Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » Псалтыр Давіда (Пс. 1-76)


 

 

Псалтыр Давіда (Пс. 1-76)

Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)

КАТЫЗМА 4

Псалом 24

Псалом Давіда

Да Цябе, Госпадзе, узношу душу маю: * Божа мой, на Цябе спадзяюся, ня дай мне зазнаць сораму:

Хай не сьмяюцца з мяне ворагі мае. * Бо ўсе, што спадзяюцца на Цябе, не пасаромеюцца.

Хай будзе пасаромлены той, * хто не датрымлівае слова без прычыны.

Пакажы мне шлях Твой, Госпадзе, * навучы мяне шляхоў Тваіх.

Кіруй мною ў праўдзе Тваёй і навучы мяне, * бо Ты Бог і Збаўца мой: на Цябе заўсёды спадзяюся.

Згадай міласэрнасьць Тваю, Госпадзе, * міласэрнасьць, што трывае вечна.

Ня будзь памятлівы грахоў маёй маладосьці і правінаў маіх, * але ўспомні ў міласэрнасьці Тваёй мяне, дзеля дабрыні Тваёй, Госпадзе.

Госпад - добры і справядлівы; * Ён навучае грэшнікаў шляхоў сваіх.

У справядлівасьці Ён кіруе пакорнымі, * настаўляе лагодных на праўду.

Усе сьцежкі Гасподнія - ласка і праведнасьць* для тых, што захоўваюць Яго наказы і запаветы.

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, * адпусьці грэх мой, бо ён вялікі.

Хто той чалавек, што баіцца Госпада? * Госпад пакажа яму, які абраць шлях.

Сам ён зазнае шчасьця, * а нашчадкі яго будуць мець у спадчыну зямлю.

Госпад спагадлівы да тых, што баяцца Яго, * і дае пазнаць ім свой запавет.

Вочы мае заўсёды зьвернутыя да Госпада, * бо Ён сам вызваліць з сеці ногі мае.

Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною, * бо я самотны і няшчасны.

Сунімі жальбу сэрца майго, * вызвалі мяне з маёй сьцятасьці.

Глянь на маю бяду і цяжкасьці, * і адпусьці мне ўсе правіны мае.

Глянь на безьліч ворагаў маіх, * што нянавісьцю лютаю ненавідзяць мяне.

Сьцеражы мяне і вызвалі мяне, * каб мне ў спадзяваньні на Цябе не зазнаць сораму.

Хай праведнасьць і бязьвіннасьць будуць мне абаронаю, * бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.

Вызвалі, Госпадзе, Ізраіля, * ад усіх бедаў яго.


Псалом 25

Псалом Давіда

Судзі мяне, Госпадзе, бо я чыніў беззаганна* і, усклаўшы надзею на Госпада, не пахіснуўся.

Выпрабуй мяне, правер мяне; * наскрозь пранікні ў маё нутро і сэрца.

Бо міласэрнасьць Твая заўжды перад маімі вачыма, * і я хаджу ў праўдзе Тваёй.

Не засядаю на сходзе крывадушных* і з нягоднікамі не хаджу.

Ненавіджу зборышча злачынцаў, * і з грэшнымі не сябрую.

Памыю ў нявіннасьці рукі мае* і абыду вакол ахвярніка Твайго,

Голасна абвяшчу хвалу Тваю* і раскажу пра ўсе цуды Твае.

Госпадзе, я палюбіў дом Твой* і месца славы Тваёй.

Не загубі душы маёй разам з грэшнікамі* і жыцьця майго з людзямі крыві,

У чыіх руках злачынствы, * і чыя правая рука поўная хабару.

Я ж жыву ў чысьціні, * дык збаў мяне і зьмілуйся нада мною.

Нага мая стаіць на справядлівым шляху. * На зборах людзей буду славіць Госпада.


Псалом 26

Псалом Давіда перад памазаньнем

Госпад - сьвятло і збаўленьне маё: * каго мне баяцца?

Госпад - абарона жыцьця майго: * перад кім мне дрыжаць?

Калі нападаюць на мяне злачынцы, каб зьесьці цела маё, * - ворагі і непрыяцелі мае, - яны спатыкаюцца і падаюць.

Хай стануць аблогаю супраць мяне, сэрца маё не збаіцца; * хай пойдуць на мяне з вайною, ня страчу надзеі.

Аднаго прашу ў Госпада, аднаго шукаю: * каб мне жыць у доме Гасподнім праз усе дні жыцьця майго,

Каб бачыць мне красу Гасподнюю* і аддавацца роздуму ў Ягонай сьвятыні.

Бо ў дзень бяды Ён мяне схавае ў шатры сваім, * схавае ў тайніку жыльля свайго, на скалу ўздыме мяне.

І вось цяпер уздымаю галаву маю* над ворагамі, што навокал мяне.

Прынясу ахвяру радасную ў шатры Яго, * запяю і буду ў псалмах хваліць Госпада.

Пачуй, Госпадзе, голас мой, калі я гукаю; * зьмілуйся нада мною і адгукніся мне.

Ад імя Твайго сэрца маё гаворыць: „Шукайце аблічча Майго".* Шукаю, Госпадзе, аблічча Тваё.

Не хавай аблічча свайго ад мяне, * у гневе не адкідай слугі Твайго.

Ты - мой памочнік, дык не адкідай мяне; * не пакідай мяне, Божа, Збавіцелю мой.

Нават калі б бацька і маці мае пакінулі мяне, * Госпад мяне да сябе прыгорне.

Навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайго, * вядзі мяне па роўнай дарозе з увагі на ворагаў маіх.

Ня выдай мяне на волю непрыяцеляў маіх, * бо хлусьлівыя сьведкі і гвалтаўнікі паўсталі супраць мяне.

Веру, што ўбачу дабрыню Гасподнюю на зямлі жывых.

Чакай Госпада і будзь мужны; * няхай адважным будзе сэрца тваё, і спадзявайся на Госпада.

Слава... цяпер...

Псалом 27

Псалом Давіда

Клічу Цябе, Госпадзе, Умацаваньне маё, * не маўчы мне ў адказ, каб я ня стаўся падобным да тых, што зыходзяць у магілу.

Пачуй голас малітвы маёй, калі клічу Цябе, * калі ўздымаю рукі да сьвятыні Тваёй.

Не загубі мяне з грэшнікамі* і з тымі, што чыняць беззаконьне,

Што гавораць пра супакой з бліжнімі сваімі, * а ў сэрцах хаваюць злыя намеры.

Дай ім паводле іхніх учынкаў* і паводле велічы злачынстваў іх.

Паводле твораў рук іхніх адплаці ім, * дай ім тое, на што заслужылі.

Яны не зважаюць на дзеі Гасподнія і на творы рук Ягоных, * дык няхай Ён іх зруйнуе і больш не адбудуе.

Блаславёны Госпад, * бо Ён пачуў голас малітвы маёй;

Госпад - мая сіла і шчыт мой. * Сэрца маё спадзявалася на Яго, і Ён дапамог мне;

Дзеля гэтага радуецца сэрца маё, * і я слаўлю Яго ў песьнях.

Госпад - сіла народу свайго, * замак абарончы для свайго памазанца.

Збаў людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, * будзь ім пастырам і апекуном на ўсе вякі.

Псалом 28

Псалом Давіда пры заканчэньні скініі

Аддайце Госпаду, сыны Божыя, * аддайце Госпаду славу і пашану!

Аддайце Госпаду славу імя Яго, * у пышнай сьвятыні Ягонай пакланіцеся Яму.

Голас Гасподні над водамі! * Загрымеў Бог славы, Госпад над водамі вялікімі!

Голас Госпада магутны, * голас Госпада велічны!

Голас Госпада ламае кедры, * Госпад ламае кедры Лібану,

Ад голасу Яго Лібан скача, як цялятка, * і Сырыя - як малады вол.

Голас Госпада крэсіць полымя вогненнае, * голас Госпада трасе пустыню, Госпад трасе пустыню Кадэш.

Голас Госпада дубы выварочвае, зьдзірае кару ў лясох, * а ў сьвятыні Ягонай усё кажа: „Хвала!"

Госпад сеў над патопам, * і, як Кароль, будзе сядзець Госпад давеку.

Госпад сілу людзям сваім дасьць, * Госпад блаславіць людзей сваіх супакоем.

Псалом 29

Псалом Давіда. Песьня пры пасьвячаньні дому Давіда

Буду славіць Цябе, Госпадзе, бо Ты мяне вызваліў* і не аддаў ворагам маім на пацеху.

Госпадзе Божа мой, * я клікаў Цябе, і Ты ацаліў мяне.

Ты, Госпадзе, вывеў душу маю з краіны сьмерці; * з усіх тых, што зыходзяць у магілу, Ты ажывіў мяне.

Сьпявайце песьню Госпаду, усе сьвятыя Яго; * аддайце падзяку сьвятому імю Ягонаму.

Бо гнеў Яго трывае толькі хвіліну, * ласка ж Яго - праз усё жыцьцё.

Увечары плач прыходзіць, * а радасьць раніцай.

З пыхаю сваёю я сказаў: * „Не пахіснуся ніколі".

Ты, Госпадзе, у дабрыні Тваёй зрабіў мяне дужым і слаўным; * калі ж Ты схаваў твар Твой, я сумеўся.

Цябе, Госпадзе, клічу, * прашу зьмілаваньня ў Бога майго:

„Якая карысьць з маёй крыві, з таго, што зыду ў магілу? * Ці ж пыл зямны будзе славіць Цябе і абвяшчаць вернасьць Тваю?

Пачуй мяне, Госпадзе, зьмілуйся нада мною. * Прыйдзі, Госпадзе, мне на дапамогу!"

І Ты перамяніў мой плач на вясельле, * зьняў з мяне зрэб'е і падперазаў радасьцю,

Каб душа мая нязмоўкна пяяла Табе. * Госпадзе Божа мой, буду славіць Цябе давеку.

Слава... цяпер...

Псалом 30

Кіраўніку хора. Песьня Давіда ў час трывогі

Госпадзе, на Цябе спадзяюся: ня дай мне пасаромецца ніколі. * Вызваль мяне ў справядлівасьці Тваёй.

Нахілі вуха Тваё да мяне, * і прыйдзі хутчэй збавіць мяне!

Будзь для мяне скалой абарончай, * умацаваньнем, дзе б мне знайсьці ратунак.

Бо Ты - мая скала і ўмацаваньне. * Дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною.

Выведзі мяне з сеці, якую на мяне паставілі, * бо Ты мой надзейны прытулак.

У рукі Твае аддаю дух мой, * Ты ж вызваліш мяне, Госпадзе, Божа верны.

Ты ненавідзіш тых, што пакланяюцца нікчэмным ідалам, * я ж спадзяюся на Госпада.

Буду радавацца і цешыцца з міласэрнасьці Тваёй, * бо Ты глянуў на гора маё, адняў ад душы маёй сум.

Ты не аддаў мяне ў рукі непрыяцеля, * але паставіў ногі мае на месцы прасторным.

Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо я ў бядзе, * ад суму саслаблі вочы мае, душа мая і нутро маё.

Жыцьцё маё марнее ад гора, і гады мае ад стогнаў; * саслабла ад суму сіла мая, і косьці мае высахлі.

Я стаў сьмяхоцьцем для ўсіх ворагаў маіх, * ганьбаю для суседзяў, пудзілам для знаёмых.

Хто мяне ўбачыць вонках, * уцякае ад мяне,

Забыты, выкінуты з сэрца, быццам мёртвы, * я стаўся як разьбіты посуд.

Я чуў шэпты многіх* - жах навокал!

Тыя, што змаўляліся супраць мяне, * намерваліся пазбавіць мяне жыцьця.

Я ж спадзяюся на Цябе, Госпадзе, * і кажу: „Ты - Бог мой".

У рукох Тваіх доля мая: * выратуй мяне з рук ворагаў і тых, што перасьледуюць мяне.

Прасьвятлі сьвятлом аблічча Твайго слугу Твайго, * збаў мяне ў міласэрнасьці Тваёй.

Госпадзе, ня дай мне пасаромецца, * бо я клічу Цябе.

Няхай нязбожныя пакрыюцца сорамам, * і няхай моўчкі зыдуць у апраметную.

Хай зьнямеюць хлусьлівыя вусны, * што з пагардаю нахабна абмаўляюць праведнага.

Вялікая Твая, Госпадзе, дабрыня, * якую Ты зьбярог для тых, што баяцца Цябе,

І якую яўляеш на вачох у людзей* тым, хто на Цябе спадзяецца.

Ты пакрываеш іх ценем аблічча Твайго ад намоваў людзкіх, * у намёце сваім хаваеш іх ад языкоў сварлівых.

Блаславёны Госпад, * што дзівосную міласэрнасьць сваю явіў мне ў абарончым месьце.

Я ж у зьбянтэжанасьці сваёй казаў: * „Адкінуты я ад Твайго аблічча!"

Але Ты пачуў голас малітвы маёй, * калі я клікаў Цябе.

Любіце Госпада, * усе сьвятыя Яго!

Госпад сьцеражэ верных, * а гордым дае належную адплату з лішкам.

Будзьце добрай думкі, і хай вашае сэрца будзе адважнае, * усе вы, што спадзяецеся на Госпада.

Псалом 31

Псалом Давіда навучальны

Шчасьлівы той, каму адпушчаныя правіны* і чые грахі пакрытыя.

Шчасьлівы той, каму Бог віны не залічыць, * і ў каго ў душы няма падману.

Пакуль я маўчаў, ссохлі косьці мае* сярод несьціханых стогнаў маіх.

Бо ўдзень і ўночы цяжыла нада мною рука Твая, * сіла мая гібела, быццам у час летняй сьпёкі.

Я вызнаў грэх мой перад Табою, * і не схаваў віны маёй.

Сказаў: „Вызнаю няправеднасьць маю перад Госпадам".* І Ты дараваў мне віну грэху майго.

Да Цябе будзе маліцца кожны верны ў час патрэбы. * Нават калі хвалі водныя будуць бушаваць навокал, яго яны не дасягнуць.

Ты мой прытулак: захавай мяне ад перасьледу, * ахіні мяне радасьцю збаўленьня майго.

„Навучу цябе і пакажу табе шлях, па якім ісьці; * буду табе дарадцам і не спушчу з цябе вачэй Маіх.

Дык ня будзь як конь або мул, што ня маюць розуму, * якім патрэбныя цуглі і ўзда, бо інакш ня пойдуць да цябе".

Шмат бедаў у бязбожнага, * але міласэрнасьць агортвае таго, хто спадзяецца на Госпада.

Весяліцеся і цешцеся ў Госпадзе, усе праведнікі: * радуйцеся голасна, людзі чыстага сэрца.

Слава...цяпер...


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст