|
|
|
|

|
|

|
|
|
| Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша |
РАЗДЗЕЛ 12
1. Таго часу прайходзіў Езус паміж збожжа ў сыботу, а вучні ягоныя, будучы галоднымі, пачалі зрываць ды есьці каласы. 2. Фарызэі-ж, угледзеўшы гэта, сказалі яму: Вось вучні твае робяць, чаго ня можна рабіць у сыботу. 3. Але ён адказаў ім: Ці вы ня чыталі, што зрабіў Давід, як захацеў есьці і тыя, што былі з ім? 4. Як ён увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці ані яму, ані тым, што з ім былі, а толькі адным сьвятаром? 5. Або ці вы ня чыталі ў законе, што ў сыботы святары ў святыні ломяць сабат і астаюцца бяз віны? 6. А я вам кажу, што тут ёсьць большы за сьвятыню. 7. І калі-б вы ведалі, што значыць: "Міласэрдзя хачу, а не ахвяры" (Оз. 6, 6) дык ніколі не асудзілі-б бязьвінных. 8. Бо Сын чалавечы ёсьць Усеваладарам і суботы. 9. А адыйшоўшы адтуль, прыйшоў у іхнюю бажніцу. 10. І вось быў там чалавек, які меў сухую руку, дык выпытваліся яго: "Ці можна ў сыботу аздараўляць?" каб абвінаваціць яго. 11. А ён сказаў ім: Ці ёсьць спаміж вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, ня ўзяў-бы ды ня выцягнуў-бы яе, калі-б яна ў сыботу ўвалілася ў яму? 12. Наколькі-ж вартасьнейшы чалавек за авечку? Таму-то "можна рабіць дабро і ў сыботы. 13. Тады кажа чалавеку: Выцягні руку тваю! Той выцягнуў — і стала яна здарова, як і другая. 14. А фарызэі, выйшаўшы, змаўляліся, як-бы яго згубіць. 15. Адыж Езус, ведаючы, адыйшоў адтуль, і пайшлі за ім многія і аздаравіў усіх. 16. Ды загадаў ім, каб ня выяўлялі яго; 17. каб споўнілася тое, што было сказана праз Ізаю прарока (42, 1-4), які кажа: 18. "Вось слуга мой, якога я выбраў; улюбёны мой, якога вельмі спадабала душа мая. Узлажу на яго духа майго і будзе абвяшчаць суд народам 19. Ня будзе спрачацца і ня будзе крычаць ды ніхто не пачуе на вуліцах голасу ягонага. 20. Трысьціны надломленае не пераломіць і пакульля тлеючага не загасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі. 21. І на імя яго спадзявацімуцца народы". 22. Тады прывялі да яго чалавека, што меў дзябальства, ды быў сьляпым і нямым, і аздаравіў яго, так што гаварыў і відзеў. 23. І стаўпянелі ад дзіва ўсе людзі ды казалі: Ці гэта ня сын Давіда? 24. А фарызэі, пачуўшы, сказалі: Ён нячысьцікаў выганяе ня йнакш, як праз Бэльзэбуба, дзябальскага князя. 25. Адыж Езус, ведаючы іхнія думкі, сказаў ім: Усякае валадарства, падзелена супроць сябе, апусцее, і ўсякі горад або дом, раздзяліўшыся проціў сябе, ня устоіць. 26. А калі нячысьцік нячысьціка выганяе, то ён падзелены супроць сябе дык як тады астоіцца валадарства ягонае? 27. І калі я праз Бэльзэбуба выганяю нячысьцікаў, то вашыя сыны чыёю сілаю выганяуюць? Таму-то яны будуць вам судзьдзямі. 28. Але калі я Духам Божым дзяблаў выганяю, то, значыцца, прыйшло на вас валадарства Божае. 29. Або як можа хто увайсьці ў дом волата й разграбіць яго снадзіва, не звязаўшы перш волата? І тады апустошыць дом ягоны. 30. Хто не са мною, той проці мяне, і хто ня збірае са мною, растрачвае. 31. Дзеля таго кажу вам: Усякі грэх і ганбаванне будзе людзям адпушчана, адыж ганбаванне проці Духа не даруецца. 32. І хто-б сказаў слова на Сына чалавечага, будзе яму адпушчана, але хто-б сказаў супроць Духа Святога, ня будзе яму адпушчана, ані ў гэтым веку, ані ў будучым. 33. Або прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым, або прызнайце дрэва благім, і плод яго благім, бо-ж дрэва пазнаецца з плоду. 34. Родзе гадавы! як вы можаце гаварыць бо добрае, калі вы благія? З паўнаты сэрца вусны гавораць. 35. Добры чалавек з добрага скарбу выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое. 36. Кажу-ж вам, з кожнага пустога слова, якое вымавяць людзі, дадуць адказнасьць у судны дзень. 37. Бо са слоў сваіх ты будзеш апраўданы і са слоў сваіх будзеш асуджаны. 38. Тады некаторыя з кніжнікаў і фарызэяў адазваліся, кажучы: Вучыцель, хацелася-б нам ад цябе знак убачыць. 39. Ён-жа ў адказ ім гавора: Род крывадушны й чужаложны знаку шукае, адыж знак ему ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока. 40. Бо як Ёна быў у нутры рыбы тры дні і тры ночы, гэтак будзе Сын чалавечы ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. 41. Мужы Нінівійскія стануць на судзе з гэтым родам і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навукі Ёны, а вось тут большы за Ёну. 42. Каралева з паўдня стане на судзе з гэтым родам і асудзіць яго, яна бо прыйшла з крайсьвету, каб паслухаць Салямонавай мудрасьці, а вось тут большы за Салямона. 43. А калі дух нячысты выйдзе з чалавека, блукаецца па бязводных мясцох, шукаючы супачынку, і не знайходзіць. 44. Тады кажа: "Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў". І, прыйшоўшы, знайходзіць яго незанятым, вымеценым і прыбраным. 45. Тады йдзе і бярэ з сабою сем другіх духаў, горшых за сябе, і, ўвайшоўшы, жывуць там і бываюць апошнія справы таго чалавека горш першых. Гэтак будзе і з гэтым ліхім родам. 46. Калі ён яшчэ прамаўляў да грамады, вось маці ягона й браты стаялі на дварэ, хочучы з ім гутарыць. 47. І нехта сказаў яму: Вось маці твая й браты твае стаяць вонках, шукаючы цябе. 48. Ён-жа ў адказ таму, што гаварыў да яго, кажа: Хто-ж мая матка і хто мае браты? 49. І, паказваючы рукою на вучняў сваіх, сказаў: Во маці мая і браты мае. 50. Бо хто-б спаўняў волю Айца майго, каторы ёсьць у небе, той мне брат, і сястра, і матка. |
|
|
|
|
|

|
|

|
|
|
|
|