Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)
КАТЫЗМА 2
Псалом 9
Начальніку хору. Пра таемніцы сына. Псалом Давіда
Буду славіць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім,* расказваць пра ўсе цудоўныя дзеі Твае.
Буду цешыцца і радавацца Табою,* буду пяяць імю Твайму, Усявышні.
Бо мае ворагі павярнуліся назад,* упалі і згінулі перад абліччам Тваім.
Ты ўзяўся судзіць мяне і маю справу,* засеў на пасадзе, Судзьдзя справядлівы.
Ты папракнуў народы, загубіў нязбожнага,* імя яго сьцёр на вякі вечныя.
У ворага зброі ня стала, руіна ягоная вечная,* Ты разбурыў іхнія гарады; памяць аб іх згінула разам з імі.
А Госпад вечна жыве,* Ён свой пасад паставіў на суд.
І будзе Ён судзіць сьвет справядліва,* рассудзіць між народамі бесстаронна.
І будзе Госпад прытулкам для прыгнечаных,* ратункам у час трывогі.
І будуць спадзявацца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё,* бо Ты, Госпадзе, не пакідаеш тых, што шукаюць Цябе.
Сьпявайце Госпаду, які жыве на Сыёне,* сярод народаў абвяшчайце ўчынкі Яго,
Бо Той, хто помсьціць за кроў, успомніў іх,* не забыўся на крык убогіх.
Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, глянь на прыгнёт, які цярплю ад ворагаў маіх,* уздымі мяне ад варотаў сьмерці,
Каб мне абвяшчаць славу Тваю ў браме Дачкі Сыёну,* і цешыцца з Тваёй дапамогі.
Пагане ўпалі ў яму, якую самі выкапалі,* у сетку, што самі схавалі, ублыталі ногі свае.
Госпад аб'явіўся праз суд, які Ён учыніў,* а грэшнік заблытаўся ва ўчынках рук сваіх.
Няхай грэшнікі сыходзяць у краіну мёртвых,* - усе тыя народы, што на Бога забыліся.
Бо не назаўсёды будзе забыты ўбогі,* надзея бедных ня згіне навекі.
Устань, Госпадзе, хай не пераможа чалавек,* судзі народы перад абліччам Тваім.
Навядзі на іх, Госпадзе, страх:* хай ведаюць народы, што яны - людзі.
Чаму, Госпадзе, стаіш здалёку,* хаваешся ў час суму,
Калі нязбожны ганарыцца, а бедны церпіць,* падае ў пастку, якую той задумаў?
Нязбожны хваліцца пажадлівасьцю душы сваёй;* драпежнік сябе шчасьлівым заве.
У сваёй гордасьці грэшнік зьневажае Госпада: „Не адпомсьціць!"* У думках сваіх кажа: „Няма Бога!"
Усе шляхі ягоныя згубныя; * суды Твае далёкія ад яго;* на ворагаў сваіх ён глядзіць з пагардаю.
Кажа ў сэрцы сваім: „Не пахіснуся, * не зазнаю бяды ніколі".
Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, крывадушнасьці і маны,* на языку ў яго злосьць і подступ.
Сядзіць у засадзе пры дарозе, і потайкам забівае нявіннага;* вочы ягоныя сочаць за бедным.
Ён сядзіць, затаіўшыся, быццам леў у сваім логаве, * робіць засаду, каб беднага запрапасьціць: * хапае беднага і цягне ў сваю сетку.
Схіляецца, да зямлі прыпадае, * і няшчасныя патрапляюць у ягоную ўладу.
Кажа ў сэрцы сваім: „Забыў Бог, * адвярнуў твар свой, ня бачыць нічога".
Устань, Госпадзе, уздымі руку Тваю, * Божа, не забудзь ся на ўбогіх.
Чаму нязбожны мае зьневажаць Бога, * казаць у сэрцы сваім: „Не адпомсьціць?"
Але Ты глядзіш, бачыш боль і гора, яны заўсёды перад Табою. * На Цябе бедны спадзяецца, Ты сіраце дапамога!
Скрышы плячо грэшніку і нягодніку, * пакарай іх так, каб злосьць іх згінула.
Госпад - Уладар на вякі вечныя, * з Ягонай зямлі зьнікнуць пагане.
Тугу няшчасных Ты, Госпадзе, пачуй, * узмоцні сэрцы іх, схілі вуха Тваё,
Каб абараняць правы сіраты і прыгнечанага, * каб чалавек на зямлі ня сеяў страху.
Псалом 10
Кіраўніку хору. Псалом Давіда
Надзея мая на Госпада; * і як можаце казаць душы маёй: „Ляці, быццам птушка, угару!"
Бо вось грэшнікі нацягваюць лук, * на цяціву кладуць стралу, каб упоцемку страляць у правых сэрцам.
Калі разбураюцца падваліны, * што можа зрабіць справядлівы?
Госпад у сьвятым хораме сваім, * Госпад - на нябёсах пасад Яго.
Вочы Ягоныя глядзяць на сусьвет, * позірк Ягоны на сынох чалавечых.
Госпад выпрабоўвае праведнага і нязбожнага; * хто любіць няправеднасьць, ненавідзіць душу сваю.
Жар і серу зышле Ён на грэшнікаў; * гарачы вецер зьнішчальны будзе іхняй доляю.
Бо Госпад праведны і любіць справядлівасьць. * Аблічча Ягонае бачыць праведнасьць.
Слава... цяпер...
Псалом 11
Кіраўніку хору. На актаву. Псалом Давіда
Ратуй мяне, Госпадзе, бо не засталося пабожных, * праведнасьць зьнікла сярод людзей.
Хлусяць адзін аднаму, * гавораць лісьлівыя словы з сэрцам няшчырым.
Хай Госпад загубіць усе вусны крывадушныя* і дзёрзкі язык,
Тых, што кажуць: „Язык - сіла нашая, * вусны - нашая зброя. Хто нам гаспадар?"
Госпад кажа: „Вось устану, * абараню таго, каго хочуць улавіць".
Словы Гасподнія - словы шчырыя, * срэбра выпрабаванае, без дамешкі зямлі, сем разоў ачышчанае.
Ты, Госпадзе, захаваеш нас, * і зьберажэш нас ад гэтага роду давеку.
Нязбожныя ходзяць горда навокал, * калі верх бярэ нікчэмнасьць людзкая.
Псалом 12
Кіраўніку хору. Псалом Давіда
Дакуль, Госпадзе? Ці ж забудзешся на мяне зусім? * Дакуль хаваць перада мною будзеш твар Твой?
Дакуль сум буду насіць у душы маёй* і жаль штодня ў сэрцы маім?
Дакуль вораг мой будзе ўзносіцца нада мною? * Глянь на мяне і пачуй мяне, Госпадзе Божа мой!
Прасьвятлі вочы мае, каб мне не заснуць сьмяротным сном, * каб вораг не казаў: „Я яго перамог";
Каб ня цешыліся праціўнікі мае, калі я пахіснуся; * Бо я ж спадзяваўся на міласэрнасьць Тваю;
Хай сэрца маё ўзрадуецца збаўленьнем Тваім, * І я буду славіць Госпада, які дабро мне ўчыніў, * буду пяяць імю Госпада Усявышняга.
Псалом 13
Кіраўніку хору. Псалом Давіда
Сказаў неразумны ў сэрцы сваім: „Няма Бога".* Сапсаваліся, робяць агідныя ўчынкі, * няма нікога, хто б рабіў дабро.
Госпад глядзіць з неба на сыноў людзкіх, * каб убачыць, ці ёсьць разумны, што шукае Бога.
Усе заблудзілі, сталіся нікчэмнымі, * няма ніводнага, хто б чыніў дабро.
Ці ж не схамянуцца тыя, што чыняць няправеднае, * што паглынаюць мой народ, быццам хлеб, Госпада не прызнаюць?
Задрыжаць яны ў страху, * калі Госпад заступіцца за род праведных.
Вы хочаце ў нішто абярнуць задуму беднага, * але Госпад - прытулак ягоны.
Збаўленьне Ізраіля прыйдзе з Сыёну. * Калі Госпад зьменіць лёс свайго народу, узрадуецца Якуб, усьцешыцца Ізраіль.
Слава... цяпер...
Псалом 14
Псалом Давіда
Госпадзе, хто будзе жыхарыць у Тваім жыльлі,* хто пасяліцца на гары сьвятой Тваёй?
Той, хто жыве беззаганна, чыніць справядлівасьць,* у сэрцы хавае правыя думкі;
Хто ня ўзводзіць паклёпаў вуснамі сваімі,* ня робіць зла бліжняму свайму і суседа ня ганьбіць;
Хто пагарджае несумленным,* а паважае тых, што баяцца Госпада;
Хто дае абяцаньне бліжняму свайму і не мяняе яго; * хто не дае грошай сваіх на ліхву і не прымае подкупу супраць бязьвіннага. *
Хто гэтак робіць, * не пахісьнецца ніколі.
Псалом 15
Песьня Давіда
Сьцеражы мяне, Божа,* бо на Цябе спадзяюся.
Кажу Госпаду: „Ты - Госпад мой,* у дабры маім ня маеш патрэбы".
Да сьвятых, што жывуць на Ягонай зямлі, * Ён выявіў дзівосную дабразычлівасьць.
Памножацца і паскорацца цярпеньні тых,* што ідуць да чужога бога.
Я ня буду браць удзелу ў іхніх крывавых ахвярах,* вусны мае не памянуць іхніх імёнаў.
Госпад - частка спадчыны маёй і чашы маёй: * Ты трымаеш маю долю ў руцэ Тваёй.
Спадчына выпала мне ў прыгожай аколіцы, * частка мая вельмі мілая мне.
Бласлаўляю Госпада за тое, што даў мне разважнасьць, * што нават уночы сэрца маё навучае мяне.
Госпад заўжды перада мною, * Ён праваруч мяне, дык не пахіснуся.
Дзеля гэтага цешыцца сэрца маё, * радуецца душа, а цела маё спачывае бясьпечна.
Бо Ты не пакінеш душы маёй у краіне мёртвых* і не дасі сьвятому Твайму бачыць тленнасьць.
Ты мне пакажаш сьцежку жыцьця, поўню радасьці, што ў Табе,* і вечнае блаславенства па правай руцэ Тваёй.
Псалом 16
Малітва Давіда
Выслухай, Госпадзе, справядлівую справу маю, пачуй мой кліч, * нахілі вуха да мальбы маёй з вуснаў некрывадушных.
Ад Цябе хай сыйдзе суд мой, * бо вочы Твае бачаць справядлівае.
Калі ўведаеш сэрца маё, наведаеш мяне ўночы і выпрабуеш вагнём, * ня знойдзеш ува мне няправеднасьці.
Вусны мае не зграшылі людзкім звычаем; * паводле словаў Тваіх я зьбярог шлях закону.
Накіруй мае крокі на сьцежкі Твае, * каб не пахіснуцца нагам маім.
Клічу Цябе, Божа, Ты ж выслухай мяне; * нахілі вуха Тваё да мяне, пачуй словы мае.
Пакажы мне Тваю дзівосную міласэрнасьць, * бо Ты ратуеш верных Тваіх ад тых, што працівяцца руцэ Тваёй.
Сьцеражы мяне, як зрэнку вока, * схавай мяне ў ценю крылаў Тваіх ад грэшнікаў, што нападаюць на мяне.
Ворагі лютыя атачылі мяне. * Яны замкнулі сваё атлусьцелае сэрца, вуснамі сваімі горда гавораць.
Вось яны на кожным кроку мяне абступаюць. * Цікуюць, каб мяне кінуць вобзем,
Падобныя да льва, што дыхае на здабычу, * і да львяняці, што крыецца ў пячоры.
Устань, Госпадзе, дарогу ім загарадзі і павалі іх, * вызвалі мячом Тваім душу маю ад грэшнікаў,
І рукою Тваёю, Госпадзе, ад людзей, * лёс якіх - дачаснае жыцьцё,
І чэрава якіх напаўняеш Тваімі дастаткамі; * чые сыны заўсёды сытыя, і рэшткі пакідаюць немаўлятам.
А я ў праведнасьці пабачу твар Твой* і, прачнуўшыся, наталюся бачаньнем Цябе.
Слава... цяпер...
|