Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » Псалтыр Давіда (Пс. 1-76)


 

 

Псалтыр Давіда (Пс. 1-76)

Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)

КАТЫЗМА 7

Псалом 46

Кіраўніку хору. Сыноў Карэевых

Усе народы, пляскайце ў далоні, * усклікніце Богу радасным голасам.

Бо Госпад усявышні страшны: * Ён - вялікі Уладар над усёй зямлёй.

Ён скарае перад намі народы, * і плямёны людзей кладзе нам пад ногі;

Выбірае нам як спадчыну хвалу Якуба, * любага свайго.

Бог узьнёсься пад радасныя воклікі, * Госпад - пад гучаньне трубаў.

Сьпявайце Богу, сьпявайце; * сьпявайце Уладару нашаму, сьпявайце,

Бо Бог - Уладар усёй зямлі. * Сьпявайце песьню хвалебную!

Бог пануе над народамі, * Бог сядзіць на сьвятым пасадзе сваім.

Уладары народаў зышліся з народам Бога Абрагама: * бо моцныя зямлі - Божыя, і Ён велічна ўзвышаецца.

 

Псалом 47

Псалом Сыном Карэевым. Другога дня тыдня

Вялікі Госпад і годны ўсякай хвалы* ў месьце Бога нашага, на гары сьвятой Яго.

Пышнае ўзвышша, радасьць усёй зямлі: на паўночным канцы яго - гара Сыён, горад Караля вялікага.

У ягоных палацах вядомы Бог, які бароніць яго..

Вось уладары сабраліся, * разам зышліся.

Як толькі ўбачылі - здранцьвелі, * зьбянтэжыліся і разьбегліся.

Дрыготкі ахапілі іх і боль, быццам парадзіху. * Бурным ветрам Ты скрышыў караблі тарсійскія.

Што чулі мы, тое і ўбачылі ў месьце Караля сілаў, * у горадзе Бога нашага. Бог умацоўвае яго давеку.

Разважаем, Божа, пра Тваю міласэрнасьць* сярод людзей Тваіх.

Імя Тваё, Божа, і хвала Твая сягаюць да канцоў зямлі. * Правая рука Твая поўная справядлівасьці.

Хай цешыцца гара Сыён, * хай дочкі Юды радуюцца праз прысуды Твае.

Прайдзіцеся па Сыёне, абыдзіце яго навокал, * палічыце ягоныя вежы.

Прыгледзьцеся да ягоных сьценаў, * падзівецеся на ягоныя дамы, каб расказаць нашчадкам.

Гэта Бог наш на век, і на век вякоў. * Ён будзе нашым правадыром давеку.

 

Псалом 48

Кіраўніку хору. Сыном Карэевым. Псалом

Слухайце, усе народы, * зважайце, ўсе жыхары зямлі,

Простыя людзі і сыны вяльможаў, * аднолькава багаты і ўбогі.

Вусны мае кажуць мудрасьць, * разважнасьць - роздум сэрца майго.

Схілю да прыповесьцяў вуха маё, * пад гукі гусьляў разгадку дам.

Чаго мне баяцца ў дзень бяды, * калі атуляе мяне нікчэмнасьць прыгнятальнікаў,

Што спадзяюцца на сваю сілу* і хваляцца вялікімі багацьцямі?

Брат не выратуе: ці ж можа выратаваць чалавек? * Ён ня можа даць Богу выкуп за сябе,

Або, хоць бы ўвесь час працаваў, * цану за збаўленьне душы сваёй,

Каб жыць давеку* і ня бачыць тленнасьці.

Ён бачыць, як паміраюць мудрыя, * аднолькава гінуць невукі і бязглуздыя, і пакідаюць багацьці свае іншым.

Магілы - іхнія дамы давеку, * іхняе жыльлё з пакаленьня ў пакаленьне, * хоць сваім імем называлі яны землі.

А чалавек, што жыве ў дастатку і не разумее; * прыраўноўваецца да неразумных жывёлаў, * стаецца як адзін з іх.

Шлях іхні бяздумны, * хоць людзі пасьля ўхваляюць думкі іх.

Быццам атару авец, гоняць іх у апраметную, * сьмерць - іхні пастух, а праведнікі будуць панаваць над імі.

Хутка зьнікне іхняя сіла, * і апраметная будзе іхнім жыльлём.

Але Бог выбавіць душу маю з бездані апраметнай, * Ён забярэ мяне да сябе.

Не турбуйся, калі нехта багацее, * калі дастатак дому ягонага павялічваецца,

Бо, калі памрэ, ня возьме нічога з сабою, * багацьці ягоныя ня зыйдуць з ім у магілу.

І хоць пры жыцьці ён задаволены з сябе, * і іншыя хваляць яго, што ўсё добра ўладкаваў, -

Ён усё роўна пойдзе туды, дзе ягоныя продкі, * якія ўжо давеку ня ўбачаць сьвятла.

А чалавек, што жыве ў дастатку і не разумее, * прыраўноўваецца да неразумных жывёлаў, стаецца як адзін з іх.

Слава... цяпер...

Псалом 49

Псалом Асафа

Бог багоў, Госпад прамовіў* і паклікаў зямлю ад усходу да захаду.

З Сыёну зьзяе пышная краса Яго

Бог яўна прыходзіць, Бог наш і не змаўчыць: * перад Ім зьнішчальны агонь, а вакол Яго бура бушуе.

Ён кліча неба згары і зямлю, * каб судзіць на суд людзей сваіх:

Зьбярыце Яму сьвятых ягоных, што замацавалі запавет з Ім ахвяраю.

І нябёсы абвесьцяць справядлівасьць Ягоную: * бо сам Бог - судзьдзя.

„Слухай, народзе мой, Я буду гаварыць; * буду сьведчыць супраць цябе, Ізраілю. * Я - Бог, твой Бог.

Не за ахвяры твае Я буду дакараць цябе: * цэлапаленьні твае заўжды перада Мною.

Не прыму цяляці з дому твайго, * ні казлятаў ад статкаў тваіх;

Бо ўсе зьвяры ў лесе Мае, * і тысячы зьвяроў на Маіх гарах.

Ведаю ўсіх птушак нябесных, * і краса ў полі вядомая Мне.

Калі б Я і згаладаўся, не сказаў бы табе, * бо Мой сусьвет і ўсё, што яго напаўняе.

Ці ж буду есьці мяса валоў, * або піць кроў казлоў?

Прынясі Богу ахвяру хвалы, * і спаўняй абяцаньні твае Усявышняму.

Пакліч мяне ў дзень суму: * Я выбаўлю цябе, і ты праславіш Мяне."

А грэшніку кажа Бог: „Што ты гаворыш пра Мае законы, * і Мой саюз не зыходзіць з вуснаў тваіх,

А сам ненавідзіш Маю навуку, * і словы Мае адкідаеш ад сябе?

Калі бачыў злодзея, ты бег разам з ім, * і з чужаложнікамі сябраваў.

Вуснам тваім ты даваў волю казаць злое, * язык твой рыхтаваў здраду.

Ты сядзеў і нагавораў на брата твайго, * зьневажаў сына маці тваёй.

Такое ты чыніў, а Я меў бы маўчаць? * Ты думаў, што Я такі як ты? * Я дакару цябе і пастаўлю грахі твае перад табою.

Зразумейце гэта ўсе, што забываецеся на Бога, каб не схапіў вас, * - і ня будзе нікога, хто б мог вас выратаваць.

Хто прыносіць ахвяру хвалы, той Мяне праслаўляе; * і хто так робіць, таму яўлю Я Божае збаўленьне."

 

Псалом 50

Начальніку хору. Псалом Давіда, калі прыйшоў да яго прарок Натан, пасьля таго як Давід зышося з Баршэбай

Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці* і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё.

Асабліва абмый мяне з віны маёй* і ад грахоў маіх ачысьці мяне.

Бо беззаконьне маё я знаю* і грэх мой заўжды перада мною.

Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. * Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім.

Вось я быў зачаты ў беззаконьні, * і ў граху нарадзіла мяне мая маці.

Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, * паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.

Акрапі мяне гісопам, і буду чысты, * абмый мяне, і стану бялейшы за сьнег.

Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: * хай узрадуюцца ўпакораныя косьці.

Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў* і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх.

Сэрца чыстае ствары ва мне, Божа, * і дух правы абнаві ў нутры маім.

Не адкінь мяне ад Твайго аблічча* і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня* і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці.

Буду навучаць грэшнікаў шляхоў Тваіх, * і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе.

Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня: * хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць.

Адчыні мае вусны, Госпадзе, * і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.

Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: * на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна.

Ахвяра Богу - дух скрушлівы: * сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш.

Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: * хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.

Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні: * тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.

Слава... цяпер...

Псалом 51

Начальніку хору. Навука Давіда

пасьля таго, як прыйшоў Дойк Ідумэйскі і данёс Саўлу, сказаўшы, што Давід прыйшоў у дом Абіэлеха

Чаго хвалішся злосьцю, * вяльможны нягоднік?

Увесь час думаеш пра загубу; * язык твой, крывадушнік, востры як брытва.

Любіш зло больш за дабро, * хлусьню больш за праўду.

Любіш усе згубныя размовы, * язык вераломны!

Таму зьнішчыць цябе Бог, на вякі адкіне цябе, * вырве з твайго жытла і выкараніць з зямлі жывых.

Праведнікі ўбачаць і спалохаюцца; * будуць сьмяяцца з яго і казаць:

„Вось чалавек, што не захацеў мець Бога сваім заступнікам, * але спадзяваўся на мноства багацьцяў сваіх і мацнеў у сваёй пыхлівасьці".

Я ж, быццам аліўнае дрэўца, што цьвіце ў доме Божым, * буду спадзявацца заўсёды на Божую міласэрнасьць.

Буду хваліць Цябе давеку за ўсё, што Ты ўчыніў, * і праслаўляць імя Тваё, бо добра гэта перад абліччам сьвятых Тваіх.

 

Псалом 52

Начальніку хору. На духавых прыладах. Навука Давіда

Сказаў дурань у сэрцы сваім: „Няма Бога".* Сапсаваліся, агідныя рэчы ўчынілі, * няма нікога, хто б рабіў дабро.

Бог глядзіць з неба на сыноў людзкіх, * каб бачыць, ці ёсьць разумны, які шукае Бога.

Усе да аднаго зблудзілі, зьнікчэмнелі, * не засталося нікога, хто б рабіў дабро.

Няўжо ж не схамянуцца тыя нягоднікі, * што зьядаюць Мой народ, быццам хлеб, і ня клічуць Бога?

Там абамлелі ад страху, дзе страху не было, * бо Бог параскідаў косьці тых, што шукалі людзкое славы.

Яны пакрыліся сорамам, * бо Бог адкінуў іх.

Каб ужо прыйшло збаўленьне Ізраіля з Сыёну! * Калі Бог адменіць долю свайго народу, * Якуб узрадуецца, Ізраіль усьцешыцца.

 

Псалом 53

Начальніку хору. Навука Давіда ў песьнях,

калі прыйшлі Зіфэі і сказалі Саўлу: Ці ня ў нас хаваецца Давід?

Божа, дзеля імя Твайго збаў мяне, * і сілаю Тваёю судзі мяне.

Пачуй, Божа, малітву маю, * прыхілі вуха Тваё да голасу вуснаў маіх.

Бо вось гордыя паўсталі супраць мяне і гвалтаўнікі шукаюць душы маёй, * і ня маюць Бога перад сабою.

Але Бог памагае мне, * і Госпад - заступнік душы маёй.

Ты адплоціш за зло ворагам маім: * у справядлівасьці Тваёй зьнішчы іх.

Ахвотна прынясу ахвяру Табе, * і буду славіць імя Тваё добрае, Госпадзе.

Бо Ты выбавіў мяне ад усялякай бяды, * і вочы мае бачылі сорам ворагаў маіх.

 

Псалом 54

Начальніку хору. Навука Давіда ў песьнях

Пачуй, Госпадзе, малітву маю, * і не пагардзі просьбаю маёю.

Глянь на мяне і пачуй мяне: * мучуся я ў бядзе маёй,

Хвалююся я ад голасу ворага* і ад перасьледу грэшніка.

Бо яны ўзводзяць на мяне няшчасьці* і ў гневе паўстаюць на мяне.

Сэрца маё поўнае трывогі, * і страх сьмяротны апанаваў мяне.

Страх і трапятаньне прыйшлі на мяне, * і жах сьмерці абняў мяне.

І кажу: „Калі б меў крылы як голуб, * я б паляцеў і супачыў,

Уцёк бы далёка і пасяліўся бы ў пустэльні; * Шукаў бы сховішча ад буры і ад навальніцы."

Разгані іх, Госпадзе і разьдзялі языкі іх, * бо бачу гвалт і разлад у горадзе.

Удзень і ўночы ходзяць яны вакол па мурох ягоных, * а ўнутры яго - беззаконьне і крыўда.

Сярод яго - пастка і згуба, * мана і крывадушша не зыходзяць з ягоных вуліцаў.

Калі б мяне скрыўдзіў вораг, я б лягчэй гэта перажыў, * схаваўся бы ад яго.

Але ж ты быў маім прыяцелем, * сябрам і давераным;

З табою я жыў ў салодкім сумоўі, * разам хадзілі мы ў дом Божы.

Сьмерць нечакана прыйдзе на іх, і сыдуць жывыя ў бездань, * бо дамы і нутры іхнія поўныя злосьці.

Я ж буду клікаць Бога, * і Госпад захавае мяне ад загубы.

Увечары, раніцай і апоўдні буду жаліцца і ўздыхаць, * і Ён пачуе голас просьбы маёй.

Захавае ў бясьпецы душу маю ад напасьнікаў, * бо многа тых, што супраць мяне.

Бог пачуе і ўпакорыць іх, - Той, што пануе вечна, * бо яны не пакаюцца, Бога не баяцца.

Узьнялі руку сваю на прыяцеляў, * не датрымалі саюзу.

Вусны іх мякчэйшыя за масла, * а сэрцы іх скорыя да бітвы.

Словы іх больш пяшчотныя за аліву, * а ў сапраўднасьці ж гэта - вострыя мячы.

Ускладзі клопат твой на Госпада, і Ён падтрымае цябе: * не дазволіць ніколі праведніку пахіснуцца.

Ты ж, Госпадзе, зьвядзі іх у бездань загубы: * людзі лютыя і здраднікі не дажывуць да паловы дзён сваіх.

Ты ж, Госпадзе, надзея мая.

Слава... цяпер...


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст