Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)
КАТЫЗМА 3
Псалом 17
Кіраўніку хору. Песьня слугі Гасподняга Давіда, што пяяў Госпаду ў дзень, калі Госпад вызваліў яго з рук ворагаў ягоных і з рук Саўла
Люблю Цябе, Госпадзе, сіла мая!* Госпад - умацаваньне маё, крэпасьць мая і збаўца мой,
Бог мой, памочнік мой, надзея мая,* абаронца мой, рог збаўленьня майго, заступнік мой!
Госпада, хвалы годнага, паклічу* і вызвалюся ад ворагаў маіх.
Хвалі сьмерці агарнулі мяне,* і струмені загубы ўстрывожылі мяне,
Аблыталі мяне путы пякельныя* і сеці сьмерці мяне агарнулі.
У маім горы я паклікаў Госпада,* усклікнуў да Бога майго,
І Ён пачуў голас мой са сьвятыні сваёй,* мой кліч дайшоў да вушаў Ягоных.
І вось задрыжэла і захісталася зямля,* асновы гораў ускалыхнуліся ў страху і затрэсьліся,* бо Госпад загарэўся гневам.
Дым выйшаў ад гневу Ягонага, а з вуснаў Ягоных зьнішчальны агонь;* вугольле загарэлася ад Яго.
Нахіліў нябёсы і зышоў уніз, * а цёмная хмара была пад нагамі Ягонымі,
Сеў на хэрувімаў і паляцеў, * і нёсься на крылах ветру.
Ён зрабіў цемру заслонаю сабе, * а пакрыцьцём - цёмныя воды хмараў нябесных.
Перад Ягоным зьзяньнем разьбегліся хмары, * град і распаленае вугольле.
І загрымеў Госпад на небе, * Усявышні падаў голас свой.
Выпусьціў стрэлы свае і рассыпаў іх, * мноства маланак - і разагнаў іх.
І паказаліся крыніцы водныя, * і адкрыліся асновы сусьвету ад грознага слова Гасподняга, * ад подыху духа Ягонага гневу.
Ён працягнуў руку з вышыні і ўзяў мяне, * выцягнуў мяне з бездані воднай.
Вызваліў мяне ад моцнага ворага, * ад ненавісьнікаў маіх, дужэйшых за мяне.
Яны напалі на мяне ў дзень бяды маёй, * але Госпад быў мне абаронцам.
Ён вывеў на прастору і вызваліў мяне: * бо любіць мяне.
За праведнасьць маю ўзнагародзіў мяне Госпад. * Адплаціў мне за чысьціню рук маіх,
Бо я сьцярог шляхі Гасподнія, * і не адступіў, зграшыўшы, ад Бога майго.
Бо ўсе прысуды Ягоныя былі перада мною, * і я не цураўся Ягоных загадаў.
Я быў перад Ім беззаганны, * і высьцерагаўся граху.
І Госпад адплаціў мне згодна з маёй справядлівасьцю, * і паводле чысьціні рук маіх, як Ён сам бачыў.
Для міласэрнага Ты - міласэрны, * і чыніш высакародна з высакародным.
Са шчырым Ты - шчыры, * з хітрым - абачлівы.
Бо Ты выбаўляеш народ пакорлівы, * а гордыя вочы ўпакорваеш.
Бо Ты, Госпадзе, даеш сьвятло сьветачу майму, * прасьвятляеш, Божа мой, цемру маю.
З Табою я кідаюся на ўмацаваньні ворага, * дзякуючы Богу майму пераскокваю праз мур.
Дарога Божая беззаганная, Слова Гасподняе выпрабаванае вагнём. * Ён - шчыт абаронны для ўсіх, што спадзяюцца на Яго.
Бо хто ж бог апроч Госпада? * Ці ёсьць апора апроч Бога нашага?
Бог, які падперазаў мяне сілаю* і ўчыніў беззаганным шлях мой,
Ён даў нагам маім зграбнасьць лані, * паставіў мяне на вышынях,
Ён прывучыў рукі мае да бою, * а плечы - нацягваць лук масяжны.
Ты даў мне шчыт Твайго збаўленьня, * правая рука Твая мяне падтрымала, і навука Твая ўзьвялічыла мяне.
Ты пашырыў дарогу, па якой я ішоў, * і ногі мае не спатыкнуліся.
Я гнаўся за ворагамі маімі, * дагнаў іх, і не вярнуўся, пакуль іх не разьбіў.
Я разьбіў іх так, што яны палі ніц пад нагамі маімі* і не змаглі ўстаць.
Ты падперазаў мяне сілаю да бітвы, * і кінуў пад ногі мае тых, што супраціўляліся мне.
Ты змусіў да ўцёкаў ворагаў маіх, * і зьнішчыў тых, што ненавідзяць мяне.
Яны ўзьнялі крык, але не прыйшоў да іх збаўца. * Клікалі Госпада, але Той не пачуў іх.
Я разагнаў іх, як пыл на ветры, * растаптаў, як бруд на вуліцы.
Ты мяне выбавіў ад сварак людзкіх, * паставіў мяне галавою народаў.
Народ, якога я ня ведаў, служыць мне, * паслухмяны на мой першы кліч.
Чужынцы лісьлівяць мне. * Чужынцы бялеюць, дрыжаць і пакідаюць умацаваньні свае.
Хай жыве Госпад, блаславёны Бог мой, * і хай будзе праслаўлены Бог збаўленьня майго,
Бог, які адплаціў за мяне* і падпарадкаваў мне народы;
Што вызваліў мяне ад ворагаў маіх, * ўзьнёс над тымі, што працівіліся мне, і вырваў з рук гвалтаўніка.
Таму, Госпадзе, буду славіць Цябе між народамі* і пяяць песьню хвалы Імю Твайму;
Бо Ты даў каралю Твайму вялікую перамогу, * і явіў міласэрнасьць памазанцу Твайму Давіду і нашчадкам ягоным давеку.
Слава... цяпер...
Псалом 18
Кіраўніку хору. Псалом Давіда
Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, * аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.
Дзень дню кажа слова, * ноч ночы вестку перадае.
Гэта ня словы, і не размова, * гуку якіх можна не пачуць:
Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх* і аж да краёў сьвету словы іх.
Вось Ён паставіў намёт для сонца, * і яно, быццам жаніх, выходзіць са сьвятліцы* і цешыцца як волат, што прабягае свой шлях.
З аднаго краю неба яно выходзіць* і бяжыць па коле да другога краю; * ад сьпёкі ягонай нішто не схаваецца.
Закон Гасподні - дасканалы, ён умацоўвае душу; * сьведчаньні Госпада верныя - яны навучаюць простых;
Запаветы Гасподнія правыя - яны радуюць сэрца; * загады Гасподнія ясныя - яны прасьвятляюць вочы.
Страх Гасподні шчыры, ён трывае давеку. * Суды Гасподнія праўдзівыя, усе яны справядлівыя.
Яны больш каштоўныя за золата, * золата найчысьцейшае, * саладзейшыя за мёд, што плыве з сотаў.
Хоць слуга Твой зважае на іх, * і пільна стараецца іх захоўваць,
Але хто можа бачыць хібы свае? * Ад тайных правінаў маіх ачысьці мяне!
Барані таксама Твайго слугу ад пыхі, * каб яна не завалодала мною.
Тады я буду беззаганны* і вольны ад вялікай правіны.
Хай словы вуснаў маіх і думкі сэрца майго* будуць мілыя Табе, Госпадзе, Абаронца і Збавіцелю мой.
Псалом 19
Кіраўніку хору. Псалом Давіда
Хай пачуе цябе Госпад у дзень суму, * хай імя Бога Якуба будзе табе абаронаю.
Хай пашле табе дапамогу са сьвятыні* і дасьць падтрымку табе з Сыёну.
Хай успомніць кожную ахвяру тваю, * і цэлапаленьні твае хай прыме.
Хай Госпад споўніць жаданьні сэрца твайго* і зьдзейсьніць усе задумы твае.
Узрадуемся з тваёй перамогі і ў імя Бога нашага ўздымем сьцягі. * Хай Госпад споўніць усе просьбы твае.
Сёньня пазнаў я, што Госпад даў перамогу памазанцу свайму, * пачуў яго з неба сьвятога свайго, узмацніў сілаю пераможнай рукі сваёй.
Адныя калясьніцамі, іншыя коньмі, * мы ж імем Госпада Бога моцныя.
Тыя пахіснуліся і ўпалі, * а мы стаім і трымаемся!
Госпадзе, збаў уладара і пачуй яго* ў дзень, калі будзе клікаць Цябе.
Псалом 20
Кіраўніку хору. Псалом Давіда
Госпадзе, сілаю Тваёю цешыцца ўладар, * і з Тваёй дапамогі ён вельмі рады.
Ты споўніў жаданьне сэрца ягонага* і просьбе вуснаў ягоных не адмовіў.
Бо Ты пайшоў яму насустрач са шчодрым блаславеньнем, * вянец са шчырага золата Ты ўсклаў на галаву яму.
Ён прасіў жыцьця ў Цябе, * і Ты абдарыў яго доўгімі днямі на век вякоў.
Слава яго вялікая дзякуючы збаўленьню Твайму, * веліч і красу ўсклаў Ты на яго.
Бо Ты даеш яму блаславеньне вечнае* і цешыш яго радасьцю перад абліччам Тваім.
Бо ўладар спадзяецца на Госпада* і ласкаю Усявышняга не пахісьнецца.
Хай рука Твая падзе на ўсіх ворагаў Тваіх, * хай правая рука Твая знойдзе тых, што ненавідзяць Цябе.
Укінь іх, быццам у вогненную печ,* у час Твайго зьяўленьня.
Госпад у гневе сваім наведае іх, * і вагонь праглыне іх.
Нашчадкаў іх з зямлі выгубіш, * і племя іх спасярод сыноў людзкіх.
Калі задумаюць яны на Цябе нешта дрэннае, * калі злую раду ўчыняць, ня здолеюць нічога;
Бо Ты змусіш іх да ўцёкаў: * Твой лук нацэліш у твар іх.
Устань, Госпадзе, у сіле Тваёй: * будзем пяяць і славіць магутнасьць Тваю.
Слава... цяпер...
Псалом 21
Кіраўніку хору. На досьвітку. Псалом Давіда
Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў? * Далёкія ад збаўленьня майго словы грахоў маіх.
Божа мой, клічу ўдзень, і Ты ня чуеш, * уночы - і не адказваеш.
Ты ж у сьвятыні жывеш, * Хвала Ізраіля!
На Цябе спадзяваліся бацькі нашыя, * спадзяваліся, і Ты вызваліў іх;
Клікалі Цябе, і былі збаўленыя, * Табе верылі, і не пасаромеліся.
Я ж - рабак, а не чалавек, * сьмех для людзей, пагарда народу.
Сьмяюцца з мяне ўсе, што глядзяць на мяне, * гавораць, ківаюць галовамі:
„Верыў Госпаду, дык хай Ён вызваліць яго, * хай уратуе, калі любіць яго".
Ты мяне вывеў з матчынага ўлоньня, * Ты даў мне бясьпеку ля грудзей маці.
Табе ад нараджэньня я быў аддадзены, * ад улоньня маці маёй Ты быў маім Богам.
Не аддаляйся ад мяне, бо я пакутую. * Блізка будзь, бо ня маю памочніка.
Мноства быкоў атачыла мяне, * шалёныя быкі навокал мяне паўсталі.
Разьзяўляюць на мяне свае пашчы, * быццам леў разьюшаны, рыкаюць.
Я стаўся як вада разьлітая, * косьці мае павыходзілі з суставаў, * сэрца маё бы воск, мягчэе ў нутры маім.
Як аскепак, высахла горла маё, * язык мой прыстаў да паднябеньня: * Ты абярнуў мяне ў пыл сьмерці.
Бо сабакі мяне абселі, * зграя злачынцаў абкружыла мяне;
Працялі рукі і ногі мае, * усе косьці мае магу палічыць. * А яны назіраюць і дзівяцца;
Падзялілі між сабою ўсю вопратку маю* і аб адзеньні маім кідалі жэрабя.
Ты ж, Госпадзе, не аддаляйся: * Памочнік мой, сьпяшайся на ратунак.
Выратуй ад мяча душу маю, * і жыцьцё маё ад сабачых кіпцюроў;
Выбаў мяне, убогага, * ад пашчы льва, ад рогаў быка.
Абвяшчу братом маім імя Тваё* і буду славіць Цябе ў грамадзе;
Усе, што баіцёся Госпада, хваліце Яго; * нашчадкі Якуба, слаўце Яго; шануйце Яго, усе нашчадкі Ізраіля!
Бо Ён не пагардзіў і не пагрэбаваў галечай убогага, * і не схаваў перад ім твару свайго, але пачуў, калі той клікаў Яго.
Да Яго мая песьня хвалы на вялікім сходзе; * выканаю абяцаньні мае перад тымі, што баяцца Яго.
Хай бедныя ядуць і насыцяцца, і хай хваляць Госпада тыя, што шукаюць Яго. * Хай сэрцы іхнія жывуць давеку.
Успомняць і вернуцца да Госпада ўсе канцы зямлі; * і ўсе плямёны людзкія падуць ніц перад абліччам Ягоным.
Бо Гасподняе валадарства, * і Ён пануе над народамі.
Яму адзінаму пакланяюцца ўсе тыя, што ў зямлі спачываюць, * перад Ім схіляюцца ўсе тыя, што зыходзяць у магілу.
Нашчадкі мае служыць Яму будуць, * раскажуць пра Госпада наступным пакаленьням,
А справядлівасьць Яго абвесьцяць будучым родам: * Так учыніў Госпад.
Псалом 22
Псалом Давіда
Госпад - мой пастыр, * і ні ў чым ня буду мець нястачы;
На зялёных пашах Ён пасяліў мяне, прыводзіць мяне на ціхія воды.
Ён жывіць маю душу, * вядзе мяне па простых сьцежках дзеля хвалы імя свайго.
Калі б нават я йшоў змрочнай далінаю сьмерці, * не збаюся зла, бо Ты са мною.
Жазло Тваё і посах Твой* - яны для мяне суцяшэньне.
Ты падрыхтаваў стол для мяне перад ворагамі маімі, * алеем памазаў галаву маю: да краёў поўная чаша мая.
Дабрыня і ласка будуць са мною праз усе дні жыцьця майго, * і буду жыць у доме Гасподнім на вякі вякоў.
Псалом 23
Псалом Давіда: у першы дзень тыдня
Гасподняя зямля і ўсё, што яе напаўняе, * сусьвет і ўсе жыхары яго.
Бо Ён на морах яе заснаваў* і ўмацаваў на рэках.
Хто ўзыдзе на гару Гасподнюю, * або стане на месцы сьвятым Яго?
Чалавек з бязьвіннымі рукамі і чыстым сэрцам, * чыя душа не занятая марным, і які не прысягаў няшчыра бліжняму свайму.
Ён атрымае блаславеньне ад Госпада* і заплату ад Бога, Збавіцеля свайго.
Такі род тых, што шукаюць Яго, * што шукаюць аблічча Бога Якубавага.
Брамы, падыміце шчыты вашыя; * адчыніцеся, вароты спрадвечныя, каб мог увайсьці Кароль славы!
Хто ж той Кароль славы? * Госпад магутны і моцны, Госпад неадольны ў баі.
Брамы, падыміце шчыты вашыя; * адчыніцеся, вароты спрадвечныя, каб мог увайсьці Кароль славы!
Хто ж той Кароль славы? * Госпад сіл, Ён - Кароль славы!
Слава... цяпер...
|