Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)
КАТЫЗМА 6
Псалом 37
Псалом Давіда, на ўспамін пра суботу
Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі мяне* і ў гневе Тваім не карай мяне.
Бо стрэлы Твае працялі мяне, * і рука Твая на мяне лягла.
Няма здаровага месца на целе маім ад гневу Твайго; * няма супакою касьцям маім з прычыны граху майго.
Бо правіны мае перавысілі галаву маю, * як цяжкае бярэмя, прыгнятаюць мяне бяз меры.
Тхнуць, загніўшы, раны мае* з-за маёй неразумнасьці.
Прыніжаны, я схіліўся, * увесь дзень сумны хаджу.
Паясьніца мая поўная жару, * і няма здаровага месца на целе маім.
Саслаб я, разьбіты звыш меры, * і стогне сэрца маё.
Госпадзе, перад Табою ўсе мае жаданьні, * і ўздыханьні мае ня стоеныя.
Сэрца маё трапеча, сіла пакінула мяне, * і няма больш сьвятла ў вачох маіх.
Сябры мае і прыяцелі староняцца маёй хваробы, * і сваякі мае трымаюцца здалёку.
Паставілі сеці на мяне, * замахваюцца на жыцьцё маё;
Тыя, што жадаюць мне зла, * абмяркоўваюць ліхое ўвесь час.
Я ж, быццам глухі, ня чую* і, быццам нямы, не расчыняю вуснаў маіх.
І стаў я як чалавек, што ня чуе* і ня мае адказу ў вуснах сваіх.
На Цябе, Госпадзе, спадзяюся: * Ты, Госпадзе Божа мой, выслухаеш мяне.
Бо я сказаў: „Хай ня цешацца ворагі мае, * і не гавораць горда, калі нага мая пахісьнецца".
Я вось-вось ужо падаю, * і боль мой заўсёды са мною.
Прызнаюся ў віне маёй* і сумую з-за граху майго.
А тыя, што без прычыны працівяцца мне, растуць у сілу: * многа тых, што без падставы ненавідзяць мяне,
Тых, што злом плоцяць за дабро, * якія супраць мяне за тое, што я пра дабро дбаю.
Не пакідай мяне, Госпадзе Божа мой, * не аддаляйся ад мяне.
Сьпяшайся на дапамогу мне, * Госпадзе мой, збаўленьне маё!
Псалом 38
Кіраўніку хору, Ідуфуму. Псалом Давіда
Я сказаў: „Буду зважаць на шляхі мае, каб не зграшыць языком; * утаймую вусны мае, пакуль я ў прысутнасьці нязбожных".
Занямеў я, стаў маўклівы бязьмерна, * хоць боль мой узмоцніўся.
Але вось сэрца маё загарэлася, * ад думак маіх запалаў агонь у нутры маім, * і словы сарваліся з языка майго.
Дай мне, Госпадзе, пазнаць мой канец і лік дзён маіх, * каб я ведаў нязначнасьць маю.
Вось Ты адмерыў мне некалькі пядзяў дзён, * і жыцьцё маё нішто перад Табою: * Марнасьць кожны жывы чалавек.
Сапраўды як цень мінае чалавек, * марна мітусіцца, зьбірае скарбы і ня ведае, хто іх забярэ.
Так вось і цяпер, Госпадзе, чаго мне чакаць? * У Табе надзея мая.
Выбаў мяне ад усіх бясчынстваў маіх, * не аддай мяне дурню на глум.
Я маўчу, вуснаў маіх не раскрываю, * бо гэта Ты ўчыніў.
Адхілі ад мяне ўдар Твой, * бо гіну ад узмаху рукі Тваёй.
Пакараньнем за правіны Ты выпраўляеш чалавека, * як павуціньне, жыцьцё ягонае перад Табою. * Марна мітусіцца кожны чалавек.
Выслухай, Госпадзе, малітву маю, пачуй мой кліч, * ня будзь глухі да плачу майго, бо я толькі госьць у Цябе, * прыхадзень - як і ўсе продкі мае.
Пашкадуй мяне, каб я мог аддыхацца, перш як адыду* і больш ня будзе мяне.
Псалом 39
Кіраўніку хору. Псалом Давіда
Спадзяваўся я на Госпада, спадзяваўся моцна, * і Ён, схіліўшыся нада мною, пачуў кліч мой.
Ён выцягнуў мяне з гібельнай ямы і з багністай твані, * паставіў на скалу ногі мае, і ўмацаваў мае крокі.
Ён уклаў у вусны мае новую песьню, * песьню хвалы Богу нашаму.
Многія ўбачаць і праймуцца пашанаю, * і будуць спадзявацца на Госпада.
Шчасьлівы чалавек, які спадзяецца на Госпада, * а не ідзе сьледам за гордымі і тымі, што ўхіліліся да хлусьні.
Госпадзе Божа мой, Ты ўчыніў шмат цудаў, * у провідзе Тваім ніхто Табе ня роўны.
Я б жадаў пазнаць і расказаць пра яго, * але яму няма меры!
Ахвяраў і прынашэньняў не захацеў Ты, але вушы адкрыў мне. * Цэлапальнай ахвяры за грэх Ты не вымагаў.
Тады сказаў я: „Вось прыходжу, * у скрутку кнігі напісана пра мяне:
Чыніць волю Тваю, Божа мой, для мяне радасьць, * а закон Твой жыве ў сэрцы маім".
Я апавяшчаў справядлівасьць Тваю ў вялікай грамадзе; * не замыкаў вуснаў маіх: Госпадзе, Ты ведаеш.
Праведнасьці Тваёй я не схаваў у сэрцы, * аб'явіў Тваю вернасьць і Тваё збаўленьне,
І не ўтаіў ласкі Тваёй і праўды* перад вялікім сходам.
Не хавай, Госпадзе, міласэрнасьці Тваёй ад мяне, * ласка Твая і вернасьць Твая хай заўсёды мяне сьцерагуць.
Бо вось безьліч няшчасьцяў атачыла мяне, * адбіліся на мне мае правіны, так што ўжо не магу глядзець.
Больш іх як валасоў на галаве маёй, * сэрца маё заняпала.
Госпадзе, у дабрыні Тваёй ратуй мяне; * Госпадзе, сьпяшайся мне на дапамогу.
Хай пасаромеюцца і пачырванеюць усе, * што пасягаюць на душу маю і хочуць яе загубіць.
Хай адступяць назад, зьбянтэжаныя, тыя, * што цешацца з няшчасьцяў маіх.
Хай сумеюцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, * што кажуць мне: „Так яму трэба".
Хай радуюцца і цешацца ў Табе ўсе, * што шукаюць Цябе,
І хай кажуць тыя, каму любая Твая дапамога: * „Хай узьвялічыцца Госпад".
Я ж нешчасьлівы і бедны, * але Госпад рупіцца аба мне.
Ты - мая дапамога і збавіцель: * Божа мой, не пазьніся!
Слава... цяпер...
Псалом 40
Кіраўніку хора. Псалом Давіда
Блаславёны той, хто дбае пра беднага і ўбогага: * у дзень няшчасьця Госпад выратуе яго.
Госпад будзе сьцерагчы яго, * захавае яго пры жыцьці,
Зробіць яго шчасьлівым на зямлі, * у рукі ворагаў не аддасьць.
Госпад прыйдзе на дапамогу яму, немачнаму на пасьцелі, * суніме цярпеньні ягонай хваробы.
Кажу: „Госпадзе, зьмілуйся нада мною; * ацалі мяне, бо я зграшыў перад Табою".
Ворагі мае гавораць злосна пра мяне: * „Калі ж ён памрэ і імя ягонае згіне?"
Хто прыходзіць наведаць мяне, гаворыць пустое, * у сэрцы сваім зло зьбірае, і як толькі выйдзе за дзьверы, разгалошвае яго.
Усе ненавісьнікі мае шэпчуцца між сабою супраць мяне, * задумваюць зло на мяне,
„Злосна гавораць пра мяне: * „Ён заснуў і ня ўстаць яму больш!".
Нават прыяцель мой, якому я давяраў, які еў хлеб мой, * і той падняў пяту сваю на мяне.
Але Ты, Госпадзе, зьмілуйся нада мною, * уздымі мяне, каб я адплаціў ім.
Тады пазнаю, што Ты спагадаеш мне, * калі вораг ня возьме верху нада мною.
У бязьвіннасьці маёй Ты захаваў мяне* і паставіў перад абліччам Тваім давеку.
Блаславёны Госпад Бог Ізраіля адвеку і назаўсёды! * Няхай так будзе, няхай так будзе!
Псалом 41
Кіраўніку хора. Навука. Сыноў Карэевых
Як лань прагне вады з ручая, * так душа мая прагне Цябе, Божа.
Душа мая прагне Бога, Бога жывога: * калі ж прыйду і ўбачу аблічча Божае?
Сьлёзы сталіся мне хлебам удзень і ўночы; * кожны дзень мне кажуць: „Дзе Бог твой?"
Душа мая расчульваецца, калі згадваю, * як я ішоў да месца скініі цудоўнай,
Да дому Божага, * пад гукі радасьці і хвалы ў сьвяточным гурце.
Чаму ты сумная, душа мая, * чаго трывожышся?
Спадзявайся на Бога, бо я буду славіць Яго* - Збавіцеля майго і Бога майго.
Душа мая прыгнобленая, * дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай, на гары Місар.
Бездань кліча бездань пад грымоты Тваіх вадаспадаў: * усе Твае плыні і хвалі хлынулі на мяне.
Хай Госпад явіць мне сваю міласэрнасьць удзень, * а ўночы буду славіць Яго - Бога жыцьця майго.
Кажу Богу: „Скала мая, чаму Ты забыўся на мяне? * Чаму хаджу сумны, прыціснуты ворагам?"
Косьці мае крышацца, а ворагі сьмяюцца з мяне* і кожны дзень мне кажуць: „Дзе Бог твой?"
Чаму ты сумная, душа мая, * чаго трывожышся?
Спадзявайся на Бога, бо я буду славіць Яго* - Збавіцеля майго і Бога майго.
Псалом 42
Псалом Давіда
Судзі мяне, Божа, рассудзі справу маю супраць людзей бязьлітасных; * збаў мяне ад чалавека нягоднага і крывадушнага.
Бо Ты, Божа, умацаваньне маё; чаму ж Ты мяне адкінуў? * Чаму хаджу сумны, прыгнечаны ворагам?
Пашлі сьвятло Тваё і праўду Тваю: * хай яны вядуць мяне на гару сьвятую Тваю, да жыльля Твайго.
Я прыйду да ахвярніка Божага, да Бога радасьці і весялосьці маёй; * буду хваліць Цябе на гусьлях, Божа, Божа мой!
Чаму ты сумная, душа мая, чаго трывожышся? * Спадзявайся на Бога, бо я буду славіць Яго - Збавіцеля майго і Бога майго.
Слава... цяпер...
Псалом 43
Кіраўніку хора. Навука. Сыноў Карэевых
Божа, мы чулі на ўласныя вушы, і бацькі нашыя расказалі нам* пра тое, што Ты ўчыніў у іхнія дні, у даўніну.
Уласнай рукою Ты выгнаў паганаў, а іх насадзіў; * разьбіў народы, а іх пашырыў.
Бо не занялі яны зямлі сілаю мяча свайго, * і ня ўласная рука дала ім перамогу,
Але Твая правая рука і Тваё плячо, * і сьвятло аблічча Твайго, бо Ты іх упадабаў.
Ты, Божа мой і Уладару мой, * даў перамогу Якубу.
Табою мы разаб'ем ворагаў нашых, * у імя Тваё мы растопчам тых, што паўсталі на нас.
Бо я не спадзяюся на мой лук, * і меч мой не выратуе мяне,
Але Ты выратаваў нас ад нашых ворагаў, * і пасароміў нашых ненавісьнікаў.
Богам мы хвалімся кожны дзень, * і славім імя Тваё давеку.
Але цяпер Ты нас адкінуў і пасароміў, * не выходзіш больш з нашымі войскамі.
Ты змусіў нас да ўцёкаў перад ворагамі нашымі, * і ненавісьнікі нашыя нас грабяць.
Ты аддаў нас як авечак на зарэз, * і параскідаў нас сярод паганаў.
Прадаў Ты свой народ за бесцан, * і няшмат зарабіў на продажы.
Ты выставіў нас на сьмех суседзям, * на зьдзек і пагарду тым, што вакол нас.
Ты зрабіў нас прымаўкай сярод паганаў, * народы, згадаўшы пра нас, ківаюць галовамі.
Ганьба мая заўсёды перада мною, * сорам пакрывае мой твар
Ад зьнявагаў і зьдзеку, * ад ворага і непрыяцеля.
Усё гэта на нас звалілася, * хоць мы не забыліся на Цябе, і не парушылі саюзу Твайго;
Сэрца нашае не адвярнулася, * і нашыя ногі не зышлі са сьцежкі Тваёй,
Калі Ты нас сьцёр у месцы суму* і пакрыў сьмяротнай цемраю.
Калі б мы забыліся на імя Бога нашага, * і працягнулі рукі да бога чужога,
То ці ж бы Бог пра гэта ня ўведаў? * Ён знае таямніцы сэрца.
Але ж гэта з-за Цябе нас усьцяж забіваюць, * і глядзяць на нас як на авечак, прызначаных на зарэз.
Устань, Госпадзе; чаму сьпіш? * Прачніся, не адкідай нас назаўсёды!
Чаму хаваеш аблічча Тваё, * забываешся на нашае гора і прыгнёт?
Душа нашая расьцёртая ў пыл, * жывот наш прыстаў да зямлі.
Устань нам на дапомогу* і вызваль нас у міласэрнасьці Тваёй.
Псалом 44
Кіраўніку хору. Сыном Карэевым на навуку. Песьня пра любага
З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя словы: * песьню маю пяю Уладару;
Язык мой* - пяро пісца.
Ты - найпрыгажэйшы выглядам сярод сыноў людзкіх, * ласка точыцца з вуснаў тваіх; * дзеля гэтага блаславіў цябе Бог на вякі.
Прывяжы меч твой да боку твайго, Моцны, * - гордасьць тваю і красу!
Нацягні лук, і йдзі шчасьліва* і ўладарнічай дзеля праўды, лагоды і справядлівасьці, * і хай правая рука твая праславіцца вялікімі справамі.
Стрэлы твае вострыя, народы скараюцца перад табою, * і млее сэрца ворагаў Уладара.
Пасад Твой, Божа, на век вякоў; * скіпетар валадарства Твайго - скіпетар праведнасьці;
Ты любіш справядлівасьць і ненавідзіш беззаконьне: * дзеля гэтага Бог, Бог твой, памазаў цябе алеем радасьці над усімі таварышамі тваімі.
Пах смірны і алоэ і касіі ад вопраткі тваёй* і ад харомаў з слановай косьці, што цешаць цябе.
Дочкі царскія* ў пашане ў цябе.
Каралева стала па правай руцэ тваёй, * у вопратку пазалочаную апранутая, упрыгожаная.
Слухай, дачка, глянь і нахілі вуха тваё, * і забудзься на народ твой, і дом бацькі твайго.
І ўладар будзе прагнуць красы тваёй: * ён - твой гаспадар, і яму служы.
Вось дачка Тыру прыходзіць з дарамі; * вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе.
Уся слава дачкі каралеўскай у ёй самой; * яна апранутая ў залатую вопратку, * шматкаляровую, вышываную.
Прыводзяць яе да ўладара; сьледам за ёю прыводзяць каралю дзеваў: * дружак ейных прыводзяць табе.
Сярод радасьці і вясельля ўводзяць іх, * і яны ўваходзяць у царскі хорам.
Замест бацькоў тваіх будуць табе сыны твае: * паставіш іх князямі па ўсёй зямлі.
Імя тваё зраблю памятным з пакаленьня ў пакаленьне; * і на век вякоў будуць славіць цябе ўсе народы.
Псалом 45
Начальніку хора з сыноў Карэевых. Песьня
Бог - мой прытулак і сіла: * У цяжкасьцях Ён паказаў сябе магутным памочнікам.
Таму не збаімся, нават калі б зямля правалілася, * і горы ўпалі ў сярэдзіну мора.
Хай воды марскія бушуюць і кіпяць, * хай горы хістаюцца пад іхнім напорам:
Плынь ракі нясе весялосьць у горад Божы* - сьвятое жытло Усявышняга.
Бог у ім, і ён не пахісьнецца; * Бог на досьвітку дапаможа яму.
Захваляваліся народы, * узбурыліся валадарствы,
Госпад загрымеў громам, * зямля задрыжэла.
Госпад сілаў з намі, * Бог Якуба - нашая абарона.
Прыйдзіце, гляньце на ўчынкі Гасподнія, * дзівосныя ўчынкі, што зрабіў на зямлі.
Ён прыпыняе войны па ўсёй зямлі, * нішчыць лукі, ломіць коп'і, шчыты агнём паліць.
„Спыніцеся і пазнайце, што Я - Бог, * вышэйшы за ўсе народы, вышэйшы за зямлю".
Госпад сілаў з намі, * Бог Якуба - нашая абарона.
Слава... цяпер...
|