалавек, зьмілуйся над намі!


Вершапесьні

Цябе, Збавіцелю Хрысьце, што аб'явіўся ў целе, не адлучыўшыся ад неба, песьнямі звонкімі ўзьвялічваем, бо Ты крыж і сьмерць пацярпеў за род наш, і як чалавекалюбны Госпад разбурыў браму пякельную і на трэці дзень уваскрос, даючы збаўленьне душам нашым.

Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.

З прабітага боку Твайго, Хрысьце, Ты выліў струмені жыцьця і збаўленьня ўсім і, пацярпеўшы цялесную сьмерць, дараваў несьмяротнасьць нам; пасяліўшыся ў магіле, Ты як Бог вызваліў нас і ўваскрасіў з сабою. Дзеля гэтага славім Цябе і ўсклікаем: "Чалавекалюбча Госпадзе, слава Табе!"

Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

Дзіўнае Тваё, Госпадзе, укрыжаваньне і зыход да пекла: паланіўшы яго і вызваліўшы вязьняў, што былі там, Ты як Бог рай адчыніў, каб узяць іх туды з сабою. Дзеля гэтага і нам, якія славім трохдзённае ўваскрасеньне Тваё, адзіны Міласэрны, даруй адпушчэньне грахоў і дазволь стацца жыхарамі раю.

Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.

Чалавекалюбны Госпадзе, які дзеля нас пацярпеў і на трэці дзень уваскрос, аздараві нашыя цялесныя слабасьці, вызваль ад цяжкіх правінаў і збаў нас!

Багародзічны. Ты – сьвятыня і брама, хорам і пасад Уладара, Дзева ўсячыстая: праз Цябе зьявіўся Збаўца мой Хрыстос Бог тым, што сядзелі ў цемры. Ён, Сонца праведнасьці, захацеў прасьвятліць тых, каго Ён сваёю рукою стварыў на вобраз свой. Дзеля гэтага, Усяхвальная, маючы матчыную ласку ў Яго, маліся нястомна за збаўленьне душаў нашых.


Адпушчальныя трапары

Уваскросны. Слова, спрадвечнае з Айцом і Духам, ад Дзевы народжанае для збаўленьня нашага, усхвалім, верныя, і паклонімся Яму. Бо Ён захацеў дабравольна целам узысьці на крыж і сьмерць пацярпець, і ўваскрасіць памёрлых слаўным уваскрасеньнем сваім.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст