Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)
КАТЫЗМА 10
Псалом 70
Псалом Давіда, сыноў Іянадававых і першых палоненых
У Табе, Госпадзе, я шукаю прытулку: * ня дай мне пасаромецца давеку.
У справядлівасьці Тваёй вызваль мяне і збаў мяне: * нахілі вуха Тваё да мяне і ацалі мяне.
Будзь мне скалою абароннаю і бясьпечным прытулкам, каб мне збавіцца: * бо Ты ўмацаваньне і сховішча маё.
Божа мой, выбаў мяне з рукі грэшніка, * з рукі злачынца і крыўдзіцеля.
Ты, Госпадзе Божа, - надзея мая; * на Цябе спадзяваўся я ад маладосьці маёй.
Ты - мая моц ад пачатку; * ад улоньня маці маёй Ты мой апякун: * Табе хвалу пяю няспынна.
Я стаўся нейкім дзівам для многіх; * але Ты - моц мая.
Хай мае вусны напоўняцца хвалою, * каб мне пяяць славу Тваю, увесь дзень узьвялічваць Цябе.
Не адкінь мяне ў старасьці маёй, * не забудзься на мяне, калі сілы мае саслабнуць.
Бо ворагі мае нагаворваюць супраць мяне, * цікуюць на душу маю, раяцца між сабою.
Яны кажуць: „Бог пакінуў яго, * ганіце і хапайце яго, бо няма таго, хто б яго вызваліў".
Божа, не аддаляйся ад мяне, * Божа мой, прыйдзі мне на дапамогу.
Хай пасаромеюцца і згінуць тыя, * што перасьледуюць душу маю;
Хай пакрыюцца сорамам і ганьбаю тыя, * што жадаюць мне зла.
Я ж буду заўжды спадзявацца (на Цябе) * і памнажаць усякую хвалу Тваю.
Вусны мае будуць абвяшчаць Тваю справядлівасьць; * увесь дзень - Твае дабрадзействы; бо ня ведаю іхняга ліку.
Увайду у сіле Гасподняй; * буду абвяшчаць толькі Тваю, Госпадзе, справядлівасьць.
Ты, Божа, навучаў мяне ад маладосьці маёй, * і я дасюль апавядаю пра цуды Твае.
І да старасьці, да веку пажылага, Божа, не адкідай мяне, * пакуль не раскажу пра моц Тваю наступнаму пакаленьню,
І пра справядлівасьць Тваю, Божа, што дасягае нябёсаў. * Вялікія рэчы стварыў Ты: * хто, Божа, падобны да Цябе?
Ты пасылаў на мяне вялікія і лютыя беды, * але пасьля зноў ажыўляў мяне, і з бездані зямлі выводзіў.
Ты явіў на мне веліч сваю і ўсьцешыў мяне, * і вывеў мяне з бездані зямлі.
Я буду славіць Цябе сярод людзей, Госпадзе, * на гусьлях буду пяяць славу Тваю, Сьвяты Ізраіля.
Вусны мае і душа мая, якую Ты збавіў, * узрадуюцца, калі буду пець Табе.
І язык мой будзе ўвесь дзень абвяшчаць справядлівасьць Тваю, * калі будуць пасаромленыя і пакрыюцца ганьбаю тыя, што жадаюць мне зла.
Псалом 71
Пра Саламона (Псалом Давіда)
Божа, дай справядлівасьць Тваю ўладару, * і праведнасьць Тваю - сыну ўладара.
Хай ён справядліва кіруе народам Тваім, * і праведна абыходзіцца з убогімі Тваімі.
Хай горы прынясуць людзям супакой, * а ўзгоркі - справядлівасьць.
Хай ён апекуецца ўпакоранымі, * ратуе сыноў убогіх і скарае прыгнятальніка.
І жыць будзе доўга, * як сонца і як месяц, праз ўсе пакаленьні.
Зыдзе, быццам дождж на траву, * і быццам кроплі, што падаюць на зямлю.
У дні ягоныя расквітнее справядлівасьць, * і будзе супакой і дастатак, аж пакуль не пяройдзе месяц.
І панаваць будзе ад мора да мора, * ад Ракі аж да канца зямлі.
Перад ім падуць ніцма этыёпы, * і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл зямны.
Каралі тарсійскія і выспы прынясуць яму дары, * каралі Арабіі і Сабы з дарамі прыйдуць.
І паклоняцца яму ўсе каралі зямлі, * і ўсе народы будуць служыць яму.
Бо Ён вызваліць беднага ад (уціску) магутнага, * і ўбогага, які ня мае памочніка.
Збавіць беднага і ўбогага, * выратуе жыцьцё бедаку.
Ад крыўды і несправядлівасьці выбавіць іх, * і імя Ягонае будзе пачэсным сярод іх.
І будзе жыць, і дадуць Яму золата з Сабы, * і будуць маліцца заўсёды за Яго, няспынна бласлаўляць Яго.
Дастатак будзе на зямлі, на вяршынях узгоркаў зашумяць каласы, * быццам лясы Лібану.
І жыхары гарадоў памножацца, * як трава польная.
Імя Ягонае блаславёнае будзе давеку* і будзе трываць доўга, як сонца.
Усе плямёны зямлі будуць блаславёныя ў Ім, * і ўсе народы будуць зваць Яго шчасьлівым.
Блаславёны Госпад Бог Ізраіля, * адзіны, хто творыць цуды!
Усяхвальнае імя Яго блаславёнае давеку, і на век вякоў. * І хай напоўніцца славаю Ягонаю ўся зямля.
Хай станецца так, * хай станецца!
Слава... цяпер...
Псалом 72
Псалом Асафа
Які добры Бог да Ізраіля, * да людзей чыстага сэрца!
А мае ногі ледзь не спатыкнуліся*; яшчэ крыху, і я б пасьлізнуўся,
Бо я пазайздросьціў нязбожным, * калі ўбачыў, як шчасьціць грэшнікам.
Яны ня церпяць бяды, * цела ў іх гладкае і здаровае,
Няма іх на цяжкай працы, * і ўціску ня знаюць яны, як іншыя людзі.
Таму пыха, быццам нашыйнік - іхняя аздоба, * і дзёрзкасьць, быццам вопратка, атуляе іх.
З атлусьцелага сэрца плыве няправеднасьць, * родзяцца марныя задумы.
Насьміхаюцца з усяго; * наводзяць злосныя паклёпы; гавораць з пагардаю.
Вуснамі сваімі ўзьнімаюцца да неба, * а язык іхні гуляе па зямлі.
І вось мой народ цягнецца да іх, * і іхнія дні аплываюць дастаткам.
Кажуць яны: „Як Бог даведаецца? * Ці ж Усявышні ведае ўсё?"
Грэшнікі заўжды бесклапотныя* і ўзрастае іхняе багацьце.
Дык можа я дарэмна захаваў сэрца маё чыстым* і абмываў у нявіннасьці рукі свае?
Я ж увесь час мучуся, * і кожны дзень цярплю пакараньне.
Але калі б я сказаў: „Буду разважаць, як яны",* я б адрокся ад роду сыноў Тваіх.
І я спрабаваў зразумець усё гэта, * але яно падалося цяжкім мне,
Пакуль я не ўвайшоў у сьвятыню Божую* і не зразумеў, якім будзе іхні канец.
Сапраўды, Ты іх паставіў на коўзкай дарозе, * і гвалтоўна скідаеш у бездань.
Як яны імгненна ўпалі, загінулі, прапалі ў вялікім страху!
Як той, хто прачнуўся, адкідае сонную мрою, * так і Ты, Госпадзе, узьняўшыся, адкідаеш іх у месьце Тваім.
Калі сэрца маё было поўнае горычы, * і нутро пранятае болем,
Я ня цяміў, * быў як жывёла бяздумная перад Табою.
Але я быў заўсёды з Табою: * Ты ўзяў мяне за правую руку.
Цяпер накіроўвай мяне радаю Тваёю* і ў канцы прымі мяне да хвалы Тваёй.
Хто апроч Цябе для мяне на небе? * Калі я з Табою, нічога не хачу на зямлі.
Зьнемагаюць цела маё і сэрца: * Бог - умацаваньне сэрца майго і доля мая давеку.
Вось гінуць тыя, што ад Цябе адышлі; * Ты нішчыш тых, хто блукае далёка ад Цябе.
А для мяне шчасьце быць блізка да Бога, * і ў Госпадзе мець свой прытулак:
У брамах Сыёну буду абвяшчаць усе ўчынкі Твае.
Псалом 73
Навука Асафа
Чаму Ты, Госпадзе, зусім нас адкінуў, * чаму загарэўся гневам на авечак статку Твайго?
Прыгадай гурт Твой, які Ты прыдбаў сабе напачатку, * спадчыну, якую Ты набыў; * гару Сыён, на якой Ты заснаваў жытло сабе.
Накіруй крокі Твае да руінаў, якім няма канца: * вораг спустошыў усё ў сьвятыні.
Ворагі Твае рычаць сярод збораў Тваіх, * паставілі сьцягі свае на знак перамогі,
Не зважаючы на нішто, * пры ўваходзе высока
Быццам у гушчары, яны вырубілі ўсе ейныя брамы; * секерай і молатам разьбілі яе.
Агнём пусьцілі сьвятыню Тваю, * на зямлі апаганілі месца, дзе жыве імя Тваё.
Сказалі ў сэрцы сваім: „Зьнішчым усіх іх".* Спалілі ўсе Божыя месцы збораў у краіне.
Знакаў нашых больш не відаць, няма прарока, і няма сярод нас нікога, хто б ведаў, як доўга так будзе.
Дакуль, Божа, вораг будзе зьдзекавацца? * Ці ж вечна непрыяцель будзе зьневажаць імя Тваё?
Чаму адвяртаеш руку Тваю, * руку Тваю правую трымаеш схаванаю?
Ты ж, Божа, - Уладар наш спрадвеку, * Ты чыніш збаўленьне пасярод зямлі.
Ты разьдзяліў мора сілаю Тваёю, * скрышыў галовы зьмяіныя ў вадзе.
Ты раздрабіў лоб левіятана, * марскім пачварам аддаў яго на спажыву.
Ты адчыніў крыніцы і струмені, * Ты высушыў паўнаводныя рэкі.
Твой дзень і Твая ноч. * Ты стварыў месяц і сонца.
Ты ўстанавіў межы зямлі, * лета і зіму стварыў Ты.
Прыгадай, як вораг некалі глуміўся з Госпада, * і народ бязглузды зьневажаў імя Тваё.
Не аддай каршуну жыцьця галубкі Тваёй, * ніколі не забудзься на жыцьцё ўбогіх Тваіх.
Успомні саюз Твой, * бо зямныя сховішчы і палі напоўніліся гвалтам.
Няхай прыгноблены не вернецца з сорамам, * няхай бедны і ўбогі хваляць імя Тваё.
Устань, Божа, абарані справу Тваю, * памятай зьнявагу, якую Табе кожны дзень паказваў неразумны.
Не забудзься на крык Тваіх праціўнікаў. * Голас тых, што паўстаюць супраць Цябе, няспынна ўзносіцца ўгору.
Слава... цяпер...
Псалом 74
Кіраўніку хору. „Не загубі". Псалом песьні Асафа
Славім Цябе, Божа, славім Цябе, * імя Тваё клічам, абвяшчаем цуды Твае.
„Калі вызначу час, * буду судзіць справядліва.
Калі хістаецца зямля і ўсё, што жыве на ёй, * Я ўмацую стаўпы яе.
Кажу дзёрзкім: "Адкіньце дзёрзкасьць!"; * а грэшнікам: "Не ўздымайце рогаў вашых!".
Не ўздымайце рогаў супраць Найвышэйшага, * не гаварыце дзёрзка супраць Бога.
Бо ані з усходу, ані з захаду, * ані з пустыні, ані з гораў ня прыйдзе суд.
Адзін Бог - судзьдзя: * аднаго паніжае, другога ўзвышае.
Бо ў руцэ ў Госпада чаша, што пеніцца, * поўная віна прыпраўленага.
І Ён дае з яе піць. * Аж да самай гушчы п'юць усе нязбожныя зямлі.
А я буду цешыцца давеку, * буду пяяць Богу Якубаваму.
Усе рогі нязбожнікаў пазьбіваю, * а рогі праведніка ўзьнясуцца ўгору.
Псалом 75
Начальніку хору. Псалом Асафа. Песьня пра асырыйца
Бог вядомы ў Юдэі; * у Ізраілі вялікае імя Ягонае.
У Саліме быў набытак Ягоны, а жытло Ягонае - на Сыёне.
Там Ён паламаў стрэлы луку, * шчыт, меч і зброю.
Ты, Магутны, * прыйшоў у зьзяньні ад гораў вячыстых.
Моцныя сэрцам сталі здабычаю і заснулі сном сваім, * а рукі дужых памлелі;
Ад Тваёй пагрозы, Божа Якуба, * здраньцьвелі коні з калясьніцамі.
Страшны Ты, * і хто ўстаіць перад абліччам Тваім у час гневу Твайго?
З нябёсаў Ты абвясьціў Твой прысуд. * Зямля спалохалася і змоўкла,
Калі Бог узьняўся на суд, * каб збавіць пакорлівых на зямлі.
Сапраўды, гнеў людзей абернецца на славу Табе, * а рэшту іхняга гневу Ты ўтаймуеш.
Давайце і спаўняйце абяцаньні Госпаду Богу вашаму; * хай усе, што навокал Яго, прынясуць дары Таму, каго баяцца.
Ён утаймоўвае дух князёў, * баяцца Яго ўладары зямлі.
Псалом 76
Кіраўніку хору Ідыфума. Псалом Асафа
Голас мой уздымаецца да Бога - клічу; * голас мой да Бога, каб Ён пачуў мяне.
Шукаю Госпада ў дзень нядолі маёй; * уночы ўздымаю няспынна рукі мае, душа мая адмовілася ад суцяшэньня.
Як толькі згадаю пра гэта, Божа, - стагну; * млею духам, калі разважаю.
Не даеш сну вачом маім; * я ўстрывожаны, адняло мне мову.
Думаю пра даўнія дні, * успамінаю гады ранейшыя.
Размышляю ўночы ў сэрцы сваім, * разважаю, і дух мой дапытваецца:
Ці ж Бог адкіне навекі, * і ня будзе больш спагадлівым?
Ці назаўжды вычарпаецца ласка Ягоная, * ці забярэ назад абяцаньне сваё, што даў усім пакаленьням?
Ці ж Бог забыўся на літасьць? * Ці ў гневе спыніў сваю міласэрнасьць?"
І кажу: „Гора маё, * што правая рука Усявышняга адхінулася".
Успамінаю ўчынкі Гасподнія, * прыгадваю ранейшыя цуды Твае.
Разважаю пра ўсе ўчынкі Твае, * і пра дзеі Твае думаю.
Божа! Дарога Твая сьвятая: * які бог роўны веліччу Богу нашаму?
Ты - Бог, што чыніш цуды, * Ты сярод народаў явіў магутнасьць Тваю.
Ты выбавіў моцнай рукою народ Твой, * нашчадкаў Якуба і Язэпа.
Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі і задрыжэлі, * і нават скалынуліся бездані.
З хмараў палілася вада, хмары падалі голас, * і паляцелі стрэлы Твае.
Гром Твой загучаў у буры, маланкі зазьзялі на ўвесь сьвет, * здрыганулася і затрэслася зямля.
Праз мора дарога Твая, сьцяжына Тваю праз вялікія воды, * і сьлядоў Тваіх не відаць.
Ты вёў народ Твой як статак* рукою Майсея і Аарона.
Слава... цяпер...
Катызмы 11-20 (Пс. 77-150) |