Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)
КАТЫЗМА 8
Псалом 55
Начальніку хору. Пра людзей, аддаленых ад сьвятыні, памятная песьня Давіда, калі паланілі яго чужынцы ў Гэфі
Зьмілуйся нада мною, Божа, * бо стапталі мяне людзі,
Увесь час нападаюць на мяне* і чыняць мне ўціск.
Штодня лютуюць мае ворагі* - шмат тых, што нападаюць на мяне.
Калі мяне агорне трывога, * на Цябе спадзяюся!
Перад Богам словы хвалы маёй ўвесь дзень, * на Бога спадзяюся, і не збаюся: * што мне можа зрабіць чалавек?
Увесь дзень мяне абмаўляюць, * усе думкі іхнія на тое, каб пашкоддзіць мне.
Зьбіраюцца, сочаць, засеўшы, за маімі крокамі, * робяць засаду на душу маю.
Адплаці ім, Божа, за іхняе беззаконьне: * у гневе Тваім разьбі народы.
Шляхі майго блуканьня Табе вядомыя; * Ты сабраў сьлёзы мае: * ці ж яны не запісаныя ў кнізе Тваёй?
Як толькі гукну Цябе, * ворагі мае адступаюць.
Ведаю напэўна, што Бог са мною. * Перад Богам словы хвалы маёй,
На Бога спадзяюся, і не збаюся: * што мне можа зрабіць чалавек?
Я зьвязаны абяцаньнем, якое даў Табе. * Табе прынясу ахвяру хвалы.
Бо Ты захаваў жыцьцё маё ад сьмерці, * і ня даў назе маёй спатыкнуцца, * каб я мог хадзіць перад Богам у сьвятле жывых.
Псалом 56
Кіраўніку хору. „Не загубі". Песьня Давіда, калі ён уцёк ад Саўла ў пячору
Зьмілуйся нада мною, Божа, зьмілуйся нада мною, * бо на Цябе спадзяецца душа мая;
У ценю крылаў Тваіх схаваюся, * дакуль не міне бяда.
Буду гукаць Бога найвышэйшага, * Бога, які дабро мне чыніць.
Ён пашле з неба мне паратунак, * пасароміць тых, хто мяне перасьледуе.
Хай Госпад пашле міласэрнасьць сваю* і праўду сваю!
Душа мая сярод ільвоў, што пажыраюць сыноў людзкіх; * зубы іхнія - дзіды і стрэлы, а язык - востры меч.
Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа, * і над усёй зямлёй хай разыдзецца слава Твая!
Яны падрыхтавалі сеткі для ног маіх, душу маю сьціснулі; * выкапалі дол перада мною, але самі ў яго ўпалі.
Бадзёрае сэрца маё, Божа, бадзёрае сэрца маё: * буду сьпяваць і граць Табе.
Прачніся, душа мая, прачніцеся, лера і гусьлі! * Я ўстану на досьвітку.
Буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод людзей; * буду пяяць Табе сярод народаў.
Бо веліч міласьці Тваёй - да нябёсаў, * і праўда Твая - да хмараў.
Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа, * і хай па ўсёй зямлі разыдзецца хвала Твая!
Псалом 57
Начальніку хору. „Не загубі". Памятная песьня Давіда
Ці сапраўды праўду гаворыце, * ці справядліва судзіце, сыны людзкія?
Вы ж задумалі беззаконьне ў сэрцах вашых, * рукі вашыя чыняць гвалт на зямлі.
Ад улоньня маці бязбожныя сышлі з дарогі; * ад нараджэньня зблудзілі, гаворачы няпраўду.
Атрута іхняя, быццам яд зьмяіны, * яд глухое гадзюкі, што затуляе вушы,
Каб ня чуць голасу заклінальніка, * чараўніка, што кладзе замову.
Божа, скрышы зубы ў іхніх пашчах; * зламай, Госпадзе, іклы львянятаў!
Няхай сыдуць, як разьлітая вада; * няхай стрэлы іхнія, калі яны іх нацэляць, ступяцца.
Няхай зьнікнуць, як разьмяклы смоўж; * як скінуты жанчынаю плод, што сонца ня бачыў.
Перш як быльлё загарыцца пад вашымі катламі, * хай подых ветру разьвее яго зялёным.
Усьцешыцца праведнік, калі ўбачыць пакараньне: * абмые ногі свае ў крыві нязбожнага.
І скажа чалавек: „Сапраўды, ёсьць узнагарода для праведніка! * Сапраўды, ёсьць Бог, які судзіць на зямлі!"
Слава... цяпер...
Псалом 58
Начальніку хору. „Не загубі". Памятная песьня Давіда, калі Саўл паслаў сьцерагчы ягоны дом і забіць яго
Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, Божа мой! * Абарані ад тых, што паўстаюць на мяне.
Выбаў мяне ад тых, што робяць беззаконьне; * ратуй ад мужоў крыві.
Вось яны цікуюць на душу маю; * дужыя зьбіраюцца супраць мяне. * Госпадзе, няма ўва мне ні граху ні правіны;
Яны зьбіраюцца і нападаюць на мяне, бязьвіннага. * Устань, выйдзі насустрач мне і глянь.
Ты ж, Госпадзе, Божа сілаў, Божа Ізраіля, * глянь і наведай усе народы, не шкадуй ніводнага з вераломных.
Увечары вяртаюцца яны, выюць, як сабакі, * ходзяць вакол па месьце.
Вось яны блюзьняць языкамі сваімі, * зьняважлівыя словы у іх на вуснах; * думаюць: „Хто нас пачуе?"
Але Ты, Госпадзе, пасьмяесься з іх, * Ты пасароміш усе народы.
На Цябе буду спадзявацца, Сіла мая, * бо Ты, Божа - мая абарона.
Бог мой, які мяне любіць, хай прыйдзе да мяне з дапамогаю, * хай дасьць мне радасьць бачыць паразу ворагаў маіх.
Разгані іх, Божа, хай народ мой ня горшыцца; * пасаром іх сілаю Тваёю і звалі іх з ног, Госпадзе, абаронца мой.
Кожнае слова вуснаў іхніх - грэх; хай заблытаюцца ва ўласнай пыхлівасьці* за праклёны і хлусьню, што яны пашыраюць.
Вынішч іх у гневе Тваім, зьнішчы іх, каб іх ня стала; * каб ведалі ўсе, што Бог пануе ў Якубе і аж да канцоў зямлі.
Увечар вяртаюцца яны, выюць, як сабакі, * ходзяць вакол па месьце.
Хай блукаюць у пошуках спажывы* і, не наеўшыся, скавычуць.
Я ж буду пяяць пра сілу Тваю, і зранку абвяшчаць Тваю міласэрнасьць, * бо Ты - мая абарона і прытулак у час бяды.
Буду пяяць Табе, Сіла мая! * Бо Ты, Божа - мой заступнік, Мой Бог, які мяне мілуе.
Псалом 59
Начальніку хору. Пра тых, што маюць перамяніцца. Памятная песьня і навука Давіда,
калі спаліў Сырыю мэзапатамскую і Сырыю Цованскую, і калі Іааў, вярнуўшыся, разьбіў у даліне Соль дваццаць тысяч ідумэяў
Божа, Ты адкінуў нас, разьбіў нас, разгневаўся; * цяпер ізноў уздымі нас.
Ты страсянуў зямлю, раскалоў яе; * загаі ейныя шчыліны, бо яна хістаецца.
Ты абышоўся жорстка з народам Тваім, * напаіў яго віном, якое адымае сілу.
Ты паставіў сьцяг для тых, што баяцца Цябе, * каб яны ўцяклі ад лука,
Каб тыя, каго любіш, маглі ўратавацца. * Збаў іх правай рукой Тваёй, і выслухай мяне.
Бог прамовіў у сьвятыні сваёй: * „Усьцешуся, разьдзялю Сіхэм, і даліну Сукот разьмеру.
Мой Галаад, Мая зямля Манасіі, * Эфраім - шолам на галаве Маёй, Юда - скіпетар Мой.
Мааб - умывальная чаша Мая; * на Ідумэю бот свой пастаўлю, над Філістыяй запаную".
Хто ўвядзе мяне ва ўмацаваны горад? * Хто давядзе мяне да Эдому?
Ці ня Ты, Божа, адкінуў нас* і ўжо ня выходзіш з нашымі войскамі?
Дай нам дапамогу супраць ворага; * бо людзкая падтрымка дарэмная.
З Богам мы явім сілу: * Ён патопча нашых ворагаў.
Псалом 60
Начальніку хору. Псалом Давіда
Пачуй, Божа, гуканьне маё, * выслухай малітву маю!
Ад канцоў зямлі я клікаў Цябе, калі сэрца маё саслабла. * Уздымі мяне на скалу, для мяне недасяжную.
Бо для мяне Ты - мой прытулак, * абаронная вежа супраць ворага.
Каб толькі я мог заўжды жыць у Тваім жытле, * хавацца пад ценем крылаў Тваіх!
Бо Ты, Божа, выслухаў жаданьні мае, * і даў мне ў спадчыну тых, што баяцца імя Твайго.
Дадай дзён каралю, * прадоўжы гады ягоныя з пакаленьня ў пакаленьне.
Перад Богам хай ён вечна пануе; * дай ласку і вернасьць, каб сьцераглі яго.
Тады буду заўжды пяяць імю Твайму* і штодня выконваць абяцаньні мае.
Слава... цяпер...
Псалом 61
Начальніку хору Ідыфума. Псалом Давіда
Толькі ў Богу душа знаходзіць спачынак, * ад Яго прыходзіць мне дапамога.
Толькі Ён - моц мая і збаўленьне, * Ён мой абаронца, і я не пахіснуся.
Дакуль будзеце нападаць на чалавека, * усе разам старацца зваліць яго,
Быццам пахілую сьцяну* або мур, што развальваецца?
Яны задумалі скінуць мяне з вышыні, * зьвярнуліся да хлусьні;
Вуснамі сваімі бласлаўляюць, * а ў сэрцы праклінаюць.
Толькі ў Богу знойдзеш супакой, душа мая, * бо на Яго надзея мая.
Толькі Ён - моц мая і збаўленьне, * Ён мой абаронца, і я не пахіснуся.
Богу збаўленьне маё і хвала, * сіла мая; у Богу мой прытулак.
У кожны час спадзявайцеся на Яго, людзі! * Раскрыйце сэрцы вашыя перад Ім: Бог - наш прытулак.
Сыны людзкія - як подых ветру; * сыны магутных - марнасьць;
Калі іх пакласьці на шалі, яны ўзносяцца ўгару, * усе разам яны лягчэйшыя за подых.
Не спадзявайцеся на гвалт і не хваліцеся рабункамі; * да багацьцяў, - хоць бы яны і расьлі, - не прывязвайце сэрцаў.
Госпад сказаў слова; * я чуў пра дзьве рэчы:
„Сіла ў Бога, і міласэрнасьць ў Цябе, Госпадзе; * Ты аддаеш кожнаму паводле ўчынкаў яго".
Псалом 62
Псалом Давіда, калі ён быў у пустэльні Ідумэйскай
Божа, Ты - Бог мой! Цябе пільна шукаю. * Душа мае жадае Цябе,
Цябе шукае цела маё, * высахлае, бы зямля сасмаглая і бязводная.
Я шукаю Цябе ў сьвятыні, * каб убачыць сілу Тваю і славу Тваю.
Бо міласьць Твая лепшая за жыцьцё; * вусны мае будуць славіць Цябе.
Буду ўсхваляць Цябе, пакуль буду жыць, * і ў імя Тваё буду ўздымаць рукі мае.
Душа мая насыціцца, быццам тлушчам і аліваю, * вусны мае вясёлым голасам хваліць Цябе будуць.
Згадаю Цябе на маёй пасьцелі: * думаць пра Цябе буду падчас начных чуваньняў.
Бо Ты прыйшоў мне на дапамогу, * і ў цені крылаў Тваіх цешуся.
Да Цябе імкнецца душа мая, * правая рука Твая падтрымлівае мяне.
Тыя ж, што жадаюць загубіць душу маю, * зыйдуць у бездань апраметную.
Будуць аддадзеныя пад меч, * стануцца здабычаю шакалаў.
А ўладар будзе радавацца ў Богу; * хваліцца будзе кожны, хто Ім клянецца; * а вусны тых, што кажуць бясчынствы, будуць замкнёныя.
Псалом 63
Начальніку хору. Псалом Давіда.
Божа, пачуй голас мой, які ўзношу ў малітве, * сьцеражы маё жыцьцё ад пагарды ворага.
Схавай мяне ад намераў злачынцаў, * і ад зграі зласьлівых,
Якія навастрылі, як меч, языкі свае, * пускаюць атрутныя словы як стрэлы,
Каб употайку пацэліць у беззаганнага, * параніць яго зьнянацку, бяскарна.
Яны ўмацаваліся ў злым намеры, * намаўляюцца, каб употайку паставіць пасткі; * кажуць: „Хто нас убачыць?"
Задумваюць злачынствы, хаваюць свае намеры; * думкі і сэрцы кожнага поўныя хітрасьці.
Але вось Бог паражае іх стрэламі: * зьнячэўку пакрываюцца ранамі.
Язык іх уласны рыхтуе ім загубу; * усе, хто іх бачыць, хітаюць галовамі з асуджэньнем.
І страх абымае людзей, і яны славяць учынкі Божыя, * і разважаюць пра Ягоныя дзеі.
А праведнік цешыцца ў Госпадзе і спадзяецца на Яго, * і хваляцца ўсе правага сэрца.
Слава... цяпер...
|