Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)
КАТЫЗМА 9
Псалом 64
Начальніку хору. Псалом Давіда. Песьня
Табе, Божа, належыць хвала на Сыёне; * Табе споўняцца абяцаньні ў Ерусаліме.
Да Цябе, што выслухоўваеш малітву, * прыходзіць кожны сьмяротны.
Беззаконныя ўчынкі прыгнятаюць нас: * Ты ж ачысьці правіны нашыя.
Шчасьлівы той, каго Ты выбраў і прыгарнуў: * ён будзе жыць у хорамах Тваіх.
О, каб нам насыціцца дабротамі дому Твайго, * сьвятасьцю сьвятыні Тваёй!
У справядлівасьці Тваёй выслухай нас, * Божа, Збавіцелю наш,
Дзівосны ў цудах Тваіх, * надзея ўсіх канцоў зямлі і тых, што далёка на моры.
Ты ўмацоўваеш горы сілаю Тваёю, * Ты падперазаны магутнасьцю.
Ты суцішаеш бурную глыбіню марскую, * шум хваляў і бунт народаў!
З-за цудаў Тваіх устрывожацца тыя, што жывуць на межах зямлі. * Надыход раніцы і вечара Ты ўпрыгожваеш.
Ты наведваеш зямлю і навадняеш яе, * узбагачаеш яе бязьмерна.
Струмень Божы поўны вады. * Ты рыхтуеш хлеб, бо так Ты ўладкаваў зямлю.
Ты навадняеш ейныя барозны, выраўноўваеш ейныя скібы, * разьмягчаеш яе кроплямі дажджу, і бласлаўляеш ейныя плады.
Вянчаеш год ласкаю Тваёю, * і сьляды Твае аплываюць сытою.
Пашы поўняцца расою, * узгоркі падпярэзваюцца радасьцю.
Лугі адзяюцца ў чароды (авечак), * і даліны пакрываюцца пшаніцаю.
Усё радасна ўсклікае і пяе.
Псалом 65
Начальніку хору. Песьня ўваскрасеньня
Сьпявай Госпаду, уся зямля! Слаўце ў песьнях імя Яго, * аддайце хвалу велічы Яго.
Скажыце Госпаду: „Якія цудоўныя творы Твае! * З-за велічы магутнасьці Тваёй дрыжаць перад Табою ворагі Твае.
Уся зямля хай пакланяецца Табе і пяе Табе, * хай славіць у песьнях імя Тваё, Усявышні!"
Прыйдзіце і гляньце на ўчынкі Божыя: * Ён учыніў цуды сярод сыноў людзкіх!
Ён перамяніў мора на сушу, і яны раку перайшлі пеша. * Таму і радуемся ў Ім.
У магутнасьці сваёй Ён пануе вечна; * вочы Ягоныя пільнуюць народы, каб не ўзьняліся бунтаўнікі.
Блаславіце, народы, Бога нашага, * і абвяшчайце славу велічы Яго.
Ён зьбярог жыцьцё душы нашай, * і назе нашай ня даў патыкнуцца.
Ты, Божа, дасьведчыў нас і выпрабаваў агнём, * як выпрабоўваюць срэбра.
Ты завёў нас у пастку, * усклаў на плечы нашыя цяжкае бярэмя;
Ты паклаў нас пад ногі людзям. * Мы перайшлі праз агонь і ваду, але Ты вывеў нас на свабоду.
Увайду ў дом Твой з цэлапаленьнямі, * і споўню перад Табою абяцаньні мае,
Што прамовілі вусны мае і язык мой, * калі я быў у бядзе.
Прынясу Табе тлустыя цэлапаленьні з дымам ахвярным з авечага тлушчу; * валоў і казлоў прынясу Табе.
Прыйдзіце, усе багабойныя, і я раскажу вам, * што ўчыніў Бог для душы маёй.
Я клікаў Яго вуснамі маімі* і ўзьвялічыў Яго языком маім.
Калі б у сэрцы маім я меў няправедныя намеры, * Госпад не выслухаў бы мяне.
Але Бог выслухаў мяне, * Ён пачуў голас маёй малітвы.
Блаславёны Бог, які не адкінуў просьбы маёй* і не аддаліў ад мяне сваёй міласэрнасьці.
Псалом 66
Начальніку хору. Псалом. Песьня
Божа, будзь ласкавы да нас і блаславі нас: * прасьвятлі нас зьзяньнем твару Твайго і зьмілуйся над намі.
Каб мы маглі пазнаць на зямлі шлях Твой, * сярод людзей усіх збаўленьне Тваё.
Хай славяць Цябе, Божа, усе народы, * хай славяць Цябе ўсе людзі.
Хай узрадуюцца і ўсьцешацца ўсе народы, * бо Ты чыніш справядлівы суд людзям і кіруеш народамі на зямлі.
Хай славяць Цябе, Божа, усе народы, * хай славяць Цябе ўсе людзі.
Зямля дала плён свой: * Бог наш, Бог блаславіў нас.
Блаславі нас, Божа, * і хай баяцца Цябе ўсе канцы зямлі.
Слава... цяпер...
Псалом 67
Начальніку хору. Псалом Давіда. Песьня
Хай устане Бог, і разьбягуцца ворагі Яго* і ўцякуць ад Яго ўсе ненавісьнікі Яго.
Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае воск ад агню. * Так хай згінуць нязбожныя ад аблічча Божага.
А праведнікі хай усьцешацца і ўзрадуюцца перад Богам, * і ў радасьці хай сьвяткуюць.
Сьпявайце Богу, слаўце імя Яго, * узьвялічвайце Таго, хто ідзе пустыняю* - імя Яму Госпад* - і цешцеся перад Ягоным абліччам.
Бог у сьвятым жытле сваім* - айцец сіротаў і заступнік удоваў.
Бог дом рыхтуе для пакінутых, вызваляе палонных з аковаў, * толькі непакорлівыя застаюцца ў сухой пустэльні.
Божа, калі Ты ішоў перад народам Тваім, * калі Ты ішоў праз пустыню,
Зямля траслася, нябёсы таялі, * і Сынай дрыжаў перад Госпадам, Богам Ізраіля.
Шчодры дождж Ты, Божа, пасылаў на Твой набытак* і ўмацоўваў саслаблых.
Твой статак пасьвіўся там; * у дабрыні Тваёй, Божа, Ты даваў надзённае беднаму.
Госпад дае слова тым, * што абвяшчаюць радасьць з сілаю вялікаю:
„Цары з войскамі ўцякаюць, уцякаюць, * а жанчыны ў хаце дзеляць здабычу.
Пакуль вы спачывалі ў сваіх удзелах, * крылы галубкі пакрыліся срэбрам, а пёры зазьзялі золатам.
Калі Усемагутны расьсеяў там цароў, * горы Салмон пакрыліся сьнегам".
Горы Божыя, горы высокія, * горы вялікія, горы стромыя!
Чаму, стромыя горы, зайздросна глядзіце на гару, * якую Бог абраў сабе на жыльлё, на якой Госпад будзе жыць давеку?
Калясьніцаў Божых безьліч, тысячы тысячаў: * Госпад з Сынаю зыходзіць у сьвятыню.
Ты ўзышоў на вышыню, узяў палонных, * прыняў дары людзей, - нават упартых, - каб ім жыць з Табою, Госпадзе Божа.
Блаславёны Госпад на кожны дзень: * Ён аблягчае нашыя цяжкасьці і збаўляе нас!
Бог наш - Бог, які збаўляе. * У Госпада ратунак ад сьмерці.
Пэўна, Бог скрышыць галовы ворагаў сваіх, * кудлатае цемя закасьцянелага ў беззаконьнях.
Госпад сказаў: „З Басана прывяду назад; * выведу з марской глыбіні,
Каб ты памачыў нагу тваю у крыві ворагаў тваіх, * і язык сабакаў тваіх, каб атрымаў сваю частку".
Вось відаць ужо ўваход Твой, Божа, уваход Бога майго, * Уладара майго ў сьвятыню.
Сьпераду ідуць сьпевакі, ззаду музыкі, * пасярэдзіне дзяўчаты граюць на бубнах.
„На зборах вашых блаславіце Бога, * Госпада, усе нашчадкі Ізраіля!"
Там Бэніямін наймалодшы ідзе спераду, * князі Юды са сваімі войскамі, князі Забулёну, князі Нэфталі.
Пакажы, Божа, сілу Тваю; * умацуй, Божа, тое, што зрабіў для нас.
Дзеля сьвятыні Тваёй, што ў Ерусаліме, * каралі прынясуць Табе дары.
Утаймуй дзікага зьвера ў чароце* - статак валоў з цялятамі народаў, што хваляцца зьліткамі срэбра. * Разгані народы, што прагнуць вайны.
Хай прыйдуць вяльможы з Ягіпту; * Этыёпія хай працягне рукі свае да Бога.
Сьпявайце Богу, зямныя валадарствы, * слаўце ў песьнях Госпада, які крочыць па адвечных нябёсах нябёсаў.
Вось Ён грыміць магутным голасам: * „Прызнайце сілу Божую!"
Веліч Ягоная над Ізраілем, * а магутнасьць Ягоная на хмарах.
Грозны Бог у сьвятыні сваёй, Бог Ізраіля. * Ён дае сілу і моц народу свайму. Блаславёны Бог!
Слава... цяпер...
Псалом 68
Кіраўніку хору. Пра тых, што маюць перамяніцца. Псалом Давіда
Збаў мяне, Божа, * бо воды дайшлі да душы маёй.
Я заграз у глыбокай твані, * і ня маю дзе паставіць ногі мае;
Увайшоў у глыбіню водную, * і хвалі заліваюць мяне.
Я зьнямогся ад крыку, горла маё ахрыпла, * вочы саслаблі ад чаканьня Бога майго.
Тыя, што ненавідзяць мяне без прычыны, * больш шматлікія за валасы на галаве маёй;
Ворагі мае, што няправедна перасьледуюць мяне, * дужэйшыя за мяне: ці ж мне трэба аддаць тое, чаго ня браў?
Божа, Ты ведаеш неразумнасьць маю, * мае правіны не схаваныя ад Цябе.
Хай не пасаромеюцца дзеля мяне* ўсе, што спадзяюцца на Цябе, Госпадзе Божа сіл:
Хай не пасаромеюцца ўсе, * што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля.
Бо дзеля Цябе цярплю зьнявагі, * і ганьба пакрывае твар мой.
Я стаў чужым для братоў маіх, * і чужынцам для сыноў маці маёй.
Бо рупнасць пра дом Твой зьядае мяне, * і праклёны тых, што праклінаюць Цябе, падаюць на мяне.
Пастом я стаміў душу маю, * і гэта ставяць мне ў ганьбу.
Замест вопраткі апранаюся ў зрэб'е, * і сталася гэта нагодаю для іхніх насьмешак.
Пра мяне пляткараць тыя, што сядзяць у браме, * і з мяне насьміхаюцца тыя, што п'юць віно.
А я, Госпадзе, да Цябе з маёй малітваю: * у дзень прыемны выслухай мяне ў вялікай дабрыні Тваёй, * прыйдзі, Верны, мне на дапамогу.
Выцягні мяне з твані, каб мне не патануць; * збаў мяне ад тых, што ненавідзяць мяне і выратуй мяне з глыбіні воднай.
Няхай хвалі водныя не затопяць мяне, хай глыбіні не паглынуць мяне; * хай бездань не зачыніць нада мною пашчы сваёй.
Пачуй мяне, Госпадзе, бо ласкавая міласьць Твая; * дзеля мноства дабротаў Тваіх глянь на мяне.
Не хавай аблічча Твайго ад слугі Твайго, * бо я вельмі прыгноблены: хутка пачуй мяне.
Прыблізься да душы маёй і збаў яе; * дзеля ворагаў маіх уратуй мяне.
Ты ведаеш ганьбу маю, мой сорам і маю няславу: * перад вачыма Тваімі ўсе ворагі мае.
Ганьба скрышыла сэрца маё, і мне не стае сілаў; * я чакаў спагады, але яе няма; * пацехі - і той не знаходжу.
За ежу далі мне жоўць, * а калі сьмягнуў, напаілі мяне воцатам.
Хай іхні стол станецца для іх пасткаю, * а мірная бяседа - сілом.
Хай вочы іхнія зацьмяцца, каб ім ня бачыць, * хай сьцёгны іхнія саслабнуць назаўсёды.
Вылі на іх абурэньне Тваё, * і полымя гневу Твайго хай абдыме іх.
Хай дом іх будзе пусты, * і ў палатках іхніх хай не застанецца нікога жывога.
Бо яны перасьледвалі таго, каго Ты паразіў, * і павялічвалі боль тых, каго Ты параніў.
Да віны іхняй дадай віну, * і хай ня знойдуць у Цябе апраўданьня.
Хай будуць сьцёртыя з кнігі жывых, * і з праведнымі хай ня будуць запісаныя.
А я бедны і моцна цярплю: * дапамога Твая, Госпадзе, хай уздыме мяне.
Буду славіць у песьні Бога, * буду ўзьвялічваць Яго з удзячнасьцю.
І гэта будзе Богу больш прыемна, як прынесены вол, * або як цяля з рагамі і капытамі.
Убачаць гэта бедныя і ўсьцешацца, * і ажыве сэрца тых, што шукаюць Бога.
Бо Бог выслухоўвае бедных, * і ня пагарджае вязьнямі сваімі.
Хай аддадуць Яму хвалу неба і зямля, * мора, і ўсё, што жыве ў іх.
Бо Бог збавіць Сыён, адбудуе гарады Юды: * там будуць жыць і атрымаюць у спадчыну зямлю.
І нашчадкі слугаў Ягоных атрымаюць яе ў спадчыну; * тыя, што любяць імя Ягонае, будуць там жыць.
Псалом 69
Кіраўніку хору. Псалом Давіда на ўспамін аб збаўленьні
Божа, ратуй мяне; * Божа, прыйдзі хутчэй на дапамогу мне.
Хай будуць пасаромленыя і хай чырванеюць тыя, * што робяць засаду на мяне;
Хай адступяць з сорамам тыя, * што цешацца з майго няшчасьця;
Хай адступяць пакрытыя ганьбаю тыя, * што кажуць: „Але, так яму і трэба!"
Хай радуюцца і цешацца ў Табе* ўсе, што Цябе шукаюць,
І кажуць заўсёды: „Хай уславіцца Госпад!" * - тыя, што жадаюць Тваёй дапамогі.
Я ж бедны і няшчасны: * Божа, прыйдзі да мяне з дапамогаю.
Ты - мая дапамога і маё вызваленьне: * Госпадзе, не пазьніся!
Слава... цяпер...
|