Трэцяя гадзіна
Прыйдзіце, паклонімся Уладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і
Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і
Бога нашага
Псалом 28
Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце Госпаду славу і пашану!
Аддайце Госпаду славу імя Яго, у пышнай сьвятыні Ягонай
пакланіцеся Яму.
Голас Гасподні над водамі! Загрымеў Бог славы, Госпад над
водамі вялікімі!
Голас Госпада магутны, Голас Госпада велічны!
Голас Госпада ламае кедры, Госпад ламае кедры Лібану,
Ад голасу Яго Лібан скача, як цялятка, і Сырыя – як малады
вол.
Голас Госпада крэсіць полымя вогненнае,
Голас Госпада трасе пустыняю, Госпад трасе пустыняю Кадэш.
Голас Госпада дубы выварочвае, зьдзірае кару ў лясах, а ў
сьвятыні Ягонай усё кажа: "Хвала!"
Госпад засеў над патопам, і, як Кароль, будзе сядзець Госпад
давеку.
Госпад сілу людзям сваім дасьць, Госпад блаславіць людзей
сваіх супакоем.
Псалом 41
Як лань прагне вады з ручая, так душа мая прагне Цябе, Божа.
Душа мая прагне Бога, Бога жывога: калі ж гэта прыйду і ўбачу
аблічча Божае?
Сьлёзы сталіся мне хлебам удзень і ўночы; кожны дзень мне
кажуць: "Дзе Бог твой?"
Душа мая расчульваецца ўва мне, калі згадваю, як у грамадзе я
ішоў да дому Божага, ідучы сьпераду пад гукі радасьці і хвалы ў сьвяточным
гурце.
Чаму ты сумная, душа мая, чаго трывожышся ўва мне?
Спадзявайся на Бога, бо я яшчэ буду Яго выслаўляць – Збавіцеля майго і Бога
майго.
Душа мая прыгнобленая ўва мне, дзеля гэтага згадваю Цябе ў
краіне Ярданскай і Гэрмонскай, на гары Місар.
Бездань кліча бездань пад грымоты Тваіх вадападаў: Усе Твае
плыні і хвалі хлынулі на мяне.
Хай Госпад явіць мне сваю міласэрнасьць удзень, а ўночы буду
славіць Яго – Бога жыцьця майго.
Кажу Богу: "Скала мая, чаму Ты забыўся пра мяне? чаму хаджу
сумны, прыціснуты ворагам?"
Косьці мае крышацца, а ворагі сьмяюцца з мяне і кожны дзень
мне кажуць: "Дзе Бог твой?"
Чаму ты сумная, душа мая, чаго трывожышся ўва мне?
Спадзявайся на Бога, бо я яшчэ буду Яго выслаўляць – Збавіцеля майго і Бога
майго.
Псалом 50
Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай
міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё.
Асабліва абмый мяне з віны маёй і ад грахоў маіх ачысьці
мяне.
Бо беззаконьне маё я знаю, і грэх мой заўжды перада мною.
Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. Ты ж
справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім.
Вось я быў зачаты ў беззаконьні, і ў граху нарадзіла мяне мая
маці.
Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, паказаў мне глыбіню і
тайны мудрасьці Тваёй.
Акрапі мяне гісопам, і ачышчуся, абмый мяне, і стану бялейшым
за сьнег.
Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: хай узрадуюцца
ўпакораныя косьці.
Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў і ачысьці мяне ад усіх
грахоў маіх.
Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры
маім.
Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і Духа Твайго Сьвятога не
адымі ад мяне.
Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і ўмацуй ува мне дух
ахвярнасьці.
Буду навучаць грэшнікаў шляхоў Тваіх, і грэшнікі зноў
вернуцца да Цябе.
Вызвалі мяне ад крыві (пралітай), Божа, Божа майго
збаўленьня, хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць.
Адчыні мае вусны, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць
хвалу Тваю.
Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: на цэлапаленьні,
аднак, Ты не глядзіш прыхільна.
Ахвяра Богу – дух скрушлівы: сэрцам пакорным і поўным скрухі
Ты, Божа, не пагардзіш.
Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: хай муры
Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.
Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні,
тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на
вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа.
(Тройчы)
Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе,
зьмілуйся.
Слава...:
Трапар (тон 4).
Пасьля ўзьнясеньня Ільлі, Елісей плашчом ягоным ударыў Ярдан, і той падаўся
назад: воды ягоныя разышліся на два бакі, пакідаючы пасярэдзіне сухі шлях. Вось
нам вобраз хрышчэньня, якім мы праходзім шлях жыцьця нашага. Хрыстос прыходзіць
на Ярдан асьвяціць ваду.
Цяпер...:
Багародзічны. Багародзіца, Ты – існая вінаградная
лаза, што ўзрасьціла нам плод жыцьця. Просім Цябе, Уладарка: разам са сьвятымі
апосталамі маліся за збаўленьне душ нашых.
(Тон 8). Правая рука Прадвесьніка і Хрысьціцеля,
найбольш пачэснага сярод прарокаў, задрыжэла, калі ён убачыў Цябе, Ягнё Божае,
што ачышчае грахі сьвету. Ахоплены страхам, ён усклікнуў: "Ня сьмею дакрануцца
да галавы Тваёй, Слова. У Тваёй дабраце асьвяці і прасьвятлі мяне, бо Ты –
жыцьцё, сьвятло і супакой сьвету". (Двойчы)
Верш. Дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай
і Гэрмонскай.
(Тон 4). Тройца, Бог наш, сёньня нам неразьдзельна
явіўся: Айцец ясным голасам засьведчыў аб Сыне Сваім; Дух у выглядзе голуба
зышоў з неба; а Сын схіліў пачэсную галаву сваю перад прадвесьнікам і вызваліў
людзкі род з няволі.
Верш. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і
спалохаліся.
Тое самае.
Слава...:
(Тон 5). Жадаючы хрысьціцца, Ты, Госпадзе
Жыцьцядаўча, прыйшоў цялесна на Ярдан, каб прасьвятліць нас, што зблудзілі, і ў
Тваёй добрасардэчнасьці вызваліць ад пасткі зьмяінай. Айцец засьведчыў аб Табе;
а Дух Сьвяты ў выглядзе голуба зышоў на Цябе: дай, Чалавекалюбча, каб Ён
пасяліўся ў душах нашых.
Цяпер...: тое самае.
Пракімен. Воды ўбачылі Цябе, воды ўбачылі і
спалохаліся.
Верш. Голасам маім я паклікаў Госпада: голас мой
да Бога, і Ён пачуў мяне.
Чытаньне кнігі прарока Ісаі
Так кажа Госпад: "Абмыйцеся і будзеце чыстымі! Адкінце зло
вашых учынкаў ад вачэй Маіх! Кіньце рабіць благое! Навучыцеся рабіць дабро!
Шукайце справядлівасьці, дапамагайце пакрыўджанаму, бараніце сірату,
заступайцеся за ўдаву! Хадзеце, будзем судзіцца, – кажа Госпад. – Калі б грахі
вашыя былі як шкарлат, яны стануцца бялейшымі за сьнег; і калі б яны былі
чырвоныя, як пурпура, яны стануцца быццам воўна. Калі будзеце паслухмянымі,
будзеце цешыцца зямнымі дабротамі. Калі ж заўпарціцеся, меч вынішчыць вас, бо
так кажа Госпад". (1:16-20)
Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў
У той час, калі Апалёс быў у Карынце, Павал, прайшоўшы горныя
краіны, прыйшоў у Эфэс і знайшоў там нейкіх вучняў. Ён спытаўся ў іх: "Ці
атрымалі вы Духа Сьвятога, калі ўверылі?" А яны ў адказ: "Мы нават ня чулі, што
ёсьць Сьвяты Дух". "Дык якім хрышэчньнем вы хрысьціліся?" – спытаўся. А яны
адказалі: "Хрышчэньнем Яна". "Ян хрысьціў хрышчэньнем пакаяньня, кажучы людзям,
каб уверылі ў Таго, хто па ім ідзе, гэта значыць Ісуса" – сказаў Павал. Пачуўшы
гэта, яны хрысьціліся ў імя Госпада Ісуса. Калі Павал усклаў на іх рукі, Дух
Сьвяты зышоў на іх, і яны гаварылі мовамі і прарочылі. Было іх усіх каля
дванаццаці мужоў. Пасьля гэтага ён увайшоў у школу і сьмела гаварыў праз тры
месяцы, разважаючы і пераконваючы аб валадарстве Божым.
(19:1-8)
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Марка
Пачатак Евангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў
прарока Ісаі: "Вось я пасылаю пасланца Майго перад абліччам Тваім; ён падрыхтуе
дарогу Табе. Голас таго, хто гукае ў пустыні: "Падрыхтуйце дарогу Госпаду,
простымі рабеце сьцежкі Яму". Явіўся Ян Хрысьціцель у пустыні і прапаведаваў
хрышчэньне пакаяньня для адпушчэньня грахоў. І прыходзіла да яго ўся Юдэйская
краіна і ўсе жыхары Ерусаліму, і прымалі ад яго хрышчэньне ў рацэ Ярдане,
вызнаючы пры гэтым свае грахі. Ян насіў вопратку з вярблюжага воласу і скураны
пояс на паясьніцы, а жывіўся ён саранчою і дзікім мёдам. Ён казаў: "Ідзе за мною
мацнейшы за мяне, і я ня варты, схіліўшыся, разьвязаць рамень Ягоных сандаляў. Я
хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым".
(1:1-8)
Госпад Бог блаславёны, блаславёны Госпад з дня ў дзень;
памагае нам Бог збаўленьня нашага, Бог наш, Бог, які збаўляе.
Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...
Сьвятар: Бо Тваё валадарства...
Чытальнік: Амін.
Кандак (тон 4). Сёньня Хрыстос, стаўшы ў
Ярдане, кажа Яну: "Ня бойся хрысьціць Мяне, бо Я прыйшоў збавіць Адама
першастворанага".
Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)
Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа,
што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і
пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня
абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя
малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы
ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і
злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам,
маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты
блаславёны на вякі вякоў. Амін.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на
вякі вякоў. Амін.
Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш
слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую
Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Імем Гасподнім блаславі, ойча.
Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых Госпадзе
Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.
Малітва. Уладару Божа Ойча ўсемагутны, Госпадзе
Сыне Адзінародны, і Сьвяты Духу, адзінае боства, адзіная сіла, зьмілуйся нада
мною грэшным і ў ведамы Табе спосаб збаў мяне, недастойнага слугу Твайго, бо Ты
блаславёны на вякі вякоў. Амін.
|