Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Нядзеля (Тон 8) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


 

 

Нядзеля (Тон 8) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


СУБОТА ЎВЕЧАРЫ

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Вячэрнюю песьню і духоўную службу прыносім Табе, Хрысьце, бо Ты ў дабрыні Тваёй дараваў нам зьмілаваньне ўваскрасеньнем.

Госпадзе, Госпадзе, не адкінь нас ад твару Твайго, але ў дабрыні Тваёй даруй нам зьмілаваньне ўваскрасеньнем.

Радуйся, Сыёне сьвяты, маці ўсіх цэркваў, Божае жытло, бо ты першы атрымаў адпушчэньне грахоў уваскрасеньнем.

Слова, народжанае спрадвеку ад Бога Айца, у апошні час прыняло цела ад Тое, што мужа ня знала, і, сьмерць пацярпеўшы на крыжы, выбавіла памёрлага раней чалавека ўваскрасеньнем сваім.

Славім Тваё, Хрысьце, уваскрасеньне з мёртвых, якім Ты вызваліў Адамавы род ад пякельных мукаў і як Бог дараваў сьвету вечнае жыцьцё і багацьце Твайго зьмілаваньня.

Слава Табе, Хрысьце Спасе, Сыне Божы адзінародны, што быў прыбіты да крыжа і ўваскрос на трэці дзень!

Славім Цябе, Госпадзе, што дабравольна дзеля нас на крыжы пацярпеў, і пакланяемся Табе, усемагутны Спасе. Не адкінь нас ад Твару Твайго, але пачуй нас і збаў уваскрасеньнем Тваім, Чалавекалюбча!

Дагматык. Уладар нябесны дзеля любові да людзей на зямлі зьявіўся і з людзямі пажыў. Ён прыняў цела ад Чыстае Дзевы і, выйшаўшы з Ейнага ўлоньня, стаўся чалавекам. Ён Сын адзіны, двайны прыродаю, але не асобаю. Дзеля гэтага мы праўдзіва прапаведуем і вызнаем Хрыста Бога нашага як дасканалага Бога і дасканалага чалавека. Малі Яго, Дзева Маці, даць зьмілаваньне душам нашым.


Вершапесьні

Ты ўзышоў на крыж, Ісусе, зышоўшы з нябёсаў; Ты прыйшоў на сьмерць, Жыцьцё несьмяротнае. Для тых, што ў цемры, Ты стаўся праўдзівым сьвятлом; для тых, што ўпалі, Ты ўваскрасеньне і прасьвятленьне. Збавіцелю наш, слава Табе!

Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.

Усхвалім у песьнях Хрыста, які ўваскрос з мёртвых. Прыняўшы душу і цела, Ён разлучыў іх падчас пакутаў. Ён зыйшоў сваёй пачэснай душой у пекла і паланіў яго, і ў магіле ня ўбачыла тленнасьці сьвятое цела Збаўцы душаў нашых.

Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

У псалмах і песьнях славім Тваё, Хрысьце, уваскрасеньне з мёртвых, якім Ты вызваліў нас ад пякельных мукаў і, як Бог, дараваў нам вечнае жыцьцё і багацьце Твайго зьмілаваньня.

Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.

Уладару ўсіх недасяжны, Творча неба і зямлі, Ты, на крыжы пацярпеўшы, мяне ад мукаў вызваліў; пахаваны, Ты ўваскрос у славе і ўсемагутнай рукою Адама ўваскрасіў. Слава Твайму трохдзённаму ўваскрасеньню, якім Ты дараваў нам вечнае жыцьцё і ачышчэньне грахоў, адзіны Чалавекалюбча!

Багародзічны. Чыстая Дзева, што Бога ў целе невыказна зачала, Маці Бога ўсявышняга, прымі маленьні слуг Тваіх, Усячыстая, дай ачышчэньне ад правінаў і, выслухаўшы малітвы слугаў Тваіх, маліся за збаўленьне душаў нашых.


Адпушчальны трапар

Уваскросны. Ты зышоў з вышыні, Міласэрны, пахаваньне прыняў трохдзённае, каб нас вызваліць ад цярпеньняў. Жыцьцё нашае і ўваскрасеньне, Госпадзе, слава Табе!


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст