ПЯТНІЦА РАНІЦАЙ
Сядальная песьня 1. Калі Ты, Хрысьце, быў укрыжаваны, мучыцель згінуў і ўся сіла варожая была пераможаная, бо не Ягнё і не чалавек, але Ты сам, Госпадзе, збавіў нас. Слава Табе!
Верш. Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.
Пакланяемся дрэву Крыжа Твайго, Чалавекалюбча, на якім ты, Жыцьцё ўсіх, быў прыбіты, і рай адчыніў, Збавіцелю, разбойніку, які з вераю прыйшоў да Цябе і даў страву, таму хто вызнаў цябе: "Успомні мяне, Госпадзе!" Прымі як яго і нас, якія клічам: "Зграшылі мы ўсе, але Ты ў міласэрнасьці Тваёй не пагардзі намі!"
Слава... цяпер...
Калі бязьвінная Авечка ўбачыла павешанага на дрэве памёрлага Ягнё і Пастыра, Яна з плачам па-матчынаму загаласіла: "Сыне мой, як мне зразумець Тваю невыказную спагадлівасьць і дабравольныя цярпеньні, усядобры Божа?"
Сядальная песьня 2. Некалі дабравернаму цару Канстантыну, дзеля ягонай веры, явіўся Крыж як непераможная зброя ў барацьбе з праціўнікамі. Перад ім дрыжаць варожыя сілы, бо ён – збаўленьне верных і пахвала Паўла.
Верш. Бог – Уладар наш спрадвеку, Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.
Ты, Шчодры, што з пылу стварыў некалі Адама, быў біты тленнаю рукою і цярпеў расьпяцьце, зьнявагі і раны. Вялікі цуд Тваёй доўгацярплівасьці! Слава Тваім жыцьцядайным пакутам, якімі Ты збавіў нас!
Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля.
Усяхвальныя мучанікі апрануліся ў Цябе, Госпадзе: Ты быў іхняй хвалой у іхніх цярпеньнях, іхнім вянцом і ўзнагародаю. Цярпеньнем у муках яны перамаглі беззаконных; і сілаю Божаю атрымалі дапамогу з неба. Малітвамі іх, Божа, вызваль нас ад нябачных ворагаў і збаў нас.
Слава... цяпер...
Калі беззаганная Маці ўбачыла Цябе мёртвага на Крыжы, Яна ўсклікнула: "Сыне мой, спрадвечны Айцу і Духу! Невыказная Твая спагадлівасьць, якою Ты, Шчодры, збавіў творы рук Тваіх.
Вершапесьні
Няспынна славім у песьнях Цябе, як нашага Збавіцеля і Ўладара, што на крыжы быў прыбіты целам і дараваў нам жыцьцё.
Крыжом Тваім, Хрысьце, стаўся адзін статак анёлаў і людзей, і неба і зямля аднадушна цешыцца і ўсклікае: Госпадзе, слава Табе.
Прыйдзіце, усе людзі, усхвалім у песьнях і гімнах духоўных Хрыстовых мучанікаў, сьветачы сусьветныя і прапаведнікаў веры, невычэрпныя крыніцы, з якіх цякуць для верных ацаленьні. Малітвамі іх, Хрысьце Божа наш, дай супакой Твайму сьвету і душам нашым веліч зьмілаваньня Твайго.
Слава... цяпер...
Калі Авечка і ўсебеззаганная Ўладарка ўбачыла на крыжы Ягнё бяз віду і красы, з плачам усклікнула: "Гора мне, дзе падзелася краса Твая, Салодкае дзіця; дзе веліч, дзе сьветласьць аблічча Твайго, Сыне мой наймілейшы? |