Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Нядзеля (Тон 8) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


 

 

Нядзеля (Тон 8) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


НЯДЗЕЛЯ РАНІЦАЙ


Пасьля "Госпад - Бог...":

Трапар уваскросны. Ты зышоў з вышыні, Міласэрны... (Калі няма трапара сьвятому, двойчы)

Далей як на вячэрні.


Сядальныя песьні 1. Ты, Жыцьцё ўсіх, уваскрос з мёртвых, і анёл сьветлы жанчынам сказаў: "Пакіньце плач і апосталам абвясьціце ўваскрасеньне, і засьпявайце голасна, што Госпад Хрыстос уваскрос. Ён, як Бог, захацеў збавіць род людзкі".

Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

Ты сапраўды ўваскрос з магілы і праведным жанчынам загадаў, як напісана, прапаведаваць апосталам уваскрасеньне. Пятро хутка пабег да магілы і, убачыўшы сьвятло ў магіле, жахнуўся. Угледзеўшы пахавальныя палотны бяз Боскага цела, якое там раней ляжала, у страху ўсклікнуў: "Слава Табе, Хрысьце Божа, Зьзяньне Айца, што збаўляеш усіх!"

Слава... цяпер...

Славім у песьнях Дзьверы нябесныя і Ківот, усесьвятую Гару і сьветлую Хмару, нябесную Лесьвіцу, духоўны Рай, Збаўленьне Эвы і вялікі Скарб сусьветны! Ад Яе прыйшло сьвету ўсяму збаўленьне і адпушчэньне старых правінаў. Дзеля гэтага клічам: "Малі Сына Твайго і Бога даць адпушчэньне правінаў тым, што набожна пакланяюцца сьвятому сынараджэньню Твайму!"


Сядальныя песьні 2. Людзі, Збавіцелю, запячаталі магілу Тваю, але анёл адваліў ад уваходу камень; жанчыны, убачыўшы Ўваскрослага з мёртвых, занесьлі вучням у Сыёне добрую вестку, што Ты, Жыцьцё ўсіх, уваскрос і путы сьмерці разарваў. Госпадзе, слава Табе!

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Жанчыны, прынёсшы духмяныя алейкі, пачулі голас анёла: "Пакіньце сьлёзы, перамяніце сум на радасьць і ўсклікніце: Госпад Хрыстос уваскрос, пажадаўшы як Бог збавіць род людзкі!"

Слава... цяпер...

У Табе радуецца, Поўная ласкі, усякае стварэньне – сабор анёлаў і род людзкі, – асьвячоны Хораме і Раю духоўны, Пахвала дзеваў; ад Цябе Бог прыняў цела і стаўся Дзіцяткам, Бог наш спрадвечны. Улоньне Тваё Ён зрабіў пасадам сваім, і нутро Тваё Ён учыніў больш прасторным за неба. У Табе радуецца, Поўная ласкі, усякае стварэньне: слава Табе!


Гіпакоі. Міраносіцы прыйшлі на магілу Жыцьцядаўцы, несьмяротнага Ўладара шукалі сярод мёртвых і, атрымаўшы радасную вестку ад анёла, апосталам абвясьцілі: "Уваскрос Хрыстос Бог, даючы сьвету багацьце зьмілаваньня!"


Узыходныя песьні

Антыфан 1. Ад маладосьці маёй вораг спакушае мяне і паліць пажаданьнямі. Але я, спадзеючыся на Цябе, Госпадзе, перамагаю яго.

Тыя, што ненавідзяць Сыён, будуць, як трава, вырваныя: Хрыстос сьсячэ галовы іх сячэньнем мукаў.

Слава... цяпер...

Сьвятым Духам жыве ўсё: Ён сьвятло ад сьвятла, вялікі Бог. Яго славім у песьнях разам з Айцом і Словам.


Антыфан 2. Хай пакорнае сэрца маё напоўніцца страхам Тваім, каб, узвысіўшыся, не адпасьці ад Цябе, Усядобры.

Той, хто спадзяецца на Госпада, не збаіцца, калі будуць судзіць агнём і пакутамі.

Слава... цяпер...

Кожны, хто Божы, Сьвятым Духам бачыць і прадказвае рэчы, якія маюць быць, і чыніць цуды вышэйшыя, славячы ў песьнях адзінага ў Тройцы Бога: бо ў Боства хоць патройнае зьзяньне, але адзіная ўлада.


Антыфан 3. Цябе клічу, Госпадзе, пачуй мяне, прыхілі вуха Тваё да поклічу майго і ачысьці мяне, перш чым забраць мяне адсюль!

Сапраўды кожны вяртаецца да маці-зямлі і зьнікае там, каб атрымаць кару ці ўзнагароду за сваё жыцьцё.

Слава... цяпер...

Праз Духа Сьвятога Бог гаворыць, Трохадзіны сьвяты: Айцец спрадвечны, ад якога нарадзіўся Сын перад вякамі, і Дух роўнапасадны, роўнападобны, які ад Айца зазьзяў.


Антыфан 4. Што лепшае, што больш прыгожае, як жыць братом у згодзе: такім Госпад абяцаў жыцьцё вечнае.

Той, хто апранае ў красу травы польныя, загадвае нам не клапаціцца аб вопратцы сваёй.

Слава... цяпер...

Сьвяты Дух – прычына ўсяго, што існуе, Ён усё ўтрымлівае ў суладзьдзі, Ён Бог, адзінасутны і адзінаўладны з Айцом і Сынам.


Пракімен. Бог – Уладар на ўсе вякі, Бог твой, Сыёне, з роду ў род.

Верш. Хвалі, душа мая, Госпада! Буду славіць Бога майго, пакуль буду жыць.


Канон уваскросны


Песьня 1. Ірмас. Фараона з калясьніцамі Майсей разьбіў цудатворным жэзлам, ударыўшы ім накрыж мора, якое расступілася, і выбавіў Ізраіля, што пехатою ўцякаў, сьпяваючы песьню Богу.

Як нам не дзівіцца ўсемагутнаму Хрыстоваму Боству? Ад мукаў Ягоных пацякло збаўленьне і нятленнасьць, з боку Ягонага – крыніца несьмяротнасьці, а з магілы – жыцьцё вечнае.

Дзівосны анёл зьявіўся сёньня жанчынам у зьзяньні прыроднае духоўнае чысьціні, выглядам сваім аб'яўляючы сьвятло ўваскрасеньня і ўсклікаючы: "Госпад уваскрос!"

Багародзічны. Слаўныя рэчы гавораць аб Табе ва ўсіх пакаленьнях, бо Ты ўмясьціла ва ўлоньні сваім Бога-Слова, застаўшыся чыстаю, Багародзіца Марыя. Дзеля гэтага мы ўсе шануем Цябе, бо пасьля Бога Ты – Заступніца нашая.


Песьня 3. Ірмас. Хрысьце, што спачатку неба розумам заснаваў і зямлю над водамі ўсталяваў, умацуй мяне на камені запаветаў Тваіх, бо ніхто не сьвяты, апроч Цябе, адзіны Чалавекалюбча.

Тваімі збавеннымі мукамі, Хрысьце, Ты апраўдаў Адама, які быў асуджаны за грэх. Ты ж сам, Бязгрэшны, быў бязьвінна асуджаны на сьмерць.

Сьвятло ўваскрасеньня зазьзяла тым, што сядзелі ў цемры і ценю сьмерці: Бог мой Ісус боствам сваім моцнага ворага зьвязаў і разбурыў усё ягонае багацьце.

Багародзічны. Ты вышэйшая за хэрувімаў і сэрафімаў, Багародзіца, бо Ты, Усебеззаганная, – адзіная, што зьмясьціла ва ўлоньні Тваім незьмяшчальнага Бога. Дзеля гэтага мы, верныя, Цябе, Усячыстая, у песьнях узьвялічваем.


Песьня 4. Ірмас. Ты маё ўмацаваньне, Госпадзе, Ты мая сіла, Ты мой Бог, Ты мая радасьць! Не пакінуўшы ўлоньня Айца, Ты наведаў нашае ўбоства. Дзеля гэтага разам з прарокам Авакумам клічу: "Слава сіле Тваёй, Чалавекалюбча!"

Ты палюбіў мяне, калі я яшчэ быў ворагам. Ты зышоў на зямлю, дзівосна спустошыў сябе, добрасардэчны Збавіцелю, і не адкінуў мяне дзеля мае пыхі, але, зьняслаўленага, праславіў, узьняўшы на вышыню ўсячыстае Твае славы

Хто, Уладару, не жахнецца, убачыўшы сьмерць, разбураную цярпеньнямі? Калі Ты быў укрыжаваны, Ты Крыжом змусіў тленнасьць да ўцёкаў; памёршы, Ты Боскай сілаю Тваёю пазбавіў пекла ягонае ўлады. Дзіўны цуд Ты ўчыніў, Чалавекалюбча!

Багародзічны. Ты, Дзева – Пахвала верных, Заступніца, Сьцяна і Прытулак хрысьціянаў. Ты, Усебеззаганная, прыносіш нашыя малітвы да Сына Твайго і збаўляеш ад бедаў тых, што з вераю і любоўю вызнаюць Цябе як Чыстую Багародзіцу.


Песьня 5. Ірмас. Чаму, незаходнае Сьвятло, адкінуў Ты мяне ад Твару Твайго? Цемра варожая пакрыла мяне, няшчаснага. Але Ты навярні мяне і да сьвятла запаветаў Тваіх накіруй шлях мой, малюся.

Апрануты перад мукамі на зьдзек у пурпуру, Ты, Збавіцелю, пакрыў агідную галізну першастворанага; прыбіты голы целам да Крыжа, Ты зьняў вопратку ўмярцьвленьня.

З пылу тленнага Ты, Хрысьце, уваскросшы, узьняў маю заняпалую прыроду і ўчыніў яе несьмяротнаю, явіўшы ў ёй ізноў царскі вобраз, што зьзяе непрамінальным жыцьцём.

Багародзічны. Маючы матчыную сьмеласьць у Сына Твайго, Усячыстая, не адымі ад нас Твае апекі, молімся! Цябе адзіную мы, хрысьціяне, Уладару прадстаўляем, як міласьцівую хадайніцу за нашае ачышчэньне.


Песьня 6. Ірмас. Ачысьці мяне, Збавіцелю, бо шматлікія беззаконьні мае, і з глыбіні зла ўздымі мяне, малюся! Цябе клічу, пачуй мяне, Божа збаўленьня майго!

Дрэвам князь зла паваліў мяне на зямлю; Ты ж, Хрысьце, узьняўшыся на Крыжы, моцнага ворага перамог і пасароміў, а мяне, які ўпаў, уваскрасіў.

Зьлітаваўся над Сыёнам Ты, што ўваскрос з магілы, і ў Тваёй добрыні стварыў Боскай крывёю Тваёй новае на месцы старога. І цяпер пануеш, Хрысьце, праз усе вякі.

Багародзічны. Дай, каб нам выбавіцца ад лютых правінаў малітвамі Тваімі, Чыстая Маці Божая, і каб нам аглядаць Боскае зьзяньне Сына Божага, які невыказна прыняў цела ад Цябе.


Кандак. Ты, устаўшы з магілы, узьняў памёрлых з сабою і Адама ўваскрасіў; Эва цешыцца аб Тваім уваскрасеньні, і ўсе канцы сьвету радасна сьвяткуюць Тваё, Шматміласэрны, з мёртвых устаньне.

Ікас. Ты паланіў пякельнае валадарства, і мёртвых уваскрасіў, Доўгацярплівы; сустрэўшы жанчынаў міраносіцаў, Ты, Збавіцелю мой і Жыцьцядаўча, іхні плач на радасьць перамяніў, і апосталам абвясьціў перамогу. Ты, Чалавекалюбча, прасьвятляеш усё стварэньне. Дзеля гэтага сьвет радуеццца Твайму, Шматміласэрны, з мёртвых устаньню.


Песьня 7. Ірмас. Боскім зыходам агонь суняўся ў Бабілёне, і юнакі ў печы, быццам на зялёным лузе, весела скакалі і пяялі: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Слаўнае спусташэньне, Боскае багацьце Твайго ўбоства, Хрысьце, зьдзівіла анёлаў, калі ўбачылі Цябе прыбітага да Крыжа, каб збавіць тых, што з вераю клічуць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Боскім Тваім зыходам Ты падзем'е напоўніў сьвятлом, і цемра пагрозьлівая была разьвеяная, і ўсе спрадвеку памёрлыя ўсталі, усклікнуўшы: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Траечны. Адзінага Госпада, з адзінародным Сынам Айца, і адзінага Духа праведнага, які ад Айца паходзіць, адзінасутнага з Ім і ўсюдыпрысутнага, вызнаем і бласлаўляем.


Песьня 8. Ірмас. Люты мучыцель хальдэйскі распаліў у сем разоў печ для набожных юнакоў, але, убачыўшы, як яны былі збаўленыя Вышэйшаю сілай, усклікнуў Творцу і Збавіцелю: "Юнакі, блаславіце; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!"

Сіла Ісусавай Боскасьці зазьзяла нам у дзівосны спосаб: пакаштаваўшы целам крыжовае сьмерці за нас, Ён разбурыў сілу пякельную. Дык бласлаўляйце Яго няспынна, юнакі; сьвятары, слаўце ў песьнях, людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!

Той, хто быў укрыжаваны, устаў, а горды ўпаў; той, хто раней упаў і быў упакораны, паўстаў у першаснай годнасьці; тленнасьць была адмененая, нятленнасьць заквітнела, жыцьцё – паглынула сьмерць. Дзеля гэтага, юнакі, блаславіце; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!

Траечны. Тройчы сьвятое Боства, адзіную сьветлую заранку ад адзінай існасьці ў трох асобах, Айца спрадвечнага, і адзінае прыродаю з Айцом Слова, і адзінасутнага і роўнаўладнага Духа, блаславіце, юнакі; сьвятары, слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!


Песьня 9. Ірмас. Неба жахнулася, усе канцы зямлі дзіву даліся: Бог зьявіўся людзям у целе, і ўлоньне Тваё сталася больш прасторным за нябёсы. Дзеля гэтага Цябе, Багародзіца, хоры анёлаў і людзей узьвялічваюць.

Будучы простым Боскаю і вечнаю прыродаю, Ты, Слова Божае, стаўся складаным, прыняўшы цела. Пацярпеўшы як чалавек, Ты застаўся як Бог непадуладным цярпеньням. Таму і славім Цябе, непадзельнага ў дзьвюх нязьлітных прыродах.

Ты, Усявышні, што назваў Бога Айцом Тваім паводле Боскай прыроды, успрыняў нашую прыроду, стаўся чалавекам і пажыў разам са слугамі сваімі. Уваскрасеньнем Тваім Ты даў ласку нам, што нарадзіліся на зямлі, называць Айцом Таго, хто па прыродзе зьяўляецца Богам і Ўладаром. З Ім разам Цябе ўзьвялічваем.

Багародзічны. Ты, Дзева, сталася Божаю Маці, нарадзіўшы надпрыродна ў целе Бога-Слова, якога ўсядобры Айцец з сэрца свайго вымавіў раней за ўсе вякі, і якога мы сёньня ведаем, як Вышэйшага за ўсякае цела, хоць Ён і апрануўся ў яго.


Пахвальныя псалмы

Верш. Каб споўніць над імі прысуд, напісаны на хвалу ўсім сьвятым Яго.

Ты, Госпадзе, стаў на судзе Пілата, не пакінуўшы пасаду, дзе сядзіш разам з Айцом. Уваскросшы з мёртвых, Ты выбавіў сьвет ад варожае няволі, як Добры і Чалавекалюбец.

Верш. Хваліце Госпада ў сьвятых Яго; хваліце Яго ў велічы непахіснай сілы Яго.

Ты, Госпадзе, даў нам Крыж Твой зброяю супраць д'ябла, які дрыжыць і трасецца, ня ў змозе глядзець на ягоную сілу, бо ім Ты памёрлых узьнёс і сьмерць перамог. Дзеля гэтага пакланяемся Твайму пахаваньню і ўваскрасеньню.

Верш. Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.

Госпадзе, хоць Цябе, як мёртвага, гэбрэі паклалі ў магілу, і вартаўнікі сьцераглі, быццам цара ў сьне; і хоць, як скарб, Цябе апячаталі, Ты ўваскрос і даў нятленнасьць душам нашым.

Верш. Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце Яго на ліры і гусьлях.

Анёл Твой, Госпадзе, вястун уваскрасеньня, жахам напоўніў вартаўнікоў, а да жанчынаў прамовіў: "Чаго шукаеце Жывога сярод мёртвых? Ён уваскрос як Бог і даў жыцьцё сьвету!"

Верш. Хваліце Яго звонам бубнаў і карагодамі, хваліце яго на струнах і жалейках.

Хоць Ты, Хрысьце Божа, як Бог непадуладны цярпеньням, Ты пацярпеў на крыжы і прыняў трохдзённае пахаваньне, каб вызваліць нас ад варожае няволі. Ажывіўшы нас Тваім уваскрасеньнем, Ты, Чалавекалюбча, даў нам несьмяротнасьць.

Верш. Хваліце яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Пакланяюся і слаўлю ў песьнях Тваё, Хрысьце, уваскрасеньне з магілы, якім Ты вызваліў мяне ад цяжкіх пякельных путаў і, як Бог, даў сьвету вечнае жыцьцё і веліч зьмілаваньня.

Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

Злачынцы сьцераглі Тваю жыцьцядайную магілу, запячатаўшы яе і паставіўшы варту. Але Ты, як несьмяротны і ўсемагутны Бог, уваскрос на трэці дзень.

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Калі Ты, Госпадзе, прыйшоў да пякельных варотаў і зьнішчыў іх, турэмшчык закрычаў: "Хто гэта, што, непадуладны прысуду на зьняволеньне ў нетрах зямлі, зьнішчыў сьмяротную вязьніцу? Я прыняў Яго як мёртвага, але дрыжу перад Ім, як перад Богам". Усемагутны Збавіцелю, зьмілуйся над намі!

Слава...: Радавая евангельская сьціхіра.

Цяпер...: Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева...


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст