КАНОНЫ
Песьня 1
Канон 1 (тон 5). Ірмас.
Адзінаму Збавіцелю Богу які правёў народ свой праз мора з сухімі
нагамі і патапіў фараона з ягоным войскам, пяём, бо Ён уславіўся.
Запяём, людзі, пераможную песьню Хрысту, што ўзьнёсься на
хэрувімах і пасадзіў нас па правай руцэ Айца, бо Ён уславіўся.
Убачыўшы Хадайніка між Богам і людзьмі, Хрыста, з целам на
вышынях, анёлы зьдзівіліся і дружна засьпявалі пераможную песьню, бо Ён
уславіўся.
Богу, які аб'явіўся на Сынайскай гары і даў закон багавідцу
Майсею, і на гары Аліўнай узьнёсься цялесна, пяём, бо Ён уславіўся.
Багародзічны: Усячыстая Маці Божая, малі няспынна Бога, што
прыняў цела ад Цябе, не адлучыўшыся ад улоньня Айца, каб Ён збавіў ад усякіх
нягодаў стварэньні свае.
Канон 2 (тон 4).
Ірмас. Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам;
і слова скажу ў гонар Уладаркі Маці, сьвяткуючы сьветлую ўрачыстасьць і славячы
радасна ў песьнях цуды Яе.
Ты, Хрысьце і Творча ўсіх, несьмяротны прыродаю, уваскрос на
трэці дзень, зьявіўся адзінаццацём апосталам і ўсім вучням Тваім, і ўзьнёсься на
хмары да Айца.
Боганатхнёны Давід усклікае ў песьні: "Узышоў Госпад на неба
пад радасныя воклікі і гучаньне трубаў, узьняўся да Айца, Уладара сьвятла".
Слава...: Ты, Госпадзе, сваімі мукамі і ўваскрасеньнем
абнавіў сьвет, што састарэў у грахох; і ўзышоў на хмары да нябёсаў. Слава сіле
Тваёй.
Цяпер...: Ты, усебеззаганная Ўладарка, нарадзіла Ўладара
ўсіх, які дабравольна пацярпеў і, узяўшы з сабою цела, узышоў да свайго Айца,
якога не пакідаў.
Катавасія. Агорнуты боскай хмараю, заіклівы Майсей
абвясьціў Богам напісаны закон; страсянуўшы твань з вачэй сэрца свайго, ён
убачыў Таго, хто ёсьць, і, навучаны Духам розуму, усхваліў Яго ў натхнёных
песьнях.
Песьня 3
Канон 1 (Тон 5). Ірмас. Сілаю Крыжа Твайго,
Хрысьце, умацуй мой розум, каб мне ў песьнях славіць Тваё збавеннае ўзьнясеньне.
Ты ўзьнёсься, Жыцьцядаўча Хрысьце, да Айца, і ўзьняў з сабою
род наш людзкі, у невыказнай добрасардэчнасьці Тваёй.
Хоры анельскія, Збавіцелю, убачыўшы людзкую прыроду, што з
Табою ўзыходзіць на неба, сумеліся і ўсхвалілі Цябе.
Анельскія хоры сумеліся, Хрысьце, убачыўшы, як Ты цялесна
ўзьнёсься, і ўсхвалілі Тваё сьвятое ўзьнясеньне.
Ты, Хрысьце, узнавіў сатлелую людзкую прыроду і ўзьнясеньнем
сваім узьнёс яе, і нас з сабою праславіў.
Багародзічны: Малі няспынна, Усячыстая, Таго, хто выйшаў з
улоньня Твайго, за вызваленьне ад спакусы тых, што славяць Цябе як Божую Маці.
Канон 2 (тон 4). Ірмас. У боскай славе Тваёй,
Багародзіца, жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй аднадушны хор песьняроў Тваіх і
зрабі іх дастойнымі вянцоў славы.
"Адчыніце нябесныя брамы, бо вось ідзе Хрыстос, Уладар усяго
стварэньня, апрануты ў зямное цела!" – ніжэйшыя сілы казалі вышэйшым.
Знайшоўшы Адама, які быў спакушаны зьмяёю, і апрануўшыся ў
яго, Ты, Хрысьце, узышоў на неба і сеў па правай руцэ Айца, як роўнапасадны, пад
гучаньне песьняў анельскіх, што славілі Цябе.
Слава...: Зямля сьвяткуе і цешыцца, і радуецца неба, з-за
ўзьнясеньня Творцы ўсяго стварэньня, які воляю зьяднаў разьяднанае.
Цяпер...: Ты, Маці Дзева ўсячыстая, нарадзіла Пераможцу
сьмерці, адзінага несьмяротнага Бога. Малі Яго няспынна, каб Ён умярцьвіў мае
забойчыя пажаданьні і збавіў мяне.
Катавасія. Некалі пакорлівая малітва прарочыцы
Ганны ў скрусе сэрца да Ўсемагутнага Бога разьвязала путы няплоднага ўлоньня і
пасароміла гордасьць і пыху пладавітае.
Сядальная песьня (тон 8). Сеўшы на хмары,
Ты пакінуў сьвет дзеля тых, што на зямлі, узышоў на неба і сеў па правай руцэ
Айца, як адзінасутны з Ім і з Духам. Хоць Ты і зьявіўся ў целе, але застаўся
нязьменным. Дзеля гэтага чакаем спаўненьня ўсяго, калі прыйдзеш зноў на зямлю
судзіць сьвет. Справядлівы Судзьдзя; Госпадзе, пашкадуй душы нашыя і, як
міласэрны Бог, дай адпушчэньне правінаў слугам Тваім.
Песьня 4
Канон 1 (тон 5). Ірмас. Я пачуў, Госпадзе, вестку
аб сіле Крыжа, якім рай быў адчынены, і ўсклікнуў: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
Ты, Уладару анёлаў, узьнёсься ў славе і паслаў нам ад Айца
Пацяшыцеля. Таму клічам: "Слава, Хрысьце, узьнясеньню Твайму!"
Анельскія хоры дзіву даліся, калі Збавіцель узышоў з целам да
Айца, і ўсклікнулі: "Слава, Хрысьце, узьнясеньню Твайму!"
Анельскія хоры ўсклінулі вышэйшым сілам: "Адчыніце брамы
Хрысту, Уладару нашаму, якога славім разам з Айцом і Духам!"
Багародзічны: Дзева нарадзіла бяз болю і засталася Дзеваю.
Яна сталася Маці, якую мы славім, усклікаючы: "Радуйся, Багародзіца!"
Канон 2 (Тон 4). Ірмас. Хрыстос, Бог спрадвечны,
што сядзіць у славе на боскім пасадзе, прыходзіць на хуткай хмары і нятленнай
рукою збаўляе тых, што клічуць: "Слава, Хрысьце, сіле Тваёй".
Ісус Жыцьцядаўца, прыняўшы тых, каго палюбіў, узыходзіць на
Аліўную гару і, блаславіўшы іх, на хмары ўзносіцца да Айца, чыйго ўлоньня не
пакідаў.
Увесь бачны і нябачны сьвет сьвяткуе, анёлы радасна пяюць і
людзі няспынна славяць узьнясеньне Таго, хто ў дабрыні сваёй захацеў цялесна
зьяднацца з намі.
Слава...: Ісусе ўсемагутны, Госпадзе чалавекалюбны, Ты
разбурыў уладу сьмерці, дараваў усім несьмяротнасьць і ўзьнёсься ў славе ў
прысутнасьці пачэсных вучняў Тваіх.
Цяпер...: Блаславёнае ўлоньне Твар, Усебеззаганная: Ты
ўдастоілася зьмясьціць Таго, хто спустошыў пекла: Малі Яго, каб Ён збавіў тых,
што славяць Цябе.
Катавасія. Ты, Уладару ўладароў, Адзіны ад
Адзінага, Слова, што выходзіць ад Айца беспачатнага, паслаў роўнамоцнага свайго
Духа апосталам Тваім, якія Табе як Дабрачынцу пяюць: "Слава сіле Тваёй,
Госпадзе!"
Песьня 5
Канон 1 (тон 5). Ірмас. Зранку клічам Цябе,
Госпадзе: "Збаў нас, бо Ты Бог наш, апроч Цябе іншага бога ня знаем!"
Напоўніўшы ўсё радасьцю, Ты ўзышоў з целам жыць да вышэйшых
сілаў.
Анёлы, убачыўшы, як Ты быў узьнесены, усклікнулі: "Адчыніце
брамы Ўладару нашаму!"
Апосталы ўбачылі ўзьнясеньне Збавіцеля і з трымценьнем
усклікнулі: "Уладару наш, Слава Табе!"
Багародзічны: Славім, Цябе, Багародзіца, што засталася пасьля
родаў Дзеваю, бо Ты нарадзіла насьвет у целе Бога-Слова.
Канон 2 (тон 4). Ірмас. Усё стварэньне сумелася,
убачыўшы боскую славу Тваю: Ты, Дзева, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Бога
ўсіх, і нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе.
Зьнішчыўшы сьмерцю сьмерць, Ты, Госпадзе, узяў з сабою тых,
каго Ты любіў, і ўзышоў на сьвятую Аліўную гару, адкуль Ты, Хрысьце, на хмары
ўзьняўся да Айца.
Дзіўнае Тваё нараджэньне, Жыцьцядаўча, дзіўнае ўваскрасеньне
з мёртвых, дзівоснае Тваё ўзьнясеньне на Аліўнай гары, вобразам якога была
калясьніца Ільлі, што ўзьнялася да неба. Славім Цябе ў песьнях, Чалавекалюбча.
Слава...: Анёлы сказалі апосталам, якія працягвалі
глядзець: "Мужы галілейскія, што вы глядзіце, чаму дзівіцеся ўзьнясеньню Хрыста
Жыцьцядаўца? Ён прыйдзе зноў на зямлю судзіць сьвет, як справядлівы Судзьдзя".
Цяпер...: Хрыстос, які захаваў Цябе, Божая Маці, Дзеваю
пасьля родаў, узьнёсься да Айца свайго, якога не пакідаў, хоць і прыняў ад Цябе
адухоўленае цела ў вялікай міласэрнасьці сваёй.
Катавасія. Як дасканалае ачышчэньне ад грахоў,
прыміце, сьветлыя дзеці Царквы, палымяную расу Духа. Сёньня з Сыёну выйшлі новы
закон і ласка Духа ў выглядзе вогненных языкоў.
Песьня 6
Канон 1 (тон 5). Ірмас. Бездань агарнула мяне,
зьвер марскі стаўся мне магілаю, але я паклікаў Цябе, чалавекалюбны Госпадзе, і
правіца Твая збавіла мяне.
Апосталы ўсьцешыліся, убачыўшы, як сёньня Творца ўзьнімаецца
на хмарах. У непахіснай надзеі атрымаць Духа, яны са страхам усклікнулі: "Слава
ўзьнясеньню Твайму!"
Анёлы сталі перад вучнямі Тваімі, Хрысьце, і ўсклікнулі: "Вы
бачылі, як Хрыстос узышоў цялесна на неба. Гэтаксама Ён прыйдзе зноў як праведны
Судзьдзя ўсіх".
Калі нябесныя сілы ўбачылі, як Ты, Збавіцелю наш, узыходзіш
цялесна на неба, яны ўсклікнулі: "Вялікае чалавекалюбства Тваё, Уладару!"
Багародзічны: Кустом незгаральным, Гарою і Лесьвіцай
адухоўленаю, і Брамаю нябеснаю дастойна завем Цябе, Марыя слаўная, верных
Пахвала.
Канон 2 (тон 4). Ірмас. На гэтую боскую і пачэсную
ўрачыстасьць Божай Маці, прыйдзіце, усе багамудрыя, пляскайце ў далоні і слаўце
Таго, хто нарадзіўся ад Яе.
Хай хмары льюць нам згары вечную радасьць, бо вось Хрыстос на
хмары, быццам на хэрувімах, да Айца свайго сёньня ўзыходзіць.
Зьявіўшыся ў целе, Ты, Добры Чалавекалюбча, сабраў у адно
разьяднаных, і ўзнёсься на неба ў прысутнасьці вучняў Тваіх.
Слава...: "Чаму чырвоная вопратка ў Таго, хто ўзяў на
сябе цяжар цела?" – сьвятыя анёлы казалі між сабою, убачыўшы Хрыста, які насіў
на сабе знакі сваіх пачэсных і боскіх пакутаў.
Цяпер...: Славім у песьнях, Дзева, Тваё зачацьце, славім
Тваё невыказнае сынараджэньне, якім мы, Чыстая, выбавіліся ад тленнасьці і
злосьці, і ад змрочнае пякельнае няволі.
Катавасія. Ты, Хрысьце Ўладару, нашае ачышчэньне і
збаўленьне, зазьзяў ад Дзевы і, быццам прарока Ёну з нутра марскога зьвера,
вызваліў ад тленнасьці ўвесь заняпалы Адамаў род.
Кандак (тон 6). Споўніўшы справу нашага
збаўленьня і зьяднаўшы зямное з нябесным, Ты ўзьнёсься ў славе, Хрысьце Божа
наш, не адлучыўшыся ад нас, але неразлучна прабываючы з намі і кажучы тым, што
любяць Цябе: "Я з вамі, і ніхто ня зможа нічога супраць вас".
Ікас. Пакінем на зямлі зямныя клопаты, і ўсё, што
стаецца попелам і пылам, і ўздымем на вышыні нашыя вочы, думкі і пачуцьці.
Глянем на браму нябесную, уявім, што мы на Аліўнай гары і ўзіраемся на
Збавіцеля, які ўзносіцца на хмары. Вось Госпад узыходзіць на неба, і ў сваёй
шчодрасьці раздае дары апосталам. Як Айцец сыноў, Ён суцяшае, умацоўвае і
настаўляе іх, і кажа: "Не пакідаю вас саміх: Я з вамі, і ніхто ня зможа нічога
супраць вас".
|